Неабыякавыя

Алеся Матусевіч

Генадзь Коршунаў: «Па вялікім рахунку, ім усё адно на тое, што думае грамадства»

Чаму сацыпытанне — справа добраахвотная, у чым могуць быць мэты прымусовага зборру звестак і наколькі маніпуляцыі скажаюць статыстыку, «Салідарнасць» амберкавала з заснавальнікам Беларускай сацыялагічнай групы Генадзем Коршунавым.

Напачатку кастрычніка ў беларускіх ВНУ зладзілі анкетаванне студэнтак: у вельмі сціслы тэрмін, пад кантролем і прымусам куратараў і са зборам асабістых звестак, ад нумароў тэлефонаў да акаўнтаў у сацсетках. У форме было ўказана, што звесткі збіраюць нібыта для «фарміравання партрэта сучаснай беларускай дзяўчыны».

Але ёсць падставы сумнявацца.

Што не так з «дзявочымі анкетамі»

Фота: lookby.media

— Выбаркі для даследаванняў могуць будавацца па-рознаму, — зазначае аналітык Генадзь Коршунаў. — А вось пытанне добраахвотнасці — першаснае і базавае. Без гэтага ніякае нармалёвае даследаванне не праводзіцца.

Хоць і складана тут чакаць іншага ад улады, дадае ён, для якой беларусы — не грамадзяне, а «насельніцтва»:

— Розніца ў падыходзе выразная, бо людзі — не тыя, хто нешта вырашае, а пэўны рэсурс. Таму нават калі ўлады нешта спрабуюць выставіць як клопат пра людзей, праз іхнія паводзіны робіцца бачна, што гэта не пра людзей і не для людзей, а для вырашэння нейкіх сваіх задач.

У прыватнасці, як у дадзеным выпадку — праблемы з дэмаграфіяй. Думаюць не аб тым, як стымуляваць, дапамагчы, палегчыць жыццё, а, даруйце за цынізм, як прымусіць насельніцтва разводзіцца, расплоджвацца.

Анкетаванне, якое зладзілі ў ВНУ, скіраванае выключна на разуменне студэнцкай аўдыторыі, зазначае Генадзь Коршунаў. Бо калі казаць пра моладзь агулам, выбарку трэба было канструяваць значна шырэйшай, апытваць і старэйшых школьнікаў (з дазволу бацькоў) і  працоўную моладзь і г.д.

Другі момант — збор асабістых звестак. Тэарэтычна можна было б вывучыць, адкуль маладыя беларускі бяруць інфармацыю, якія сацсеткі найбольш папулярныя, і на гэтым будаваць адпаведную інфармацыйную палітыку. Але ў студэнтак запыталі канкрэтныя спасылкі на акаўнты (і нават нумары тэлефонаў) — і гэта выклікае пэўныя засцярогі.

Суразмоўца «Салідарнасці» падкрэслівае:

— У нармалёвым сацыялагічным апытанні, якое мае навуковыя мэты, ніколі не збіраецца асабістая інфармацыя. Ніякіх прозвішчаў, імёнаў, адрасоў, акаўнтаў. Бо даследчыкі працуюць з групамі, а не з людзьмі: мужчыны/жанчыны, з вышэйшай адукацыяй/з сярэдняй, і гэтак далей. А будзе гэта Сідаровіч ці Нікіфарэнка, абсалютна без розніцы.

Таму збор асабістай інфармацыі, да таго ж прымусовы — безумоўна, не сацыялагічнае даследаванне, а нешта зусім іншае.

Нікому нельга верыць?

Цяпер усё цяжэй збіраць інфармацыю пра настроі ў краіне, незалежныя сацыёлагі заўжды кажуць пра фактар страху. Але ўнутры Беларусі ён падаецца яшчэ больш актуальным.

Вераснёўскае «рэспубліканскае даследаванне», паводле якога большасць беларусаў усім задаволеныя, шчаслівыя і не хочуць з’язджаць, выглядае больш прапагандай, чым сацыялогіяй. А ўжо як нам маштабна хлусілі падчас эпідэміі каранавірусу, не ўспомніць толькі лянівы. І ўзнікае пытанне, якой наогул афіцыйнай статыстцы з Беларусі можна давяраць?

— Калі працуюць прафесіяналы і бяруць да аналізу не адно нейкае пытанне, а комплекс — такой інфармацыі з асцярожнасцю можна верыць.

Патлумачу, што я маю на ўвазе. Любое даследаванне, сацыялагічнае, паліталагічнае, псіхалагічнае, будуе мадэль. Яна ў кожным разе мае люфт з рэчаіснасцю, агрубляе яе. Таму звычайна ставіцца памылка верагоднаснай выбаркі, апісваюцца абмежаванні.

Калі гаворка пра даследаванні ў Беларусі — мадэль становіцца больш грубай, менш дэталёвай, бо дэталі мы не можам запытваць праз пагрозы бяспекі. У анлайн-апытаннях шмат якія правайдэры нават адмаўляюцца дадаваць «палітычныя» пытанні.

На жаль, мы не можам цяпер спытаць наўпрост: падтрымліваеце вы курс Лукашэнкі ці не? Дакладней, тэарэтычна можам. Аднак вельмі высокая імавернасць таго, што адказваць людзі будуць не тое, што думаюць папраўдзе.

Гэта, удакладняе Генадзь Коршунаў, не выключна беларускі выпадак. Нават у краінах, дзе сітуацыя спакойная, людзі звычайна арыентуюцца на меркаванне большасці. Канцэпцыю «спіралі маўчання», у якой чалавек хутчэй прамаўчыць, калі будзе лічыць сябе меншасцю, ці прымкне да большасці, нямецкая сацыёлаг Элізабет Ноэль-Нойман апісала яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

— У нашым выпадку сітуацыя ўскладняецца праз той бізун, які вісіць над каркам кожнага, — дадае аналітык. — Але ж шэраг высноў пра тое, як рэальна ідуць справы, можна зрабіць па ўскосных пытаннях. Прыкладам, ці ашчадзілі вы грошы за мінулы год, ці плануеце сваё жыццё на месяц, на год, на пяць — альбо жывяце адным днём. І на атрыманых звестках магчыма будаваць даволі пэўную карціну жыцця ў краіне.

Падсумоўваючы — трэба глядзець на рэпутацыю арганізацыі, што ладзіць даследаванне, і на самі звесткі, як яны пададзены. Бо калі людзі хочуць падмануць, выкарыстоўваючы сацыялагічныя даныя, то даюць толькі адну лічбу. А трэба ведаць, як было сфармулявана пытанне, якія даваліся варыянты адказаў, ад чаго лічыліся адсоткі.

Свежы прыклад

Дарэчы, «Салідарнасць» знайшла свежы прыклад такой маніпуляцыі. Дзяржмедыя Беларусі ў верасні навыперадкі паведамілі: «Больш як 98% беларусаў не хацелі б выязджаць на ПМЖ за мяжу».

Але пытанне гучала інакш: «Ці хацелі б вы выехаць за мяжу?». 0,2% не далі адказу. 1,7% — адказалі, што хацелі б з’ехаць на ПМЖ. 5,9% хацелі б выехаць на вучобу, 6,2% — з мэтай часовай працы, 48,6% — як турысты ці наведаць родных. У 48,1% планаў выехаць за мяжу няма.

Фота: скрыншот БЕЛТА

Аднак адсюль не вынікае, што 98% беларусаў нікуды не паедуць. І простая матэтатыка тут не працуе, бо ў адказах змяшаныя жаданні, прыярытэтныя мэты, планы і, мяркуючы па лічбах, некалькі варыянтаў развіцця падзей. Але ж «пераважная большасць беларусаў не хочуць ехаць у замежжа на ПМЖ» — гучыць важка, праўда?

Каму пяе фальшывая пласцінка

Падавалася б, адэкватная сацыялогія патрэбная для эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, бо дае сувязь з грамадствам, дапамагае ладзіць рэформы, паказвае хібы і дасягненні. Аднак калі лічбы падтасоўваюць ці проста малююць — ці не шкодзяць вінцікі сістэмы ёй самой?

— Гэта вельмі цяжка ўцяміць, але — нават у дарэвалюцыйны час уладам Беларусі, па вялікім рахунку, было ўсё адно на тое, што думае грамадства. І цяпер ім насамрэч без розніцы, — гаворыць Генадзь Коршунаў. — Ёсць некалькі нібыта сацыялагічных арганізацый, якія нешта робяць і якія час ад часу выкарыстоўваюць у прапагандысцкіх мэтах.

Аднак я на 98% упэўнены, што ніводны беларускі чыноўнік не глядзіць на звесткі сацапытанняў, рыхтуючы той ці іншы дакумент, законапраект або рашэнне. У гэта, паўтаруся, складана паверыць. Таму што ва ўсім свеце чынавенства глядзіць на грамадскую думку. Але ў Беларусі такога няма.

Інакш у краіне быў бы не адзін Інстытут сацыялогіі НАН РБ, а 5-7-10 арганізацый, якія ладзяць даследаванні і выкарыстоўваюць розную метадалогію, каб гэтыя звесткі можна было параўноўваць і маніторыць грамадскую думку.

— То-бок, няма не тое што «двайной бухгалтэрыі»,  у якой сапраўдныя лічбы недзе схаваныя, а яны наогул не патрэбныя, можна проста складаць планы, як захочацца, і патрабаваць іх выканання?

— Амаль цалкам перакананы, што гэта так. Сувязі з грамадствам, што робіць сярод іншага сацыялогія, у беларускай сітуацыі замяняюць даклады і звесткі ад сілавікоў. Нармальнай сістэмы сувязі паміж уладай і грамадствам фактычна няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)