Война

Ірына Дрозд

Алесь Міхалевіч: «На пляжы назіраў, як збіваюць дроны паблізу, фактычна ў людзей над галавой»

Пляж з дронамі, пастаянная паветраная трывога і планы на будучыню. Кіраўнік адвакацкага бюро Legal status Алесь Міхалевіч  расказаў «Салідарнасці» пра паездкі ва Украіну.

Алесь Міхалевіч. Усе фоты з архіва суразмоўцы

Нядаўна юрыст апублікаваў у сацсетках сэлфі з Украіны. Мы пацікавіліся пра паездку. Аказалася, яна не выпадковая і далёка не першая.

«Была сапраўдная місія, звязаная з маёй сям'ёй»

— Я вельмі люблю Украіну, звязаны з ёй шмат гадоў, у мяне там пастаянны від на жыхарства, таксама маю ўкраінскую адвакацкую ліцэнзію і вяду некаторыя працэсы, — расказаў «Салідарнасці» Алесь Міхалевіч. — Часта ўдзельнічаю ў судах у рэжыме відэаканферэнцыі, але часам некаторыя пытанні трэба вырашаць на месцы.

Аднак я не заўсёды езджу па службовых абавязках, напрыклад, гэтым разам хацеў крыху адпачыць і яшчэ ў мяне была сапраўдная місія, звязаная з маёй сям'ёй.

Я ні разу не быў на магіле свайго дзеда, які загінуў у 1943 годзе, быўшы капітанам Савецкай арміі. Ён пахаваны ў сённяшнім Бярдзічаўскім раёне Жытомірскай вобласці. Гэта прыблізна паміж Жытомірам і Вінніцай.

Знайшоў нарэшце яго магілу, пра якую ведаў з сямейных архіваў: у нас захаваліся нават пахаванкі, дзе паведамлялі пра месца, дзе ён загінуў. Пасля ўжо з'явілася расійская база «Мемарыял», якая ацыфроўвае ўсе вядомыя ім месцы пахавання.

Ніколі не было часу дабрацца да гэтых могілак, бо там маленькае сяло, куды яшчэ доўга ехаць ад райцэнтру. І вось час з'явіўся. Сапраўды ў брацкай магіле я ўбачыў імя Пякарскага Сцяпана Іванавіча — гэта мой дзядуля з боку маці.

— Пакуль вы дабіраліся да месца пахавання дзеда, праехалі шмат украінскіх дарог. Што бачылі?

— Троху праехаўся менавіта па прасёлкавых дарогах, і вельмі рады, што не сам быў за стырном. Бо па тых напрамках увогуле могуць ездзіць толькі ўкраінскія кіроўцы, якія віртуозна аб'язджаюць ямы.

Я ехаў аўтобусам да бліжэйшага найбольшага пасёлку, дзе, па афіцыйнай статыстыцы, жылі да вайны 5000 чалавек, а, па словах таксіста, які мяне вёз далей, зараз засталося не больш за 500.

Гэта адлюстроўвае, як меншае насельніцтва ва ўсёй краіне. Людзі і з'язджаюць, і, на жаль, гінуць. Памеры гэтага гора таксама бачныя паўсюль. Нават калі праязджаеш малюсенькую вёсачку на некалькі двароў, можна заўважыць звычайна 5-7 свежых магіл.

Гэта натуральна вайсковыя. І такія магілы ёсць паўсюль — ад Заходняй Украіны да Усходняй.

— Вы таксама сказалі, што некалькі дзён зараз адпачылі ў Адэсе. Як там?

— Быў на пляжы, назіраў, як збіваюць дроны паблізу, фактычна над галавой, і тыя, можа, у 100-150 метрах ад мяне танулі ў моры.

Людзі прывыкаюць да ўсяго. Калі быў у Кіеве, паветраная трывога абвяшчалася 1-2 разы на дзень. Звычайна Расія атакуе Кіеў і іншыя вялікія гарады ноччу, каб зрабіць краіну зонай, непрыдатнай для жыцця, каб людзі псіхалагічна не маглі вытрымаць.

У Адэсе, што не менш жахліва, паветраная трывога абвяшчалася па 7-8 разоў на дзень. На практыцы гэта азначае, што амаль ніхто ні на што не рэагуе.

Бачыў, як гэтыя дроны падляталі, як іх пачыналі збіваць, амаль побач працавалі кулямёты — і толькі мамы з дзецьмі хуценька спускаліся ў бамбасховішчы, а большасць астатніх, хто быў без дзяцей, спакойна за гэтым сачылі.

Зрэшты ў Адэсе няма праблем з электрычнасцю і палівам, у адрозненні ад акупаванага Крыму. Паліва стала больш дарагое, але яно ёсць. Усё вакол працуе: магазіны, кавярні, рэстарацыі, тэатры, музеі і іншае.

«Здаецца, што Данбаса як гістарычнай з’явы больш няма…»

— Як наогул змяняецца Украіна падчас такой працяглай вайны, што вы заўважылі, перыядычна яе наведваючы?

— Адразу скажу, што за вайну я ні разу не быў ні ў Запарожжы, ні ў Харкаве, ні ў Дняпры — не заязджаў далей за Кіеў.

Пра Кіеў магу сказаць, што ён вельмі змяніўся ў плане жыхароў. Зараз там жыве шмат харкаўчан, былых жыхароў Запарожжа, то-бок паступова ў сталіцу пераязджае значная частка жыхароў вялікіх усходніх гарадоў. Тым часам самі кіеўляне пераязджаюць у Львоў ці за мяжу.

У нейкім сэнсе гэта нагадвае беларускае постчарнобыльскае перасяленне, калі людзі з Брагіна, Хойнікаў, Нароўлі з'язджалі ў вялікія гарады — Гомель ці Мінск, а вяскоўцы перасяляліся ў сам Брагін, Хойнікі, Нароўлю.

Мне заўсёды цікава, адкуль людзі паходзяць, з усімі пра гэта размаўляю і зрабіў высновы: Усход паступова пераязджае.

Кіеў зараз амаль украінамоўны, украінская мова гучыць паўсюль. Асабліва мяне ўразіла тое, што ўся сфера абслугоўвання да цябе звяртаецца па-ўкраінску, нават у Адэсе. Раней такога там не было, гэта быў цалкам рускамоўны горад.

Як казаў, пляжы поўныя — і на моры ў Адэсе, і на Дняпры ў Кіеве. Вельмі моцна вырас унутраны турызм з-за таго, што мужчынам прызыўнога ўзросту забаронена выязджаць за мяжу. Мясцовыя курорты кшталту Букавелю, Шацкіх азёраў запоўнены і супердарагія.

У Адэсе ўсё адносна танней, гатэлі заселеныя не цалкам. Бо мала радасці ехаць адпачываць туды, дзе сем разоў за дзень абвяшчаецца паветраная трывога.

Бярдзічаўскі раён Жытомірскай вобласці

— Таксама чула, што і кошт на жыллё ва Украіне не вельмі танны.

— Ён залежыць ад адлегласці ад фронту і таго, наколькі абстрэльваюць той ці іншы рэгіён. Напрыклад, мой любімы Дунай, па розных частках якога я езджу фактычна кожны год. Ва Украіне на ім знаходзяцца порты Ізмаіл у аднайменным горадзе і недалёка порт Рэні.

Дык вось там кошт на кватэры мяняўся ў разы. Спачатку роля партоў вырасла, бо праз іх адбывалася адгрузка ўкраінскага збожжа. А пасля Расія пачала іх моцна абстрэльваць, і жыллё значна патаннела. Тое самае можна сказаць пра Бучу і Ірпень пад Кіевам.

Спачатку яны вельмі пацярпелі, там можна было знайсці даволі танныя варыянты. А калі стала вядома, што гэтыя месцы добра абароненыя ў плане супрацьпаветранай абароны, кошты на жыллё выраслі.

Самыя танныя, здаецца, прыфрантавыя гарады. На вялікі жаль, бачна, што калі, напрыклад, Запарожжа ці Днепр абавязкова адновяцца і застануцца, то шмат маленькіх райцэнтраў больш не будуць існаваць.

Яны не змогуць аднавіцца. Назіраць за гэтым цяжка. Я памятаю, як Данбас быў дужа населеным рэгіёнам з вялікай канцэнтрацыяй людзей, выязджаеш з Данецка — і адразу пачынаецца наступны горад, у якім маглі жыць 50 ці 70 тысяч чалавек.

Гэта была характэрная асаблівасць тых мясцін, дзе на маленькай плошчы жыла велізарная колькасць насельніцтва. Здаецца, што Данбаса як гістарычнай з’явы больш няма…

У тых жа Бучы і Ірпені, можа, траціна насельніцтва з Данбасу. А ўявіце, які лёс напаткаў гэтых людзей: яны беглі ад акупацыі і вайны, толькі абзавяліся сваім жытлом і пачалі жыць, як зноў іх напаткаў такі жах.

З таго, што відавочна, канешне, немагчыма забыць, якой складанай была гэта зіма: не было ні электраэнергіі, ні цяпла. Выжываць у такіх умовах вельмі цяжка. Бо адна справа, калі ў цябе няма электрычнасці і інтэрнэту, і іншая, калі ты пры гэтым сядзіш у памяшканні, апрануты як на вуліцы, і спіш пад некалькімі коўдрамі.

Але ж нават у тых складаных умовах людзі праяўлялі салідарнасць, і адпачывалі, і адзначалі зімовыя святы. Дарэчы, гэта вельмі актуальная дыскусія ва Украіне: ці можна рабіць выгляд, што ў цябе нармальнае жыццё і адпачываць, і радавацца ва ўмовах вайны.

«Людзі масава ставяць сонечныя панэлі, робяць нейкія аўтаномныя падстанцыі для таго, каб выжываць»

— Зрэшты, і беларусаў таксама гэтая дылема раздзірае часам.

— Мой асабісты погляд такі: Расія якраз і спрабуе дасягнуць мэты і зрабіць так, каб людзі не маглі нармальна жыць ва Украіне. Напрыклад, зімой у горадзе Роўна на плошчы паставілі святочную ялінку за кошт мясцовага бюджэту за некалькі тысяч долараў. І вось адны казалі, што ў дзяцей, нягледзячы ні на што, павінна быць нармальнае свята і прыгожая ялінка, а другія крытыкавалі за гэта мэра горада.

Бывае, крытыкуюць за адноўленыя тратуары, за плітку там, дзе яна патрабавалася, бо не было магчымасці хадзіць, ці то з-за прылётаў, ці то з-за таго, што яе сапраўды даўно не мянялі.

Інфраструктура псуецца не толькі з-за вайны, але і сама па сабе з цягам часу. Ці павінны мясцовыя ўлады траціць грошы на добраўпарадкаванне ў той час, калі краіна вядзе вайну?

Я таксама лічу, што людзі павінны ўтрымліваць сваю інфраструктуру ў парадку наколькі гэта магчыма.

Натуральна ва Украіне зараз удасканальваецца армія і ваенна-прамысловы комплекс. Пры гэтым, безумоўна, на ўсё астатняе няма столькі рэсурсаў, як у мірныя часы. І гэта зразумелы перакос ва ўмовах вайны.

На яе ідзе адпаведная ўвага і ўладаў, і грамадства. У астатніх сферах сітуацыя, на жаль, па крыху пагаршаецца, і гэта аб’ектыўная рэч, бо ўсе разумеюць, што зараз вельмі важна выстаяць.

У той жа час не магу не адзначыць, што тычыцца пашкоджанняў ад прылётаў, як хутка ўсё аднаўляецца. Я рэгулярна наведваю Бучу і Ірпень, якія былі пад акупацыяй Расіі ў першыя месяцы вайны.

І цяпер, калі ў цябе няма экскурсавода, які б паказаў, што вось гэтыя дзіркі ад кулямётных абстрэлаў ці ракетных прылётаў, то неабазнаны чалавек нічога не заўважыць. Ён будзе адчуваць, што знаходзіцца ў цудоўным мірным горадзе.

Некаторыя артэфакты там спецыяльна захоўваюць. У астатнім абсалютна незаўважна, што ў гэтых мясцінах вяліся жудасныя баявыя дзеянні, што шмат дамоў — і прыватных, і шматпавярховых — былі разбураныя. Абсалютна нічога зараз не бачна.

— Ва ўсіх беларусаў пытаемся, як да іх ставяцца ва Украіне.

— Пару разоў мяне затрымлівала ТЦК, і нават яны даведваліся, што я беларус, і зычылі шчаслівай дарогі. Наогул ніколі не заўважаў нейкага асаблівага стаўлення.

Магчыма, таму што ў мяне свабодны ўзровень валодання ўкраінскай мовай і я заўсёды гавару на ёй. Але, калі людзі чуюць, што беларус, ніякіх пытанняў ніколі не ўзнікае. І па працы ў судах ніколі не было такога, каб мне хтосьці сказаў штосьці дрэннае.

— А як наогул з цягам часу мяняецца настрой ва ўкраінскім грамадстве?

— Я сапраўды вельмі шмат размаўляю з усімі, каго сустракаю — са спадарожнікамі, з таксістамі, проста з людзьмі паўсюль. І магу адзначыць, што настрой у іх насамрэч змяніўся.

Канешне, усе стаміліся ад вайны. Але ўкраінцы навучыліся жыць у такой атмасферы — не проста выжываць, а выбудоўваць нейкія доўгатэрміновыя планы.

Людзі пачынаюць будаваць сваё асабістае жыццё з позіркам на будучыню. Адна справа, калі так было ў першы час вайны, калі шмат хто лічыў, што хутка ўсё скончыцца.

Іншае пытанне цяпер, калі Украіна ўсё больш і больш разумее, што будзе як Ізраіль у нейкім сэнсе, бо тыя ці іншыя ваенныя дзеянні будуць мець працяг.

Са стратэгічнага, напрыклад, усе ведаюць, што будзе вельмі цяжкая зіма, і, як могуць, да яе рыхтуюцца. Усе закупілі генератары. Некаторыя з тых, з кім размаўляў у Адэсе, кажуць, што паедуць на зіму ў вёску, дзе ёсць печка. Павялічылася колькасць новых будынкаў, дзе ўсталяваныя сонечныя панэлі.

Цікава, што ва Украіне электраэнергія дастаткова танная, таму што ёсць некалькі атамных электрастанцый. Але пры гэтым краіна даволі далёка пайшла ў бок зялёных тэхналогій: людзі масава ставяць сонечныя панэлі, робяць нейкія аўтаномныя падстанцыі для таго, каб выжываць.

У той жа час украінцы бачаць, што дронавую вайну яны выйграюць. Так, ахвяры ёсць, іх многа, але ў людзей ёсць адчуванне, што ўсё не дарма і што ў іх атрымаецца.

Мы бачым, што Расія пачынае адчуваць тое, што Украіна адчула ў 2022 годзе. Трэба разумець, што і яе таксама чакае вельмі цяжкая зіма, бо ўкраінцы нават без балістыкі разаб’юць іх энергетычную інфраструктуру.

І вось я падзяляю гэты настрой украінцаў, і ўпэўнены, што краіна выстаіць.