Вольскі: Будаваць на касьцях — дзікунства ці таямнічы культ палітычнае эліты Беларусі?

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра комплекс Акадэміі нацыянальнай бясьпекі пры КДБ на каталіцкіх могілках.

Лявон Вольскі

Дзікунства, распачатае за савецкім часам, працягваецца дагэтуль

У сьвеце прынята шанаваць памерлых, і кожны народ іх шануе па-свойму. Ёсьць адпаведныя традыцыі і ў беларусаў — Дзяды, Радаўніца.

Але паралельна існуе іншая традыцыя — руйнаваць і пляжыць старыя могілкі, а на іхным мейсцы ўзводзіць будынкі, паркі, інфраструктуру. Пачалося гэтае дзікунства за савецкім часам і працягваецца дагэтуль (мы ж захавалі ад Савецкага Саюзу ўсё добрае, лепшае, праўда?).

Могілкі зьнішчалі зусім не паводле веравызнаньня ці то нацыянальнае прыкметы. Пад экскаватар ішлі без разбору праваслаўныя Старажоўскія могілкі, каталіцкія Залатагорскія, лютэранскія (у раёне Карла Лібкнэхта і Каржа), юдэйскія — у раёне Сухой ды Калектарнай, мусульманскія — каля «Юбілейкі»...

На мейсцах пахаваньняў без аніякіх згрызотаў сумленьня будавалі жылыя дамы, кінатэатры (напрыклад, «Маскву»), рынкі («Старажоўскі»), стадыёны, тралейбусныя дэпо, «Палац мастацтва»...

Палац мастацтва і Акадэмія нацыянальнае бясьпекі на касьцях

«Палац мастацтва»... Ціхі цэнтар, гаражы, касьцёл Сьвятога Роха, Залатая Горка... Здавалася б, стары ўтульны гарадзкі асяродак.

У дзяцінстве-юнацтве я вучыўся на мастака і часта наведваў гэты палац, дзе сярод суворастыльных даярак (сталявараў) і Ленінаў на зьездах ці то за працоўным сталом можна было ўгледзець прывабныя палотны маладых беларускіх мастакоў.

Пазьней высьветлілася, што пабудова «Палаца мастацтва» завяршыла зьнішчэньне старых каталіцкіх Залатагорскіх могілак. Іх пачалі руйнаваць у трыццатыя, працягнулі ў пяцідзясятых (пасьляваенная імклівая жыцьцесьцьвярджальная забудова беларускае сталіцы, пра якую бадзёрымі галасамі рапартавалі дыктары па радыё і ў кінажурналах) і завяршылі акурат у 1970-х пабудоваю побач з былым аб’ектам культу (за Саветамі касьцёл Сьвятога Роха быў пераабсталяваны ў залю арганнае музыкі пры філярмоніі) аб’екту новага культу — храму савецкага сацыялістычнага рэалізму.

Выгляд на касьцёл Сьвятога Роха і будоўлю Акадэміі нацыянальнай бясьпекі КДБ

Але на гэтым, на жаль, гісторыя ня скончылася. У 2025 годзе ў непасрэднай блізкасьці ад касьцёлу пачалі будаўніцтва карпусоў Акадэміі нацыянальнае бясьпекі КДБ.

Здавалася б, тэрыторыя касьцёлу, могілкі — зона, дзе нічога ня мусіць будавацца. Але толькі не для КДБістаў. Ім можна ўсё.

У «акадэміі» будзе стралковая заля, басэйн, заля фізычнае падрыхтоўкі, сталоўка, кіна/лекцыйная заля, клясы, аўдыторыі, нават інтэрнат — усё, што так неабходна для пасьпяховага навучаньня спадкаемцаў Жалезнага Фэлікса. І гэта неабходна ім менавіта вось у гэтым вось мейсцы. На касьцях.

Натуральна, што падчас будоўлі знаходзяць чалавечыя парэшткі, але паколькі будаўніцтва абсалютна засакрэчанае, іхны лёс невядомы...

Канцэпцыя зьмянілася — ніхто не зьбіраецца будаваць «горад сонца»

Мне падаецца, што руйнаваньне могілак за савецкім часам было часткаю пабудовы новае шчасьлівае будучыні — пасьля вайны паўзруйнаваны горад вырашылі не аднаўляць, а, наадварот — даруйнаваць і будаваць новы, зіхоткі «горад сьветлага заўтра».

У аблічча гэтага новага гораду ніяк ня ўпісваліся старыя могілкі, тым болей, што яны месьціліся недалёка ад цэнтру. Вось іх і пусьцілі пад нож пад няўцямнае вечнае маўчаньне народных масаў. Гэта было даўно, за Саветамі.

Цяпер канцэпцыя зьмянілася — ніхто не зьбіраецца будаваць «горад сонца», усё вырашаюць інвэстыцыі і жаданьне палітычнае эліты. А гэтая «эліта» маніякальна жадае лішні раз прадэманстраваць, хто ў доме гаспадар.

На пачатку 2000-х яна элегантна вырашыла будаваць кальцавую дарогу праз Курапаты. То-бок, выказала сваё стаўленьне да гэтага, сакральнага шмат для каго, мейсца. Маўляў, для нас гэта нічога ня значыць. Мы так хочам, значыцца, так і будзе. Не дапамаглі пікеты, дзяжурствы валянтэраў-добраахвотнікаў, незалежная прэса і палымяныя прамовы лідэраў апазыцыі. Дарогу праклалі.

Цяпер будуюць Акадэмію нацыянальнае бясьпекі. Ня тое, каб у Менску бракавала мейсца для пабудовы карпусоў гэтае ўстановы. Колькі хочаш гэтага мейсца. І нават у цэнтры.

Ілюстрацыя: Лявон Вольскі

Але абралі менавіта гэтую тэрыторыю — цынічна й зьдзекліва. На каталіцкіх могілках, пры мурах касьцёлу. «Каб яны ня думалі, што для нас гэта — могілкі, касьцёл — нешта значыць! І каб яны ня думалі, што нам нешта не дазволена. Было б жаданьне — будзе дазволена ўсё», — гавораць нам гэтым жэстам РБшная ўлада і сілавікі...

Скажам проста: дзікаватая традыцыя — будаваць нешта на зруйнаваных могілках. Дзіўная для гэтае тэрыторыі і гэтага часу.

Хіба што палітычная эліта РБ вызнае нейкі таямнічы інфэрнальны сатанінскі культ? І зьдзейсьніць гэтую будоўлю запатрабаваў іхны ўладар — князь цемры?

Прынамсі, тады ўсё становіцца на свае мейсцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(338)