Филин

Кацярына Батлейка

Дракахруст: «Маленечкая здзелка або яе пачатак цалкам магчымы»

Сейм Літвы 30 чэрвеня ўхваліў кандыдатуру лідара сацыял-дэмакратаў Міндаўгаса Сінкявічуса на пасаду прэм’ер-міністра. Як змена кіраўніка ўраду можа паўплываць на адносіны Літвы да рэжым Лукашэнкі, Филин спытаў у палітычнага аналітыка Юрыя Дракахруста.

— Новы прэм'ер-міністр незалежны ад каляіны (path dependence). Справа ў тым, што яго папярэдніцы Ругінене было даволі складана змяніць палітыку на іншую. Цяпер прыйшоў новы чалавек. Ён быў ва ўрадзе, але даўно. Перад ім больш магчымасцяў, ён не будзе баяцца згубіць твар: маўляў, вы раней вялі такую палітыку, а цяпер такую. Дыяпазон гнуткасці большы, чым у яго папярэдніцы, — кажа Дракахруст у каментары «Филину». — Гэта абстрактнае назіранне. Але ёсць і больш канкрэтныя заўвагі.

Юры Дракахруст

Заявы, якія новы прэм'ер-міністр Літвы рабіў раней, сведчаць пра тое, што ён хутчэй настроены на нейкае паразуменне з Мінскам. Прынамсі, у яго няма пазіцыі, маўляў, няма пра што з імі размаўляць, трэба толькі ціснуць. Магчыма, ён да гэтага прыйдзе, магчыма — не.

Яшчэ адзін ускосны паказчык — крытыка на яго адрас, так бы мовіць «авансам». Партыя кансерватараў, якая знаходзіцца ў апазіцыі, выказвала перасцярогі, што новы прэм'ер будзе саступаць Маскве і Мінску. Думаю, гэта ўскосны паказчык таго, што нейкія змены магчымыя.

Акрамя таго, адна з першых заяў Сінкявічуса была пра тое, што Літва павінна лічыцца з меркаваннямі яе партнёраў і сяброў. У першую чаргу — у Еўразвязе, а ў другую — за акіянам. Гэта таксама знак, што прынамсі радыкальным праціўнікам нармалізацыі адносін з Менскам ён не будзе. Калі пэўная колькасць дзяржаў Еўразвязу і ЗША будуць выказвацца за больш гнуткую палітыку, то ён, як я зразумеў яго заяву, касцямі на гэтым шляху класціся не будзе.

Наўрад ці Літва будзе першай бегчы абдымацца з Лукашэнкам, але і граць ролю самых гарачых апанентаў афіцыйнага Менску — таксама наўрад ці. Пры гэтым Сінкявічус сказаў, што паляпшэнне адносін можа адбыцца не адразу і што кантакты не абавязкова павінны быць на высокім узроўні, магчыма — на тэхнічным.

Палітычны аналітык нагадвае, што абмеркаванне магчымых перамоў з афіцыйным Мінскам адбывалася яшчэ пры Ругінене. Цяпер жа можна чакаць пэўнага развіцця гэтай тэмы.

— Не ведаю ўсіх тонкасцяў літоўскай палітыкі, але думаю, што тут дзейнічаюць некалькі фактараў: адсутнасць path dependence, пэўны ціск або ўздзеянні ЗША, тэндэнцыі ў падыходах Еўразвязу.

Да гэтага я б дадаў пэўную эвалюцыю польскай палітыкі. Яна не мяняецца на супрацьлеглую, але мы бачым, што адкрылі пераходы, вызвалілі Пачобута. Гэта значыць, што, прынамсі на ўзроўні спецслужбаў, кантакты адбываюцца. Гэта яшчэ адзін чыннік, які можа паспрыяць таму, што новае кіраўніцтва Літвы будзе рабіць нейкія крокі.

Але мне здаецца, што не варта чакаць, што ўсё зменіцца заўтра. Чыста с тэхналагічных момантаў. Праходзяць людзі, садзяцца ў свае крэслы — беларускі кейс не самы пільны для іх, улічваючы, што крызіс з фурамі больш-менш залагоджаны, няма міграцыйнага патоку, паветраных шароў.

Міндаўгас Сінкявічус і Гітанас Наўседа. Фота: Robertas Riabovas, BNS nuotr

Акрамя гэтага, у Літвы ёсць прэзідэнт. У Наўседы свая пазіцыя — магчыма, не такая, як у сённяшняга прэм'ера, а больш жорсткая. Той жа прэм'ер і ўрад павінны лічыцца з прэзідэнтам.

У самой кааліцыі, наколькі я разумею, таксама ёсць розныя падыходы, таму нейкага вялікага павароту ці здзелкі я бы не чакаў. Але маленечкая здзелка або яе пачатак цалкам магчымы. Імавернасць гэтага большая, чым калі б спадарыня Ругінене заставалася на гэтай пасадзе.