Нобелеўскі лаўрэат і праваабаронца Алесь Бяляцкі ў інтрэв’ю БАЖ падзяліўся думкамі пра місію медыя ў выгнанні.
Алесь Бяляцкі ў першыя хвіліны пасля дэпартацыі з Беларусі ў Літву. Фота: БАЖ
Права на інфармацыю ў зняволенні — на нулі
— Калі казаць пра маё першае зняволенне (першы тэрмін па палітычна матываванай справе кіраўнік «Вясны» адбываў у 2011–2014 гадах. — БАЖ), то сітуацыя з інфармацыяй, інфармаванасцю была кардынальна іншай.
Ад знаёмых і незнаёмых я атрымліваў тысячы лістоў падтрымкі, сам мог дасылаць лісты. І мог выпісваць газеты, гэта і «Народная воля», і «Белорусы и рынок», і «БелГазета».
Інфармацыя, нават з улікам унутранай цэнзуры, усё роўна складалася, ты збольшага разумеў, што адбываецца на волі. Зараз гэтага і блізка не было.
Па-першае, няма ўжо ў Беларусі незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Па-другое, не было ніякай перапіскі.
Фактычна за 2025 год я атрымаў толькі адзін ліст ад жонкі. Гэта ўсё, што да мяне дайшло за цэлы год. Ад мяне ж увогуле жонка ніводнага ліста не атрымала.
Усе мае кантакты — гэта размова па тэлефоне з братам. Раз на два-тры месяцы мы маглі пагаварыць. Жонцы патэлефанаваць мне не дазвалялі, бо яна за межамі Беларусі і гэта «недружественная» краіна. Такія нумары проста выкрэсліваліся і ўсё. Могуць дазволіць званіць сваякам у Беларусі ці ў Расіі. Таму любую інфармацыю прыходзілася пільнаваць і шукаць.
І я там быў такім «пыласосам», можна сказаць, спрабаваў узяць усё, што можна.
Здабыванне інфармацыі праз дзяржаўнае ТБ
— Дапамагаў шматгадовы досвед уласнай ацэнкі ці аналізу афіцыйнай інфармацыйнай плыні. Бо калі ты глядзіш расійскі тэлевізар, то тут трэба адсейваць усю прапаганду. Калі ты глядзіш беларускую тэлевізію, то тут трэба адсейваць і прапаганду, і яшчэ безліч усялякага смецця.
Спрабаваў неяк скласці для сябе карціну таго, што адбываецца і за межамі Беларусі, і ў самой краіне. Трэба сказаць, што больш удавалася разумець, што адбываецца звонку.
Расійскія тэлеканалы актыўна асвятлялі палітыку Трампа, напрыклад, адносінаў ЗША з Еўрапейскім саюзам, казалі пра нейкія падзеі ў Еўропе. Зразумела, яны праз сваю оптыку падаюць, накачваюць расійскае грамадства антыеўрапейскай прапагандай: вось Еўропа рыхтуецца да вайны і гэтак далей — значыць, і нам трэба рыхтавацца. Асноўныя пасылы такія ў іх. Тым не менш, даволі багата інфармацыі пра ўнутраныя працэсы Еўразвяза ўдавалася ўзяць.
Пра Беларусь — па драбочках
— Але што датычыцца Беларусі, то практычна нічога не ведаў, як ідуць справы ў грамадскім сектары, што з тымі журналістамі і СМІ, якія выехалі з Беларусі, што ўвогуле з беларускай эміграцыяй мае месца быць. Там амаль нуль інфармацыі на гэты конт.
Таму дасюль я яшчэ штодня адкрываю для сябе штосьці новае. Гэтая карціна паступова аднаўляецца. А тое, што адбылося за гэтыя гады ўвогуле з беларускім грамадствам, вельмі важна для мяне, таму што, скажам так, танчым усё роўна ад сваёй печкі.
Мы абменьваліся там любымі фактамі пра палітзняволеных. Калі хтосьці прыязджаў з іншай калоніі, то абавязкова распытвалі: «А хто там з палітняволеных? А як, а што там?» Мне найбольш цікавая, канешне, была інфармацыя пра маіх знаёмых, пра тых, каго я ведаў, праваабаронцаў, журналістаў. Такую інфармацыю і збіралі, і распаўсюджвалі між сабой.
«Ідзе барацьба, і мы ў ёй усе ўдзельнічаем — і праваабаронцы, і журналісты. Гэта наша місія»
— Пытання вартасці існавання медыя ў выгнанні, сэнсу іх працы за межамі краіны для мяне не існуе. Трэба сказаць, што беларускія незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія апынуліся за мяжой, яны працягваюць аказваць уплыў на беларускае грамадства, даволі моцны ўплыў у самой Беларусі.
Гэтыя водгукі ад публікацый, перадач, відэасюжэтаў пастаянна даходзілі і да нас у калонію. Калі зняволеныя, непалітычныя, перадавалі часам, што вось такое мне сваякі казалі, што бачылі ці чыталі і г. д.
Прынамсі, можна было зразумець, што гэту інфармацыю ад незалежных СМІ ў выгнанні спажывае значная частка людзей у Беларусі. І пазбаўляць іх гэтых крыніц было б абсалютна няправільна. Гэта значыць — сапраўды прызнаць тады сваю паразу.
Гэтага рабіць нельга, трэба працягваць працу далей. Ахоп людзей свабоднай інфармацыяй можа проста выбухова вырасці ў пэўны момант, так, як гэта мы бачылі ў 2020 годзе, калі людзі паўсюль — у гарадах, у вёсках — не вылазілі з інтэрнэту, з сайтаў, калі нашы Telegram-каналы рэзка павырасталі ў колькасці наведванняў.
Гэта ўсё выбухова адбываецца, але галоўнае, каб было з чаго расці, бо калі не будзе і таго, што мы маем зараз, дык адкуль яно возьмецца? Ніадкуль.
Канешне, ёсць цяжкія выпрабаванні. Багата праграм падтрымкі незалежных медыя пазакрывалася, у першую чаргу амерыканскіх — і гэта балюча б’е па незалежных беларускіх медыя. Але трэба не паддавацца, трэба вырушыцца, трэба і шукаць, і выжываць, і развівацца адначасова.
Алесь Бяляцкі ў інтэрв’ю для «Радыё Свабода» праз тры дні пасля свайго вызвалення з турмы. Вільня, 16 снежня 2025
І трэба мець на ўвазе, што мы гэта ўсё робім не дзеля таго, каб выжыць самім асабіста. Я перакананы, што беларусы вельмі хутка здольныя адаптавацца, кожны з нас мог бы спакойна дзесьці працаваць па-за межамі журналістыкі, праваабароны — і зарабляць не менш, а можа нават і больш.
Але тут не пра гэта ж. Гэта ёсць пэўная ахвяра, якую мы даем на будучыню Беларусі, на тое, каб трымаць Беларусь у сферы дэмакратычных уплываў, а не аддаць яе цалкам на водкуп лукашэнкаўскай уладзе.
Мы павінны даваць аптымістычную, ясную альтэрнатыву. І трэба самім не апускаць рукі і не сыходзіць у цень, таму што гэта тады прызнанне паразы сапраўды, гэта фактычна закрэсліванне свайго жыцця, гэтага нельга дапускаць ні ў якім выпадку. Наша ўпартая пазіцыя дасць свой плён.
Зазначу, што такога ніколі не было ў беларускай гісторыі: каб настолькі моцная была гэтая незалежная інфармацыйная плынь, якая сёння існуе па-за Беларуссю.
Давайце згадаем, што мы мелі перад 2020 годам па-за межамі. Гэта было пару сайтаў, «Белсат», «Радыё Рацыя», «Еўрарадыё» ды і ўсё. Зараз маем у дзясяткі разоў больш магчымасцяў.
І гэтыя магчымасці трэба не памяншаць, а, наадварот, мадэрнізаваць і рабіць іх больш эфектыўнымі ў працы за Беларусь, за беларускія душы, за думкі беларусаў. Такая ідзе барацьба, і мы ў ёй усе ўдзельнічаем — і праваабаронцы, і журналісты таксама. Гэта наша місія.