Цыганкоў: «Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалавек – гэта не зусім тое, што мы чакалі»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў – пра вызваленне групы палітвязняў 16 верасня.

– Будзем шчырымі. Пры ўсёй радасьці ад вызваленьня 25 чалавек – гэта не зусім тое, што мы чакалі, – піша Цыганкоў. – Лукашэнка яўна ўпёрся і даў зразумець, што далей за проста так адпускаць свой галоўны актыў (закладнікаў) не зьбіраецца, і хоча большага.

Ужо ўчора ўвечары ў эфіры Белсата я казаў, што мяне ўразіла, як Лукашэнка пачаў перамовы – даволі агрэсіўна разважаючы пра тое, што ў Беларусі няма палітвязьняў і хай ніхто не заяўляе, што ў нас ёсьць рэпрэсіі. Казаў гэта публічна, перад тэлекамэры, добра разумеючы, што ягоныя словы будуць шырока распаўсюджаныя.

Такая рыторыка для Лукашэнкі, вядома, не новая. Ён неаднаразова паўтараў гэта ў сваіх выступах, аднак – разьлічаных найперш на ўнутраную прапагандысцкую аўдыторыю. Але я не заўважаў, каб раней падчас перамоваў з амэрыканскай дэлегацыяй ён настолькі рэзка і катэгарычна выказваўся на гэты конт у самым пачатку размовы – яшчэ перад тым, каб даць слова амэрыканцам.

Наадварот, раней складвалася ўражаньне, што падчас кантактаў з прадстаўнікамі ЗША Лукашэнка быў больш асьцярожным, нават спрабаваў пэўным чынам ім падыгрываць, нават трошкі «заісківаць». Цяпер жа ён ад самага пачатку вырашыў задаць іншы тон – даволі крытычны і не асабліва дружалюбны.

Выйшла так, што мае гэтыя ўражаньні і перасьцярогі спраўдзіліся. 25 вызваленых чалавек – зусім ня тое, што хацелі мы і што абвяшчаў сам спадар Коўл. Нават пасьля іх вызваленьне палітвязьняў зараз усё яшчэ больш чым было ў сакавіку.

Лукашэнка яшчэ ў пятніцу «падсьцілаў сабе саломку», заяўляючы, што ня трэба чакаць «вялікай угоды», можам рабіць і маленькія. Напэўна, ужо разумеючы, і рыхтуючы іншых, што ніякай вялікай угоды не будзе і што перамовы скончацца даволі сьціплым вынікам.

Больш за тое, выглядае, што Лукашэнка хацеў зрабіць пэўны «шчаўчок па носе» амэрыканцам. Маўляў, хопіць Лакокраскі ўсялякія нам дараваць – давайце нешта больш сур’ёзнае.

Выглядае, што зараз «беларуска-амэрыканскі трэк» апынуўся на пэўным раздарожжы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)