Общество

Карней: «Пад шоў выдзелілі самую вялікую залу, галоў на 200»

Беларускі журналіст і былы палітвязень Ігар Карней расказаў, як праходзіў працэс над ім у стылі Кафкі.

— Два гады таму, 22 сакавіка, прадказальна перафарматаваўся з абвінавачанага ў асуджанага. Дзевяць месяцаў сьледзтва прыдумляла, як скласьці прымальную канструкцыю з небагатага наяўнага матэрыялу — гумусу і палак, — піша Ігар Карней.

Ігар Карней пасля вызвалення. Фота: «Радыё Свабода»

Месца рэінкарнацыі – Менскі гарадзкі суд. З усімі цырыманіяльнымі атрыбутамі прафілактычнага ўліку за «экстрэмізм»: ад Валадаркі — індывідуальная «Газель» (дакладней, закратаваны жалезны катух у канцы фургону), пяцёра ўзброеных канваіраў у балаклавах, зацягнутыя за сьпіной кайданкі.

Той час, калі ўжо трэба было пралічваць небясьпеку любой салідарнасьці: шмат пазьней даведаўся, што для хрысьціянскага актывіста Сяргея Мельянца прысутнасьць у якасьці гледача скончылася суткамі (12+13), пагрозай крыміналкі і тэрміновым ад’ездам за мяжу...

Пад шоў выдзелілі самую вялікую залу, галоў на 200. Відаць, пад урачыстыя нагоды тут ганаруюць перадавікоў судовага канвейру. Не бяда, што на фоне клеткі – якраз у кантэксьце «Беларусі сядзячай».

Зрэшты, хутка ўсё стала зразумела: карысную прастору занялі прапагандоны – твары асноўных тэлеканалаў ды глашатаі з саўбелаўскага холдынгу. Прэзумпцыя невінаватасьці – дакладна не пра іх. Сваё паралельнае судзілішча яны ўчынілі яшчэ да пратакольнага – постфактум пачытаў справаздачу ў прыдворным рупары: па панядзелках у кармушку прасоўвалі асобнік «СБ», гэткая ідэалагічная падачка з боку дзяржавы.

Дарэчы сказаць, у той рэдакцыі атабарылася цэлая кодла ўнівераўскіх аднакурсьнікаў ды колішніх калегаў. Значыць, адны замаўлялі, другія вычытвалі, трэція вярсталі, чацьвёртыя карыкатурылі. Сьмяшней не прыдумаеш: вучыліся ў адных аўдыторыях, жылі ў інтэрнацкіх пакоях, выпівалі ў агульных кампаніях…

«В своих статьях давал ложную картину об экономическом, социальном, военном и международном положении Республики Беларусь. Делалось это сознательно, чтобы повысить уровень напряженности в обществе, создать неприязнь к государственным органам». І аптымістычная наводка для служак катарактнай Феміды: «...за что по совокупности и заслужил свои 6 лет лишения свободы». То бок, максімальны тэрмін паводле арт. 361-1, ч. 3 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні).

Што б тыя не плявузгалі, прынамсі для сябе разумеў: для маіх родных і блізкіх гэта адзіная магчымасьць пераканацца, што я яшчэ існую. Праўда, леварукія і тут напартачылі, бо на скрынштотах і сёньня сябе не пазнаю. Ніколі не быў схільны да буйных памераў, а тут ілюзія сытага жыцьця ў няволі. Прынамсі ў тэлесправаздачах праз эфект лінзы (клетка не з кратаў, а мадэрнова-шкляная) выгляд меў даволі шчакасты.

Калі ў леташнім студзені красаваўся на экранах з дворыку КДБ, карцінка ўжо была куды больш рэалістычная.

Адразу адчуваецца, што за справу бяруцца спецы з органаў. Разам з правераным карэспандэнтам па прозьвішчы Казёл — відаць, стараўся не дзеля славы, бо ў тытрах сарамліва прыкрыўся псеўданімам Александровіч.

Ну і далей — як у дарослых: з выклікам сьведак, якіх пачалі праслухоўваць яшчэ за пару месяцаў да майго затрыманьня, цытаваньнем узламаных перапісак і г.д. Праўда, не прайшло і пару гадзін ад пачатку, як застаўся сам-насам са сваёй «тройкай»: вяшчацелі і пісацелі раптам сарваліся з месцаў, учыніўшы затор у дзьвярах.

Аказваецца, да будынку прыйшлі з дзясятак акрэдытаваных дыпламатаў, якіх, натуральна, далей за вестыбюль не пусьцілі.

Праз тыдзень пабачыў нататку допыту супрацоўнікаў дыпмісій. «Женщина, вы с таким красивым выражением лица стоите молча около здания суда. Какой основной ваш посыл сегодняшнего присутствия?». Добра, што не «гражданочка», з байцоў інфармацыйнага фронту станецца. Падсумаваньне адпаведнае: «Попытка давления на белорусское правосудие, наглое, неприкрытое вмешательство во внутренние дела независимого государства». Халера, якія ранімыя).

Адным словам, калі пасьля такога навязьлівага прамоўшну нацягнулі толькі на палову, значыць, наогул не было за што. Паўсотні тэкстаў сапраўды адправілі на экспертызу, каб прадэманстраваць тую самую «ложную карціну», аднак нічога злачыннага не знайшлі нават пільныя кантралёры. Адзінае, калі ўжо задзейнічалі столькі рэсурсаў, не адпускаць жа проста так. Цалкам у стылі даведзенага да абсурду «Працэсу Кафкі.

Мой персанальны працэс даручылі дуплету шматстаночнікаў у палітычных справах: мацёры суддзя Кацэр (адразу ж атрымаў мянушку Карцэр) і малады кар’ерыст-пракурор Дзяцел (выдатнае абагульненьне для ўсіх дзяржабвінаваўцаў, якія тэхнічна настукваюць узгоднены тэрмін).

Супольна накінулі 3 гады, 500 базавых і штраф за даходы, атрыманыя «злачынным шляхам». Малаток, завеса, канвой. The show is over.

Калі пад канец 2024-га ў шклоўскай калоніі набадзяжылі новую крымінальную справу, парадаваўся, што сістэма працуе на стылі. Пракурора, які запатрабаваў дадатковы год за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі», не згадаю, а вось суддзя Тараканаў у памяці застанецца, як ні круці. І хочацца, каб ня толькі ў маёй, а і міжнароднага правасуддзя…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)