Магчыма, такая карэкцыя пазыцыі Лукашэнкі зьвязана з тым, што плянаваны дыялёг паміж Менскам і Вашынгтонам пра вызваленьне палітвязьняў у абмен на скасаваньне санкцыяў застопарыўся. Бо гэтая тэма, як выглядае, ня ёсьць для Дзяржаўнага дэпартамэнту прыярытэтнай.
Карбалевіч: «Перамены, ініцыяваныя новай адміністрацыяй ЗША, закрануць Беларусь»
Прыход да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа стаў чыньнікам моцнай дэстабілізацыі ўсяго сусьветнага парадку. Як бы слаба Беларусь ні была інтэграваная ў працэсы глябалізацыі, хвалі з Вашынгтону непазьбежна закрануць краіну, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Апошнім часам беларускія экспэрты зводзяць прагнозы што да пэрспэктывы пераменаў у краіне да простай высновы. Маўляў, значных перадумоваў для пераменаў ня бачна, калі толькі не прыляціць «чорны лебедзь», то бок ня здарыцца нешта нечаканае і непрадказальнае. Можна сказаць, што ў гэтым пытаньні склаўся такі экспэртны кансэнсус.
І вось «чорны лебедзь» прыляцеў. Праўда, трохі ня так, як можна было б прагназаваць. Пакуль усе чакалі прылёту гэтай экзатычнай птушкі ў Беларусь, яна нечакана прыляцела ў ЗША. У выглядзе новага прэзыдэнта Дональда Трампа. І стала чыньнікам моцнай дэстабілізацыі ўсяго сусьветнага парадку.
Як гэта ўплывае і яшчэ можа паўплываць на Беларусь? З аднаго боку, краіна слаба ўпісана ў працэс глябалізацыі, моцна залежыць ад адной дзяржавы — Расеі. Таму збольшага можа ігнараваць усе катаклізмы і пэртурбацыі ў сусьветнай эканоміцы і палітыцы, якія сталі вынікам дзейнасьці новай амэрыканскай адміністрацыі.
Можа з гэтай прычыны Аляксандар Лукашэнка трохі карэктуе сваё стаўленьне да Дональда Трампа. У самым пачатку пасьля ягонага абраньня ён вельмі камплімэнтарна выказваўся пра новага амэрыканскага лідэра, даслаў цёплае віншаваньне, усяляк выказваў сваю сымпатыю. І нават рабіў «падарункі» ў выглядзе вызваленых зь беларускай вязьніцы грамадзян ЗША.
Аднак зь цягам часу з вуснаў Лукашэнкі гучыць усё больш крытыкі на адрас Трампа. Адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля суботніку 12 красавіка, ён назваў тое, што адбываецца ў ЗША, «шаленствам». І палічыў для сябе магчымым вучыць амэрыканскага прэзыдэнта: «Перш чым ляпаць языком, ты ж падумай».
Тым ня менш, як бы слаба Беларусь ні была інтэграваная ў працэс глябалізацыі, перамены, ініцыяваныя новай адміністрацыяй ЗША, закрануць краіну.
Пачнем з той жа тарыфнай, гандлёвай вайны, якую распачалі Злучаныя Штаты. Хоць Лукашэнка і кажа, што нам гэта няважна, нас не датычыць, можна не хвалявацца, але турбулентнасьць сусьветнай эканомікі так ці інакш закране Беларусь. Эканамічныя аналітыкі прагназуюць, што «тарыфная вайна» цягне за сабой няпэўнасьць, нестабільнасьць і ў рэшце рэшт прывядзе да рэцэсіі ў сусьветнай эканоміцы. Гэта будзе штурхаць уніз цэны на энэргарэсурсы.
Падзеньне цэнаў на нафту для Расеі — вельмі дрэнная рэч. А гэта ў сваю чаргу нэгатыўна адаб’ецца на беларускім экспарце ў РФ, які і без таго падае з пачатку году (напрыклад, у першым квартале МАЗ прадаў на расейскім рынку РФ у 5,8 раза менш аўтобусаў, чым летась).
Адмова ЗША надалей выконваць сваю ролю геапалітычнай дамінанты ў сьвеце (тое, што беларуская прапаганда называе «аднапалярным сьветам»), наўпрост тычыцца Беларусі. Найперш ідзецца пра імавернае аслабленьне NATO. Гэта адбываецца ў момант рэзкага ўзрастаньня агрэсіўных амбіцыяў Расеі. А Беларусь якраз знаходзіцца на мяжы, у самым цэнтры гэтага сутыкненьня.
Мы бачым абвастрэньне рыторыкі з абодвух канфліктных бакоў, моцную мілітарызацыю рэгіёну. Няпэўнасьць пазыцыі ЗША што да выкананьня сваіх абавязаньняў у рамках NATO робіць сытуацыю больш непрадказальнай.
Ці адбудзецца рэанімацыя Эўропы як вайскова-палітычнай сілы? Як гэта паўплывае на дачыненьні лукашэнкаўскай Беларусі з краінамі Эўразьвязу (пакуль мы бачым тэндэнцыю да эскаляцыі адносін)? Дасюль Лукашэнка зьняважліва лічыў эўрапейскіх палітыкаў «слабакамі» (ужываў больш грубы выраз). Цяпер ён ацэньвае іх інакш («шалёныя», «вар’яты»). Напружаньне ў стасунках з суседзямі расьце, чым гэта можа закончыцца — ніхто ня ведае.
Нягледзячы на ўсе высілкі Трампа, у вайне Расеі супраць Украіны пакуль не відаць канца. Кожны яе вынік, як і вынік перамоваў аб перамір’і, акажа значны уплыў на Беларусь. Што непазьбежна прыцягне ўвагу Вашынгтону да краіны. Ня столькі тэма палітвязьняў, калькі геапалітычная роля Беларусі ў зьвязку з расейска-ўкраінскай вайной хутка можа стаць прадметам «угоды», прапанаванай Менску.
Адмова ЗША ад палітыкі прасоўваньня дэмакратыі ў сьвеце ужо адмоўна адбілася на дзейнасьці беларускіх дэмакратычных сілаў. Спынілася фінансаваньне з боку Злучаных Штатаў праектаў падтрымкі структураў грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыя Беларусі. Гэта дае больш упэўненасьці рэжыму Лукашэнкі, пра што сьведчыць, напрыклад, актывізацыя дзейнасьці спэцслужбаў у дэмакратычным асяродзьдзі за межамі Беларусі.
Але пераход да прагматызму ў адносінах з Вашынгтонам выгадны афіцыйнаму Менску толькі пры ўмове, што ён мае што прапанаваць ЗША. Дасюль рэжым Лукашэнкі прапноўваў у якасьці гандлю палітвязьняў. Але калі ўявіць, што гэты «тавар» ня моцна цэніць новая адмінстрацыя ЗША, то чым яго можна замяніць?
Увогуле, могуць зьявіцца непрагназаваныя, пабочныя наступствы новай палітыкі ЗША, якіх цяпер ніхто ня можа прадбачыць. У пэрыяд сусьветнай турбулентнасьці для розных палітычных сілаў нечакана зьяўляюцца вокны магчымасьцяў. Хто будзе здольны імі скарыстацца, пакажа час.
Читайте еще
Избранное