Таму тое, што бачаць людзі па тэлевізары, супярэчыць таму, што УНС – галоўны дзяржаўны орган.
Карабалевіч: Чаму на УНС Лукашэнку давялося апраўдвацца і што было на пасяджанні самым дзіўным
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч у каментары Філіну — пра першы дзень УНС і заявы Аляксандра Лукашэнкі.
18 снежня ў Беларусі пачаўся чарговы «Усебеларускі народны сход». Прамова Лукашэнкі доўжылася троху больш за 2 гадзіны, а потым ён яшчэ 2,5 гадзіны адказваў на пытанні.

Філін спытаў палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча пра ўражанні ад гэтай падзеі.
— Існуе пэўны разрыў паміж тым, што прапаганда імкнецца паказаць, і тым, што ёсць у рэальнасці. Прапаганда гаворыць, што УНС — галоўны дзяржаўны інстытут на сёння. Але тое, што паказваюць па афіцыйных каналах, выглядае зусім не так, — кажа Валерый Карбалевіч.
— Галоўны орган, па-першае, збіраецца раз на год. І нават не на два дні, а паўтары. Людзі бачаць, што ніякага абмеркавання на гэтым сходзе няма. Ёсць выступ Лукашэнкі — тэатр аднаго актора.
Па-другое, улады імкнуцца паказаць, што гэта кульмінацыя беларускай дэмакратыі — «народнае веча»: маўляў, сабраліся прадстаўнікі ўсяго народа. Але ж гэты орган ніхто не выбіраў. Зноў супярэчнасць.
Пры гэтым улады, адзначае Карбалевіч, і не спрабуюць моцна падняць статус органа: каб УНС, напрыклад, збіраўся часцей, а падчас яго сапраўды абмяркоўваліся праблемы.
— Робяць ўсё ў нейкай сакрэтнасці, толькі ў апошні момант паведамілі час паседжання, а міністр унутраных спраў сказаў, што ахоўваць будынкі мерапрыемства будуць з дапамогай сапёраў і беспілотнікаў. Гэта ўвогуле дзіўна выглядае — «Усебеларускі народны сход» як пагроза нейкая.
Але самае дзіўнае, што найбольш важным пытаннем, да якога ўвесь час звярталіся і дэлегаты, і сам Лукашэнка, — гэта пытанні пра апазіцыю, палітвязняў. Хаця, здавалася б, пры чым тут апазіцыя, якая ўвогуле за межамі? Значыць, траўма, атрыманая ў 2020-м, працягвае балець.
— Наколькі, па-вашаму, можна давяраць словам Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі ўжо размясцілі расійскі ракетны комплекс «Арэшнік»?
— Я не бяруся казаць, наколькі гэта адпавядае рэальнасці. У гісторыі з ядзернай зброяй і «Арэшнікам» больш піяру. Замежныя эксперты не пацвярджаюць знаходжанне ядзернай зброі ў Беларусі. Пра «Арэшнік» таксама спрачаюцца: яго вытворчасць стала на канвеер або гэта адзінкавыя экземпляры? Калі адзінкавыя, то ці хопіць іх і на Расію, і каб везці ў Беларусь. Таму я б не даваў ацэнку, наколькі гэта рэальна.
Тут пытанне ў іншым. З'яўленне ў Беларусі «Арэшніка», як і тактычнай ядзернай зброі — гэта паказчык велізарнай залежнасці Беларусі ад Расіі. У пытаннях абароны, у ваенных пытаннях Беларусь найбольш залежна ад Расіі і найменш суверэнна. Не выключаю, што гэта робіцца пад жорсткім ціскам з боку Масквы.
На УНС Лукашэнку давялося апраўдвацца, бо ён разумее, што яго пазіцыя не мае падтрымкі большасці насельніцтва ў Беларусі.
Таму ён спрабуе даказаць, што такі крок абараняе Беларусь, што суседзі ўмацоўваюць свае ўзброеныя сілы і, маўляў, існуе пагроза для Беларусі. Таму адзінае выйсце — гэтая расійская зброя.
Сам факт, што прыходзіцца апраўдваць мілітарызацыю Беларусі і тое, што Беларусь стала саюзнікам Расіі ў цяжкім канфлікце ў рэгіёне, сведчыць, што для самога Лукашэнкі гэта праблема.
У тым плане, што ён робіць рэчы, якія выклікаюць па меншай меры пытанні ў грамадстве і, магчыма, у асяроддзі эліты.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное