Рыжычэнка: «Гульня ў інфармацыйнай прасторы, якая не будзе мець працягу»

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ЗША далучыцца да будаўніцтва ў Беларусі камбіната па вытворчасці азотных угнаенняў. Паводле яго слоў, свой удзел у праекце ўжо пацвердзіў расійскі «Газпрам». Але якія перспектывы ў такога супрацоўніцтва?

— Інвестыцыйныя перспектывы вельмі дрэнныя, — разважае эканамістка Аліса Рыжычэнка ў эфіры Еўрарадыё. — Калі мы кажам пра нейкі камбінат, які будзе займацца вытворчасцю азотных угнаенняў, мы павінны разумець, што гэта за вытворчасць. А гэта, перш за ўсё, газ. Ён складае каля 80% сабекошту аміяку.

Калі ты плануеш будаваць такое прадпрыемства або прыцягваць інвестыцыі для будаўніцтва, то павінен паказаць інвестарам бізнес-мадэль. Якая можа быць бізнес-мадэль, калі мы гаворым пра сённяшні дзень, калі Лукашэнка дамаўляецца пра кошты на газ кожны год — едзе ў Крэмль на паклон, здае нейкія палітычныя пазіцыі, каб атрымаць зніжкі на газ, каб кошт быў ніжэйшы за сусветны. Гэта не доўгатэрміновыя кантракты, а адбываецца рэальна кожны год.

Аліса Рыжычэнка. Фота: lookby.media

— І вось калі 80% сабекошту вытворчасці складае газ, невядома, якія кошты на яго будуць праз год, два... Ніякай бізнес-мадэлі ў рамках гэтага інвестпраекта быць не можа.

Больш за тое, незразумела, каму яны будуць прадаваць тое, што будуць вырабляць. Па-першае, ёсць санкцыі Еўразвязу. Па-другое, з гэтага года ў Еўрапейскім звязе дзейнічае заканадаўства, якое дадаткова накладае падаткі на азотныя ўгнаенні, што фактычна павялічвае сабекошт гэтай вытворчасці. Або неабходна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, але пакуль што іх няма ў Беларусі.

Больш за тое, калі глядзець на рынак, то галоўная вытворчасць — у краінах Блізкага Усходу, Расіі і ЗША. Навошта будаваць яшчэ і ў Беларусі, дзе няма выхаду да партоў?

Нават калі будуць знятыя санкцыі ЗША з фінансавых структур, як гэта было з калійнымі ўгнаеннямі, гэта ўсё роўна не дае магчымасці транспартаваць гэтыя тавары ў ЕС, таму што ёсць санкцыі. У лютым наступнага года яны будуць пераглядацца. Ёсць маленькая верагоднасць, што нейкая краіна будзе супраць і санкцыі не падоўжаць.

Але пакуль незразумела, у якім выглядзе, для каго і дзеля чаго будзе гэты праект. Да таго ж у беларусаў тут павінна быць больш перасцярог, бо мы не ведаем, як будзе адбывацца будаўніцтва гэтага аб'екта, на якіх умовах.

Калі гэта будзе будаўніцтва за кошт дзяржгрантаў, то можа атрымацца так, што даўгі, калі праект будзе непаспяховы (а хутчэй за ўсё, ён будзе такім), перакладуць на плечы беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Тут шмат пытанняў і наступстваў — у тым ліку экалагічных. Пакуль што гэта выглядае так: Лукашэнка пабачыў нейкую магчымасць без ніякіх разлікаў. Але амерыканскі інвестар, будзь гэта сваяк Трампа ці нехта яшчэ, не пойдзе на гэта, калі не будзе адказу, колькі будзе каштаваць газ, дзе яго будуць браць.

Таму пакуль што гэта папулісцкія выказванні. Трамп таксама можа пацвярджаць гэты намер, бо для яго гэта важна — ідзе перадвыбарчая кампанія, для амерыканскіх фермераў важна зразумець, што будзе з коштам на ўгнаенні.

Таму гэта папулісцка-палітычная гульня ў інфармацыйнай прасторы, але, на жаль ці на шчасце, яна, хутчэй за ўсё, не будзе мець працягу ў выглядзе рэалізацыі гэтага праекта.

Апроч таго, лічыць Рыжычэнка, амерыканскі інвестар цяпер не пойдзе на супрацоўніцтва з «Газпрамам».

— «Газпрам» падпадае пад усе санкцыйныя спісы. Калі ў такім выпадку амерыканцы пойдуць працаваць з ім у адным інвестпраекце — гэта будзе палітычны цуд, які ігнаруе ўсе правілы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(7)