Политика

«Для сябе я сьмяротнага выніку не выключаў. Іншыя — таксама»

Публіцыст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык – пра галадоўку дэпутатаў, якая адбылася 30 гадоў таму.

– Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ была абвешчаная Зянонам Пазьняком на паседжаньні сэсіі раніцай 11 красавіка 1995 году ў знак пратэсту супраць намеру Лукашэнкі правесьці антыканстытуцыйны рэфэрэндум, – піша Навумчык. – На яго выносіліся пытаньні аб ліквідацыі статуса беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, замене нацыянальных сымбаляў («Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга) на мадэрнізаваныя савецкія, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Пра гэта звычайна рэдка ўзгадваюць, але сярод нашых патрабаваньняў былі таксама выкананьне канстытуцыйнай нормы аб гарантыях свабоды слова і забароне манапалізацыі СМІ, спыненьне ціску на прэсу (у прыватнасьці, аднаўленьне на пасадзе галоўнага рэдактара «Народнай газэты» Іосіфа Сярэдзіча, якога Лукашэнка звольніў незаконным указам), а таксама спыненьня перасьледу дэпутата Сяргея Антончыка, які выступіў з дакладам аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі.

Часам даводзіцца чуць, што галадоўка была вынікам адчаю. Нічога падобнага. Ніякай праявай разгубленасьці ці адчаю яна не была, а вось апошнім сродкам — так.

Рашэньне мы прынялі ў выніку аналізу сытуацыі.

Сяргей Навумчык

Цяпер у беластоцкім выдавецтве Kamunikat.org рыхтуецца да перавыданьня мая кніга «Дзевяноста пяты», я яе істотна дапоўніў, і перачытаў стэнаграмы сэсіі Вярхоўнага Савету ў сакавіку-красавіку 95-га.

Мы (я маю на ўвазе ня толькі дэпутатаў БНФ, але і Ніла Гілевіча, і Генадзя Карпенку, усіх, хто выступаў супраць прапановы Лукашэнкі) некалькі дзён прыводзілі аргумэнты супраць рэфэрэндуму. Умоўна, іх можна падзяліць на дзьве групы.

Першая — чыста юрыдычная — закранала антыканстытуцыйнасьць прапанаваных Лукашэнкам пытаньняў, другая тычылася катастрафічных наступстваў для нацыі. Але ніякія нашыя аргумэнты, ніякія заклікі ня дзейнічалі.

Нам нічога не заставалася, як пайсьці на самую крайнуюю меру — абвясьціць палітычную галадоўку.

Я ўжо не ўзгадаю хто канкрэтна, але хтосьці з дэпутатаў з ліку вэтэранаў (яны былі бэтоннымі камуністамі, але свае зоргі герояў у ваеннай сваёй маладосьці заваявалі крывёю) потым казаў, што калі мы селі каля прэзыдыюму тварам да залі, у нашых вачах ён убачыў гатоўнасьць ісьці на сьмерць. Гэта праўда.

Для сябе я сьмяротнага выніку не выключаў. І ведаю дакладна, што і іншыя — таксама.

Эфэкт быў практычна імгненны.

Адбылося тое, чаго Лукашэнка, які ўжо падпарадкаваў сабе большасьць дэпутатаў, не чакаў: прапанаваныя ім пытаньні пачалі правальвацца, не набіралі неабходнай колькасьці галасоў.

Гэтая параза прывяла Лукашэнку ў шаленства, ён сарваўся ў гістэрыку, крычаў, потым выбег з Авальнай залі (праўда, што ў гістэрыку ён тады кідаўся часта, пазьней гэта прайшло, напэўна, падабралі правільныя мэдыкамэнты).

Уначы ў Дом ураду былі ўведзеныя войскі, кантралявалі «апэрацыю» тры асобы — сам Лукашэнка, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ленанід Сініцын (ён, між іншым, быў аўтарам «новага» гербу, хваліцца гэтым і цяпер) і кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкаў (потым ён прастаўляў аўтографы на даху адміністрацыі на кавалках парванага Бел-Чырвона-Белага Сьцяа).

Паводле пазьнейшага прызнаньня тагачаснага першага намесьніка старшыні КДБ генэрал-лейтэнанта Валерыя Кеза, у тую ноч у Авальную залю і фае перад ёй былі ўведзеныя больш як 600 людзей у форме, многія зь іх мелі агнястрэльную зброю. Дарэчы, генэрал Кез — адзіны, хто потым публічна, праз прэсу, папрасіў у нас прабачэньня.

Былі ўведзеныя падразьдзяленьні МУС (міністар — Юры Захаранка), КДБ (старшыня — Уладзімер Ягораў) і Мінабароны (міністар — Анатоль Кастэнка).

У 2 гадзіны 51 хвіліну начы 12 красавіка ўзброеныя людзі ўварваліся ў Авальную залю. Зьбівалі нас спачатку людзі ў чорных трыко і чорных масках — афіцэры групы КДБ «Альфа» (камандзір — Юры Бародзіч), потым, калі ўжо цягнулі да міліцэйскіх «варанкоў» — спэцназаўцы. Зянону Пазьняку спрабавалі выціснуць вочы, а Алеся Шута міліцыянты зьбілі дубінкамі яшчэ і калі выкінулі з «варанку» ля скверу Янкі Купалы. (1/2)

Фактычна, Лукашэнка сам дэлегітымізаваў свой т.зв. рэфэрэндум: ужо адно зьбіцьцё дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў працэсе працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму Вярхоўным Саветам робіць вынікі гэтага рэфэрэндуму «юрыдычна нікчэмнымі», канстатаваў тагачасны член Канстытуцыйнага Суду, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў.

Такім чынам, у гістарычнай рэтраспэктыве галадоўка дэпутатаў стала самым эфэктыўным крокаў апазыцыі з пункту гледжаньня дэлегітымізацыі антыканстытуцыйных дзеяньняў Лукашэнкі.

Хачу яшчэ раз падкрэсьліць: дэ-юрэ «Пагоня» і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі, роўна як беларуская мова мае статус адзінай дзяржаўнай, а Лукашэнка ня меў ніякага «дадзенага народам права» ні падпісваць інтэграцыйнгыя пагадненьні з Расеяй, ні распускаць Вярхоўны Савет, што ён зрабіў у 1996 годзе.

Абраным на свабодных дэмакратычных выбарах прэзыдэнту ці парлямэнту нават не спатрэбіцца адмяняць вынікі таго рэфэрэндуму — а толькі канстатаваць ягоную нелегітымнасьць. Бяз гэтага ні пра якое далейшае аднаўленьне канстытуцыйнай законнасьці ня можа быць і гаворкі.

Ужо раніцай 12 красавіка 1995 генпракурор Шаладонаў заявіў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы (факт зьбіцьця дэпутатаў быў зафіксаваны лекарамі «лечкамісіі»).

Па ўсіх прыкметах злачынства, справу мусілі ўзбудзіць па артыкуле 63 тагачаснага Крымінальнага Кодэксу («Тэрарыстычны акт») — «Пасягальніцтва на жыцьцё дзяржаўнага альбо грамадзкага дзеяча, зьдзейсьненае ў сувязі зь ягонай дзяржаўнай альбо грамадзкай дзейнасьцю, з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку альбо ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі альбо перашкоды палітычнай альбо іншай грамадзкай дзейнасьці».

Пакараньне — аж да сьмяротнага. А ўзбудзілі за... перавышэньне службовых паўнамоцтваў і хуліганства.

Але нават па такіх абвінавачваньнях сьледчаму па асабліва важных справах генпракуратуры Язэпу Бролішсу (менавіта ён у свой час вёў справу па Курапатах) не далі давесьці да канца, а генпракурор Шаладонаў быў адпраўлены ў адстаўку.

Безумоўна, Вярхоўны Савет у красавіку 1995-га павінен быў абвясьціць Лукашэнку імпічмэнт і аддаць пад суд яго і выканаўцаў злачыннага загаду. Гэтага зроблена не было.

Не здымаючы адказнасьці са старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, дэпутацкай большасьці і кіраўніцтва генпракуратуры, мушу, аднак, сказаць: шмат што, калі ня ўсё, залежала ад грамадзтва.

Кіраўніцтва парлямэнту дзейнічала б зусім інакш, калі б нараніцу перад Домам ураду стаялі дзясяткі тысяч людзей (як гэта было падчас Сэсіі Незалежнасьці ў жніўні 91-га).

Але народ — маўчаў.

Ня ўсе змаўчалі, канешне. Раніцай 12 красавіка да будынку Вярхоўнага Савета падтрымаць нас прыйшлі толькі сто, можа быць, паўтары сотні чалавек, былі і журналісты недзяржаўных СМІ. Я буду ўдзячны ім да скону свайго жыцьця.

Пра начныя падзеі ў Авальнай залі я адразу распавёў Васілю Быкаву, і ён прароцкі канстатаваў, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта». Думаю, пра гэтыя словы Быкава даведаліся сотні тысяч людзей.

Увогуле, вестка пра зьбіцьцё дэпутатаў, нягледзячы на ўжо поўны кантроль Лукашэнкі над дзяржаўнай прэсай, краіну абляцела імгненна.

Але амаль двухмільённы Менск — маўчаў. Маўчалі і людзі ў рэгіёнах.

Іх дзеці і ўнукі сёньня расплачваюцца на Акрэсьціна ды ў эміграцыі за тое маўчаньне, бо хунта краінай кіруе і па сёньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(49)