Ціханоўская: «Мір не нараджаецца ў маршах. Мір — у нашай памяці, у спачуванні, у клопаце пра блізкіх і адно аднаго»

Лідарка дэмакратычных сілаў звярнулася да беларусаў з нагоды 80-годдзя завяршэння Другой сусветнай вайны.

— У гэты дзень усе чакаюць пафасных заяваў і гучных словаў. Але кожны год 9 траўня я адчуваю сябе вельмі няёмка ад гэтай штучнасці, — звярнулася да беларусаў Святлана Ціханоўская. — Бо для мяне гэты дзень не пра лозунгі, парады, альбо прамовы на камеру. Ён больш пра памяць і цішыню.

Па словах Ціханоўскай, гэты дзень — пра шчырыя размовы ў сем’ях, кожная з якіх мае ўласную гісторыю болю і стратаў.

— Другая сусветная вайна — гэта рана, якая не зарастае. Гэта боль, які мусіць нагадваць нам: вайна ніколі не павінна быць сродкам вырашэння праблем.

Нашыя пробкі ішлі на фронт не дзеля ўгнагародаў, а для таго, каб наступныя пакаленні, іх дзеці і ўнукі, жылі без страху. Каб не было больш ні голаду, ні бамбёжак, ні страраў, лічыць лідарка дэмсілаў.

Ціханоўская звяртае ўвагу на тое, як гэтую дату ў сённяшняй Беларусі спрабуюць ператварыць у яшчэ адно прапагандыскае шоў з гучнымі прамовамі і ваеннай тэхнікай.

— Але мір не нараджаецца ў маршах. Мір — у нашай памяці, у спачуванні, у клопаце пра блізкіх.

Асабліва балюча глядзець, як гэты дзень цяпер выкарыстоўваюць для апраўдання новай вайны, для маніпуляцыяў і рэпрэсіяў, падкрэслівае палітык:

— Улада карае людзей, якія маюць смеласць сказаць «Не вайне». Але менавіта так — словамі «Не вайне!» — намагаемся пазбегнуць памылак мінулага.

У беларусаў памяць пра Другую сусветную вайну жыве дагэтуль. Менавіта таму яны катэгарычна не прымаюць заваёўніцкіх войнаў і імперскіх амбіцыяў, лічыць Ціханоўская.

На яе думку, менавіта таму Лукашэнка і Пуцін не здолелі ўцягнуць беларускі народ у расійскую агрэсію супраць Украіны:

— Бо мы, беларусы, ніколі не былі агрэсарамі. Мы міралюбівы народ, які ўмее жыць у згодзе з суседзямі і шукаць паразуменне. Я вельмі спадзяюся, што хутка агонь будзе спынены, а ў наш рэгіён вернецца доўгачканы мір. І што ўсе змогуць вярнуцца дадому — не на поле бою, а ў свае дамы. Я жадаю ўсім міру. Беларусам — свабоды, а Украіне — перамогі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(8)