Дракахруст: «Вільня не гатовая пайсці на перамовы, якіх дамагаецца Мінск»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у каментары Філіну — пра мэту Мінска выйсці з ізаляцыі і пачаць палітычныя перамовы з Літвой.
За нежаданнем Мінска выпускаць літоўскія фуры з краіны стаіць у тым ліку мэта выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Са слоў міністра замежных спраў Літвы, беларускі рэжым хоча палітычных перамоваў з літоўскім бокам, у той момант як літоўскі гатовы толькі на тэхнічнае вырашэнне праблемы.
Гэта пацвярджае і заява Лукашэнкі, які 25 лістапада выказаўся наконт сітуацыі з фурамі так:
— Няхай Міністэрства замежных спраў нашае і літоўскае сустракаюцца і разрульваюць гэтую сітуацыю.
Чаму для Мінска так важныя менавіта палітычныя перамовы з Літвой? І ці пойдзе наша суседка на гэта, ўлічваючы, што прылёты метэазондаў у Літву з тэрыторыі Беларусі працягваюцца? «Філін» абмеркаваў гэтыя пытанні з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.
— Беларускі бок выкарыстоўвае абставіны, каб праводзіць сваю лінію. І аргументы тут, як я разумею, у тым, што насамрэч гэта складаны вузел розных праблем: не толькі лёс фур, але і мэтэазондаў, — кажа Юры Дракахруст. — Мінск лічыць, што да гэтага маюць дачыненне і санкцыі, бо Лукашэнка яшчэ даўно, калі толькі іх ўвялі, заявіў, што Беларусь не будзе стрымліваць ні мігрантаў, ні паток кантрабанды.
Мінск працягвае казаць, маўляў, чаму мы павінны стрымліваць нешта кепскае для вас, калі вы прымаеце санкцыі? Калі хочаце, каб стрымлівалі, давайце абмяркуем палітычную сітуацыю.
Да таго ж, важны чыннік для беларускага боку — гэта амерыканскі прэцэдэнт. Вільня не хоча весці палітычныя перамовы з Мінскам, гэта агульная пазіцыя Еўразвяза. Але самы моцны саюзнік ЕЗ у выглядзе ЗША вядуць палітычная перамовы, а Трамп нават піша пасты пра Лукашэнку.
У гэтым сэнсе Вільні цяжка атрымаць у дадзеным пытанні падтрымку ЗША, бо яны перамовы вядуць.
Літоўскі бок, працягвае палітычны аглядальнік, пакуль што не ідзе на ўльтыматум Мінска і не ўступае ў палітычныя перамовы з рэжымам. Апроч таго, Вільня будзе намагацца ўвядзення новых санкцый за працяг палётаў мэтэазондаў і за затрыманне літоўскіх фур.
— Таксама ёсць заява пра магчымае закрыццё мяжы. Так, Вільня можа гэта зрабіць, але мы не бачым рэакцыі Еўразвяза — супольнай пазіцыі або тэрміновых дзеянняў. Апроч таго, Варшава не збіраецца закрываць мяжу з Беларуссю праз салідарнасць з Літвой.
Таксама варта адзначыць, што палітычнае манеўраванне адбываецца ў сітуацыі няпэўнасці, якую ўзмацняе лёс мірных перамоў па вайне ва Украіне. Ніхто не ведае, чым яны скончацца: магчыма, гэта чарговы заход, а потым бакі працягнуць вайну, а можа быць і не. І тут проста ў каго апынуцца мацнее нервы.
Пакуль мы бачым, што Вільня не гатовая пайсці на перамовы, якіх дамагаецца Мінск. Але мы і не бачым, каб Мінск адкаціў назад.
Цікава тут, што беларускае абыходжанне з літоўскімі фурамі не прывяло да таго, што паток спыніўся: перавозчыкі зноў паехалі. То бок страха ў літоўскага бізнесу няма, ён працягвае аперацыі і спадзяецца, што сітуацыя вырашыцца.
А як яна вырашыцца? Думаю, бакі ўсё ж такі пойдуць на нейкае пагадненне. Не выключаю, што ёсць нефармальныя адносіны. Акрамя таго, праз некалькі дзён чакаецца візіт Коўла ў Беларусь. Магчыма, апроч вызвалення палітвязняў, тэмай перамоў будзе і літоўскі кейс, прынамсі, лёс грузавікоў.
Читайте еще
Избранное