Руселік: «На Аршаншчыне — лясны суд, у Белавескай пушчы — бабры-мянты. Як той казаў, усё для дзяцей!»

Вонкавая хаатычнасьць цяперашніх рэпрэсіяў у Беларусі насамрэч мае вельмі дакладную задачу — пазбавіць пачуцьця бясьпекі абсалютна кожнага і кожную ў краіне, піша Валер Руселік на budzma.org.

Гэта як было ў часе сталінізму: хоць ты ўвесь час трымай рот на замку, анікуды ня лезь і нічога не рабі — гарантыі таго, што ўначы «варанок» ня спыніцца насупраць твайго дома, няма. Фантасмагарычнасьці цяперашнім беларускім рэаліям дадае й несупынная мілітарызацыя, а зь ёю і міліцыізацыя краіны.

Як, аднак, знайсьці на Радзіме магчымасьці пачувацца ў бясьпецы?

Жыць спакойна, каб не было вайны і каб бандыты па вуліцах ня бегалі — гэткаесама натуральнае жаданьне для ўсіх нас, як і тое, каб здароўе было ў норме, каб грошай на ўсё хапала, каб хацелася і маглося. Ну і гэтак далей.

Абсалютна нармальнае чалавечае жаданьне.

Вось толькі чаму ў нашай краіне ўсё наадварот: чым больш дзяржава дэманструе свой «клопат» пра нашую бясьпеку, тым менш бясьпечна мы пачуваемся?

Апошнім часам у Белавескай Пушчы зь беларускага боку... паболела зьвяроў. Зьявілася цэлая банда: зубар, бабёр, мядзьведзь, рысь, ліса, а таксама арол, сава й нават сабака. Штопраўда, ёсьць нюанс: усе гэтыя новыя жыхары лесу — драўляныя балваны, апранутыя ў... міліцэйскую форму.

Менавіта гэтак выглядае новая дзіцячая пляцоўка ў сядзібе Дзеда Мароза ў Белавескай пушчы, адкрытая паводле задумы міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.

Фото: brestcity.com

Гэткі казачны патруль, прыдуманы казачным...

Зрэшты, мілітарызацыя, а зь ёй і міліцыізацыя, даўно крочаць па краіне, асабліва самааддана топчучыся па нашых дзецях — ад амапаўцаў са зброяй у дзіцячых садках і на першаверасьнёўскіх лінейках да паказальных судоў у школах і каледжах.

Куды ні плюнь — мянты й суды, суды й мянты.

Нават у лесе. І гаворка ня толькі пра камэры відэаназіраньня, разьвешаныя на хвоях альбо пра сілавы разгон турзьлётаў і фэстываляў гіпі. Да прыкладу, надоечы чыноўнікі Аршанскага раёну пахваліліся новым турыстычным аб’ектам — «Бацькавы сьцяжынкі».

Ну, там усё банальна: маўляў, тут калісьці ў дзяцінстве хадзіў з мамай будучы дыктатар (лічы, сьвятое месца!) — цяпер гэтым фактам маюць натхняцца цэлыя пакаленьні! Паставілі лавачкі і стэнды, павесілі арэлі — аб’ект культу (ня блытаць з культурным аб’ектам!) гатовы!

Дык вось асаблівым гонарам ідэалягічнай экасьцежкі яе стваральнікі называюць... «Лясны суд» з лаўкай замірэньня, дзе дзяцей у гульнявой форме знаёмяць зь Лясным кодэксам.

На Аршаншчыне — лясны суд, у Белавескай пушчы — бабры-мянты. Як той казаў, усё для дзяцей! Чаго толькі ні зробіш для выхаваньня патрыятызму і ўзмацненьня пачуцьця бясьпекі й дзяржаўнага клопату! Хай сабе і казачнага...

Вось толькі жарты жартамі, аднак нават самая цудоўная казка ад жыцьця ўсё-ткі адрозьніваецца. А судова-мянтоўская й пагатоў. Сухая статыстыка: з году ў год колькасьць апраўдальных выракаў у Беларусі складае 1-2 на тысячу абвінаваўчых.

То-бок калі цябе цягнуць у суд, літасьці і справядлівасьці не чакай: цябе абавязкова засудзяць. Тое ж самае і зь мянтамі, пабачыўшы якіх даўно ўжо лепш папросту перайсьці на іншы бок дарогі альбо й наагул нырнуць у найбліжэйшы завулак ці пад’езд.

Званок у дамафон, сіні бусік, тваё імя і імя па бацьку ў тэлефоннай слухаўцы — дастатковыя нагоды для таго, каб унутры ўмомант усё сьціснулася, а сэрца шалёна закалацілася ад пачуцьця трывогі, бездапаможнасьці й небясьпекі.

Дый у судзе як раз-ткі сьведчаньні міліцыянтаў даўно ператварыліся ў дыктоўку абвінаваўчага выраку — дарма што часьцяком ня маюць аніякае сувязі з рэчаіснасьцю й пагатоў пярэчаць самыя сабе.

Ну бо калі «иногда не до законов» — лічы, «всегда не до законов». А таму ня дзіва, што чым больш мянтоў ды судоў у нашым жыцьці, тым насамрэч менш месца застаецца ў ім для сапраўднае бясьпекі.

Ну і пастскрыптум. Я нават ня буду абурацца тым, што на помнікі альбо хаця б папросту шыльды, якімі можна было б ушанаваць, скажам, Васіля Быкава альбо Кастуся Каліноўскага, у чыноўнікаў ніколі няма грошай, а вось на розную ноўнэйм-белібярду накшталт помніка гарадавому і драўлянага бабра-мянта — без праблем, штосьці ў бюджэце абавязкова знойдзецца!

Наконт крывадушнасьці і беларусафобнасьці тых, хто кантралюе гэты самы бюджэт, аніякіх ілюзіяў у мяне (і, спадзяюся, у вас таксама) даўно няма.

Куды важней яшчэ раз прагаварыць відавочнае.

Калі рост міліцыізацыі наўпрост супадае з ростам небясьпекі для жыцьця ў Беларусі, варта імкнуцца зьменшыць яго прынамсі ў сваёй жыцьцёвай прасторы. Не аддавайце сваіх дзяцей у дзяржаўныя ваенна-патрыятычныя клюбы. Не наведвайце мерапрыемстваў з міліцэйскімі пагонамі. Не трымайце на хатніх кніжных паліцах пісаніну генэрала міліцыі Чаргінца.

Ігнаруйце. Дыстанцыюйцеся. І напаўняйце сваё жыцьцё беларушчынай, каб месца для «баброў у пагонах» у ім не заставалася.

Гэтак будзе нашмат бясьпечней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(195)