Политика

«Давераная асоба Макрона, якая прыедзе ў Мінск», аказалася адстаўным паслом, што пабывае на «Мінскім дыялогу»

Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 мая, што па выніках яго тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Францыі, што адбылася 24 мая, у Мінск прыедзе «давераная асоба» прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Аднак, як стала вядома Нашай Ніве, прыедзе не дарадца прэзідэнта і не супрацоўнік дзяржапарата, а адстаўны дыпламат.

Больш за тое, ён прыедзе на форум «Мінскі дыялог», і гэта не першы яго прыезд на гэтую канферэнцыю.

Аляксандр Лукашэнка падаваў сітуацыю так, нібы гэта французскі прэзідэнт прасіў яго прыняць свайго пасланца.

Я кажу: «Слухай, ну мы з табой размаўляем — гэта практычна адкрытая сувязь. Пра што мы можам з табой пагаварыць? Пасля Ерэвана ў Маскву ты не прыехаў, у Мінск ты не прыехаў. Пра што гаварыць?» Ён мне кажа: «Спадару прэзідэнт, вы можаце прыняць маю давераную асобу і з ёй пагаварыць, і каб ён прыехаў і мне ўсё гэта выклаў?

Аляксандр Лукашэнка

Лукашэнка, па яго словах, даў на гэта сваю ласкавую згоду: маўляў, калі баіцца прыехаць сам Макрон, то хай будзе хоць прадстаўнік.

— Днямі літаральна — у панядзелак-аўторак (не памятаю) — гэты чалавек будзе тут. Не хачу называць яго прозвішча. Ён (Макрон. — НН) назваў каардынаты. І мы з ім (даверанай асобай. — НН) сур'ёзна пагаворым. Гэта яго чалавек, абсалютна давераны, ён у тэме. І я яму выкажу дэталёва ўсе праблемы, якія існуюць.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», што ведае, хто прыедзе з Францыі на гэтым тыдні ў Мінск.

— Гэта не дарадца прэзідэнта Макрона, не ягоны спецпасланнік па Беларусі, не супрацоўнік Елісейскага палаца ці набярэжнай Арсэ (Міністэрства замежных спраў — НН). Гэта прыватная асоба — чалавек, які раней займаў шэраг пасадаў, у тым ліку амбасадарскіх.

Імя пасланніка Кучынскі не назваў.

— Лукашэнка хоча выдаць жаданае за сапраўднае — прадаць ілюзію выхаду з еўрапейскай ізаляцыі. Насамрэч жа ягоныя стасункі з Еўропай застаюцца выключна на тэхнічным узроўні, — мяркуе дарадца Святланы Ціханоўскай. — Пазіцыя Францыі і ЕС адносна Беларусі не змяняецца. Прэзідэнт Макрон даў Лукашэнку зразумець, што той мусіць зрабіць, каб пачаць нармалізацыю адносінаў з Еўропай. Прэзідэнт Зяленскі таксама пасылае ясны сігнал. Перадусім трэба гаварыць з уласным грамадствам. І, безумоўна, спыніць рэпрэсіі, саўдзел у вайне і атакі супраць суседзяў, — кажа Кучынскі.

Кучынскі падкрэсліў, што госць з Парыжа прыедзе ў Мінск ў фармаце ўдзелу ў форуме, які там адбудзецца.

Раней паведамлялася, што 5—6 лютага гэтага года Мінск наведаў дырэктар дэпартамента кантынентальнай Еўропы галоўнага дэпартамента па палітычных пытаннях і бяспецы МЗС Францыі Брыс Ракфёй. Візіт адбыўся па запрашэнні беларускага боку.

Французскі прадстаўнік сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сакрэтам, а таксама правёў «кансультацыі з прадстаўнікамі беларускага экспертна-аналітычнага асяроддзя».