Тышкевіч: «Па маіх назіраннях, на працягу месяца Коўл павінен прыехаць у Мінск»
Аналітык Ігар Тышкевіч у каментары Филину — пра тое, што наступным разам амерыканскі бок будзе абмяркоўваць з беларускім.
Дональд Трамп заявіў пра дамоўленасць з Расіяй наконт паставак дызельнага паліва. Выглядае, што і для Беларусі прыадчыняецца акно магчымасцяў. Сваё бачанне Филину растлумачыў аналітык Ігар Тышкевіч.
— Як вы лічыце, ці паўплываюць апошнія заявы Трампа на санкцыйную палітыку ў адносінах да Беларусі?
— Думаю, што ў фармаце абмеркаванняў гэта адаб'ецца. Разглядаючы баланс расійскага дызельнага паліва, зараз дзесьці каля аднаго мільёна тон вызваліцца, таму што заканчваецца пасяўная кампанія.
Таму калі гаворка ідзе проста пра пастаўку да аднаго мільёна тон, пачынаючы з лістапада, у гэтых лімітах тэарэтычна Расія можа пастаўляць.
Больш, пакуль не скончыцца рамонт нафтапераробных заводаў, наўрад. А рамонт — гэта не такая хуткая штука. Гледзячы па графіку, бліжэйшыя пачнуць выходзіць з рамонту на пачатку снежня. Але ўсё гэта пры ўмове, што не будзе новых удараў.
Калі ж Злучаным Штатам Амерыкі ўсё ж такі захочацца больш, тады ў Расіі ёсць выбар. Напрыклад, каля шасцісот тысяч тон у месяц прадаецца ў краіны Цэнтральнай Азіі. Можна сысці з гэтага рынку, што для Расіі невыгодна.
Дарэчы Расія ўжо сышла альбо сыходзіць з рынка ў Афганістане, саступіўшы яго Беларусі. Па выніках 2026 года гандаль беларускімі нафтапрадуктамі з Афганістанам выйдзе на паказчык ад 1,10 да 1,15 мільёна тон.
І ўсё ж, думаю, Цэнтральную Азію РФ пастараецца захаваць за сабой. А вось тут якраз і можа з'явіцца ідэя беларускага паліва. Прычым яна можа сыходзіць як ад Крамля, так і ад Мінска.
Па ініцыятыве Крамля можа аднавіцца старая беларуская практыка перапрацоўкі нафты па давальніцкай схеме. Гэта калі расійская кампанія завозіць сваю нафту і плаціць Беларусі толькі за перапрацоўку. А ўсе нафтапрадукты належаць расіянам.
То-бок у выпадку арганізацыі перапрацоўкі дадатковых аб'ёмаў нафты на беларускіх НПЗ па двальніцкіх схемах, яны натуральна будуць забіраць сабе і нафту, і бензін.
Дызпаліва ў такім варыянце будзе расійскім, што для Беларусі не азначае нічога. Гэта будуць проста шэрыя схемы, на якія ўсе заплюшчваюць вочы.
Другі варыянт нарошчвання паставак — калі Расія выкупае беларускае дызпаліва і прадае як сваё. Тады трэба ставіць у вядомасць контрагента — Злучаныя Штаты, што гэта паліва, дапусцім, з «Нафтана» альбо з Мазырскага НПЗ. І ў такім гібрыдным варыянце тэма Беларусі ўжо падымаецца.
Нарэшце варыянт трэці, які не выключае другога, калі гэта тэма падымаецца самім беларускім бокам. Маўляў, хлопцы, вы хочаце дызпаліва — мы можам на годзік закінуць вам парачку мільёнаў тон з нашых НПЗ.
Не так шмат, як можа прадаць Расія, і гэта галоўны мінус. І ўсё ж у выпадку, калі ёсць праблема з расійскай нафтаперапрацоўкай, з гэтымі пастаўкамі можна мець справы.
— І тады можа паўстаць пытанне зняцця санкцый? З якіх прадпрыемстваў?
— Калі казаць пра дызельнае паліва, то гэта два НПЗ — Наваполацкі і Мазырскі. З Мазырскага, улічваючы геаграфію экспарту, малаверагодна. А вось у Наваполацкага ёсць адпрацаваная лагістыка на парты Балтыі, што можна абмяркоўваць.
Таму не выключаю, што падчас прыезду Коўла альбо нават напярэдадні ў працэсе падрыхтоўкі сярод іншага абгаворваюцца і тэма нафты, і тэма «Гродна Азоту».
Бо калі няма мірнай дамовы з Іранам, калі не разблакаваны Армузскі праліў, то ёсць пытанне і дэфіцыту азотных угнаенняў на сусветным рынку. І вось гэта акно магчымасцяў.
Па маіх назіраннях, на працягу месяца Коўл павінен прыехаць у Мінск. Таму што калі мы гаворым пра сельскагаспадарчую прадукцыю і ўгнаенні, то тэрміны падціскаюць. Падціскаюць і тэрміны па нафце. Там трэба выйсці на дамоўленасці да прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША.
Доўгатэрміновыя кантракты заключаюцца, умоўна, да сярэдзіны лістапада. І тут калі ты хочаш гаварыць пра калій і пра азотныя ўгнаенні з амерыканскімі кампаніямі, для таго, каб разглядаць Беларусь у якасці пастаўшчыка, тыя мусяць разумець, што будзе з санкцыйным рэжымам і лагістыкай.
Адпаведна, усе пытанні лагістыкі і вываду з-пад санкцый вымушаны быць вырашаны да сярэдзіны лістапада. То-бок падчас наступнага прыезду амерыканскай дэлегацыі з'явіцца больш шырокае кола пытанняў для ўзгаднення.
— Ці можна ў такім выпадку разлічваць на пашырэнне колькасці вызваленых палітвязняў?
— Гэта ўжо пытанне і амерыканскага боку, і актыўнасці тых, хто лабіруе гэтыя інтарэсы. Палітвязні — толькі адна з валют, якія разглядае Лукашэнка.
Але гэта не азначае, што ён гандлюецца выключна за палітвязняў. Таксама Лукашэнка можа разглядаць палітычныя альбо эканамічныя паслугі, можа быць, паслугу, скажам, пасярэдніка пры перамовах з трэцім бокам. Гэта можа быць і тэхналагічная паслуга.
Там могуць быць розныя варыянты.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное