Карбалевіч: «Беларусы не жадаюць, каб іх гвалтам цягнулі ў Азію»
Беларусь паміж Кітаем, Расеяй і Захадам: новы геапалітычны вузел. Аналіз Валера Карбалевіча на Радыё Свабода.
Геапалітычная роля рэгіёну Ўсходняй Эўропы ўзрастае. Гэта цяпер пярэдні край супрацьстаяньня паміж Захадам і Ўсходам, паміж дэмакратыяй і дыктатурай. Павялічваецца міжнародная вага Беларусі. Калі ідзецца пра пагрозу вайны ў Эўропе, то «беларускі балькон» — неабходны элемэнт у любым ваенным супрацьстаяньні.
Міжнародныя падзеі разьвіваюцца вельмі хутка. Ацэнкі, аналізы і рэфлексіі не пасьпяваюць за імі.
Саміт ШАС і сьвяткаваньні ў Пэкіне засьведчылі, няхай на сымбалічным узроўні, падвышэньне геапалітычнай вагі Кітая. Старшыя КНР Сі Дзіньпін сабраў у Пэкіне кіраўнікоў 26 дзяржаваў, каб паказаць, што ягоная краіна — новы сусьветны цэнтар сілы. Гэтым самым ён кідае выклік ЗША.
Вынікам паездкі Ўладзіміра Пуціна ў Кітай стала тое, што Расея адчула большую незалежнасьць ад ціску ЗША. Пуцін асьмялеў. Ён ужо заявіў, што ня бачыць сэнсу ў сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, бо дамовіцца будзе «практычна немагчыма». Раней, пасьля Аляскі, ён нібыта выказваў згоду на такую сустрэчу. Ва ўсялякім разе так інтэрпрэтаваў сваю размову з расейскім прэзыдэнтам Дональд Трамп.
Адначасова мы назіраем аслабленьне адзінства Захаду. Асабліва гэта выяўляецца ва Ўсходняй Эўропе. Лідэры некаторых краін гэтага рэгіёну адмаўляюцца ад правядзеньня салідарнай эўрапейскай палітыкі. Шукаюць паразуменьня з Масквой кіраўнік ураду Вугоршчыны Віктар Орбан, прэм’ер Славакіі Робэрт Фіца. Апошні прысутнічаў на нядаўніх урачыстасьцях у Пэкіне, сустрэўся з Пуціным і Лукашэнкам, казаў пра намер наведаць Беларусь.
Новая адміністрацыя ЗША, скажам так, заняла больш асьцярожную пазыцыю адносна NATO. Гэта азначае, што роля Паўночнаатлянтычнага альянсу як гаранта бясьпекі ў рэгіёне аб’ектыўна зьмяншаецца.
4 верасьня на сустрэчы ў Парыжы «Кааліцыі ахвочых» распрацоўваліся пляны ўвядзеньня ва Ўкраіну міратворчых войскаў. У гэтым праекце гатовыя прыняць удзел 26 эўрапейскіх дзяржаў. Аднак пакуль гэта толькі пляны. Прычым, яны прывязаныя да падпісаньня мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай, якое пакуль не праглядаецца на гарызонце. Да таго ж Масква выступае катэгарычна супраць прысутнасьці войскаў краін NATO ва Ўкраіне ў любым фармаце.
Тым часам у Беларусі неўзабаве пачнуцца сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2025», якія выклікаюць значную ўвагу суседзяў і ствараюць пэўнае напружаньне ў рэгіёне.
Знакавай прыкметай такога напружаньня стала гісторыя з арыштам «польскага шпіёна» у Лепелі, пра што паведамілі дзяржаўныя СМІ. Сытуацыя дзіўная. 27-гадовы манах з Кракава прыяжджае ў Беларусь, ня ведаючы ані беларускай, ані расейскай мовы. І раптам у яго аказваюцца сакрэтныя дакумэнты з Генштаба, якія ён нібыта атрымаў з дапамогай сацыяльных сетак. Усё выглядае вельмі непраўдападобна.
«Шпіёнскія гісторыі» — ня рэдкія ў адносінах паміж краінамі. Звычайна яны рэгулююцца і вырашаюцца ў выніку перамоваў паміж спэцслужбамі. Але беларуска-польскія дачыненьні так моцна наэлектрызаваныя, што канфлікт адразу выйшаў на найвышэйшы ўзровень. Сытуацыю пракамэнтавалі міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і прэм’ер-міністар Дональд Туск. Таксама з заявай выступіла МЗС Беларусі.
Зважаючы на апошнія падзеі, прапанаваў бы некалькі высноваў.
1. Варта зьвярнуць увагу на дынамізм перамен. Важныя геапалітычныя зрухі адбываюцца на вачах аднаго пакаленьня і нават у больш кароткія пэрыяды. Напрыклад, беларусы за пяць апошніх гадоў перажылі так шмат, што здаецца адбылася зьмена эпох.
2. Апошні форум у Кітаі сьведчаць пра тое, што дыктатуры хутчэй прымаюць рашэньні пра падтрымку адна адной, чым дэмакратыі.
3. Геапалітычная роля рэгіёна Ўсходняй Эўропы ўзрастае. Гэта цяпер пярэдні край супрацьстаяньня паміж Захадам і Усходам, паміж дэмакратыяй і дыктатурай.
4. Павялічваецца міжнародная вага Беларусі з геаграфічных прычын. Калі ідзецца пра пагрозу вайны ў Эўропе, то «беларускі балькон» — неабходны элемэнт у любым ваенным супрацьстаяньні. Невыпадкова, што Беларусь стала адзінай краінай рэгіёну, у якой разьмяшчаецца і расейская тактычная ядзерная зброя, і ракетны комплекс «Арэшнік».
5. Рэжым Лукашэнкі — чыньнік дэстабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне. Да канца не зразумела, у якой ступені афіцыйны Менск напружвае абстаноўку па ўласнай ініцыятыве, а ў якой — з падачы Масквы.
6. Лукашэнка ладзіць спробы балянсаваць паміж Расеяй, Кітаем, а цяпер і ЗША. Аднак канфлікт з Эўропай, найперш, з суседзямі толькі абвастраецца. Тактыка балянсаваньня разбураецца непераадольнай канфрантацыяй з ЭЗ.
7. Міжнародная суб’ектнасьць Беларусі моцна залежная ад нявырашанага пытаньня суб’ектнасьці беларускага грамадзтва, ад дэмантажу дыктатуры. Бо геапалітычны выбар Лукашэнкі (паварот ад Эўропы да Азіі) — ня выбар беларускага народу.
І калі народ стане суб’ектам палітыкі, то гэта моцна паўплывае на рэгіянальныя расклады. Бо беларусы хацелі б застацца ў Эўропе і не жадаюць, каб іх гвалтам цягнулі ў Азію. Беларусы нацэлены на мір, добрасуседзтва з памежнымі краінамі, а іх уцягваюць у канфрантацыю.
Читайте еще
Избранное