Амаль чатыры месяцы не распранаюся, кладуся ў поўнай амуніцыі, скідваю толькі гумавыя шлёпанцы. Прадольныя ўжо ў зімовых бушлатах, а мы па-ранейшаму ў летніх «піжамах». Накрываюся з галавой, пакідаю толькі маленькую адтуліну для носу, каб дыхаць. Гэта мае ратавальныя сховішчы: вігвам, іглу, ціпі… Кожны раз новыя.
Карней: «Уся тройка – пракурор, суддзя, сакратар — прапануе ўнікальную паслугу з выездам да кліента»
Былы палітвязень — пра «ўніверсальную дубіну» — артыкул 411.
— Адзін з самых ганебных інструментаў у руках так званага правасуддзя – крымінальны артыкул 411, з дапамогай якога любога арыштанта можна зрабіць «пажыццёвікам» нібыта за сістэмнае «непадпарадкаванне», — піша журналіст Ігар Карней. — Падобнае беззаконне, якое супярэчыць усім нормам гуманнасці, не мусіць існаваць у прынцыпе!
То бок, заязджаеш у калонію з канкрэтным тэрмінам, вядзеш унутраны адлік да вызвалення, а там на цябе чапляюць «злоснага парушальніка» і раз за разам дадаюць непрагназаваныя «бонусы» – камусьці некалькі месяцаў, а некаму і пару гадоў.
Асабліва бесцырымонна той «дубінай» карыстаюцца ў дачыненьні да палітычных. Сотні штучна інспіраваных спраў, каб ударыць максімальна балюча — і маральна, і фізічна.
Далучаюся да ўжо агучаных гісторый з уласным досведам «раскруткі» — пра новую крыміналку даведаўся на пятым месяцы адзіночкі ПКТ у Шклове. Пра ўсё гэта будзе ў кніжцы, якая, спадзяюся некалі выйдзе).
…Набліжаліся доўгія выходныя з нагоды «акцябрскай рэвалюцыі». Чатыры дні прастрацыі, якія абнуляюць нават мінімальныя радасці самотнага існавання — чацвярговую замену літаратуры, пятнічную атаварку, чаканую пошту пад уікэнд. Заставалася толькі нядзельная памыўка ды камерныя пасцірушкі.
Затое ў службоўцаў радаснае ўзбуджэнне: 6 лістапада, кароткі дзень, неўзабаве можна нармальна жахнуць за такія жывучыя ў «хрустальным сасудзе» ідэі бальшавізму. Вось у каго галава не забітая рознай ліберальнай лухтой.
Мой умоўны спакой нечакана разбіў удар у дзверы і загад застыць у позе вітрувіанскага чалавека. Бакавым зрокам заўважаю штабнога «асабіста» — не часты госць у ізалятары, значыць, будзе штосьці не самае шараговае (і ніколі прыемнае).
Ахоўнікі з суправаджэння моўчкі прасвяцілі ўсяго мэталадэтэктарам, для гарантыі абмацалі ўручную, напялілі маску і сагнутага павялі направа ад камеры. Значыць, у бок пакою дагляду.
За жалезным сталом, куды падчас прагулачнага шмону скідваем усе свае вопраткі, сядзіць малады «качок» у кашулі, якая ледзь не лопаецца ад мышцаў. Прадставіўся следчым Шклоўскага РАСК Цыбульскім. Побач жанчына сярэдніх гадоў, пазней высветлілася, што з раённай калегіі адвакатаў. Перад цывільным раскрытая папачка, падштурхнуў у мой бок.
Менавіта тое, чаго ў душы небеспадстаўна апасаўся, слухаючы праз дынамік занудныя лекцыі аб ужыванні да найбольш злосных парушальнікаў рэжыму артыкулу 411. І вось флегматычная канстатацыя факту: я фігурант менавіта такой справы. Сабралі ўсе інспіраваныя парушэнні і абгарнулі ў «непадпарадкаванне законным патрабаванням».
Аказалася, «расследванне» адміністрацыя калоніі ініцыявала яшчэ 11 кастрычніка, пра што і падала заяву ў раённае аддзяленне Следчага камітэту Шклову. Мабыць, адкладаючы на потым, урэшце забыліся пра чырвоную дату. Толькі калі падыходзіў да заканчэння месячны тэрмін, пасля якога трэба або закрываць справу, або даваць ёй далейшае развіццё, знізышлі да інфармавання зацікаўленай асобы, то бок мяне.
Для стварэння антуражу законнасці даставілі «палажняковую» адвакатку, якая без выкрутасаў давяла: сэнсу штосьці аспрэчваць няма, вынік перадвырашаны. Прэцэдэнтаў, каб нехта з палітычных саскочыў, не зафіксавана.
Балазе, у маім выпадку першая частка 411-га адштурхоўваецца ад класіфікацыі ранейшага злачынства як меней цяжкага (арт. 361-1, ч. 3) і абмяжоўвае максімальны вырак 1 годам. «Цяжкавагавікам» могуць уляпіць адразу два.
Нядаўні выпускнік міліцэйскай акадэміі яшчэ не замацярэў да той ступені абыякавасці, калі ў гатовы трафарэт ляніва ўбівае новыя прозвішчы. Паабяцаў звязацца з сям’ёй, каб паведаміць пра кардынальны паварот падзеяў. І, трэба прызнаць, слова стрымаў. Пасля выходнага марафону 11 лістапада сустрэліся са шклоўскім бодзі-білдэрам яшчэ раз. Афіцыйна завяршылі следства і перадалі справу пракурору...
Месяц пасля завядзення справы трымаць у невядомасці, каб пасля проста канстатаваць факт новай крыміналкі! Неверагодны цынізм. Адразу парадавалі, што ў гэтай краіне ўсё для людзей. Нават не запатрабуецца нікуды трэсціся халодным аўтазакам, уся тройка – пракурор, суддзя, сакратар – прапануе ўнікальную паслугу з выездам да кліента. А шоў чакалася грандыёзнае: адных толькі сведкаў супраць нячэснага журналіста назбіралі больш за два дзясяткі! Спрэс штатныя супрацоўнікі ПК №17.
Працэс прызначылі на 11 снежня. Наперадзе тры тыдні трывожнага чакання. Бадай, упершыню не ратавалі нават кніжкі: якая ні патрапіць у рукі – смерць, пакуты, выпрабаванні. Перад вачыма карціны цывілізацыйнага калапсу, пагружэння ў пякельны водазварот. Звычайна чакаеш адбою, каб занырыцца ў персанальны панцыр адмежаванасці, настроіцца на ўласную хвалю. А зараз не дапамагае. Напляваць. Як у той показцы, поўная абыякавасць да жыцця.
Матрац — толькі назва, доўга ў адной позе не паляжыш, муляюць сінякі, набытыя ў шыза. І ўсё ж лепш, чым на астылых дошках.
Хацелася ўжо хутчэйшага садзілішча, каб хоць у адным пытанні вымалявалася нейкая пэўнасць. Як ні абсурдна, любы вырак быў адзіным шанцам дачасна вырвацца з гэтай бясконцай тугі. Таму, на дзіва, раніцай дня Х адчуваў сябе эмацыйна зараджаным, нібы чалавек, якога наперадзе чакаюць адназначныя змены. Не абавязкова гераічныя.
Пад імправізаваны суд адвялі штабную актавую залу. Але спачатку — клетка адстойніка. Перада мной па-хуткаму збіраліся перавесці на турэмны рэжым выпадковага забойцу, які гэткай жа хітрасцю звальваў са шклоўскага раю.
Перакінуліся парай слоўцаў праз краты, сказаў, што з задавальненнем вернецца ў магілёўскую крытку да «свайго дзеда» – такім маральным аўтарытэтам нават для крымінальнікаў стаў філосаф і палітвязень Уладзімір Мацкевіч. А вось і мая чарга.
У калідоры натоўпам тусуюцца «сведкі». Весела ўсвядоміў: гэта ж толькі дзеля мяне гатовыя паралізаваць працу калоніі, вырваўшы са змены столькі народу! Абы пазбавіцца ад нелаяльнага элемента. О, нарэшце і вечна гарластыя вертухаі моўчкі расступаюцца, даюць зялёны калідор.
Канвой спыняе адразу пры ўваходзе. Удалечыні ганаровая «тройка»: пракурор, суддзя, сакратарка. Называюся, дазваляюць прысесці. Ахоўнікі па баках. Потым смешна сінхронна скакалі, як толькі мне трэба было падняцца для адказу.
Мутарная працэдура высвятлення асобы, агучванне пракурорам сутнасці прэтэнзій на мой адрас. «Ранімыя» выступілі шырокім фронтам: з 22 заяўленых сведкаў злачынстваў прапятлялі толькі начальнік Карніенка і мой непасрэдны куратар Драздоў, нібыта захварэлі. Астатняя дваццатка некалькі гадзін запар не шкадавала жывата свайго, давялося ахвяраваць абедам...
Пасля размазванняў па сцяне ўжо і сам не разумееш, як усё жыццё атрымліваў граматы ды падзякі, а ў 50+ страціў адэкватнасць і пусціўся ва ўсе цяжкія. Не прыходзілася сумнявацца, чые аргументы перамогуць, з такім настроем і развіталіся да фінальнага пасяджэння ў пятніцу 13-га. Мінімальнай інтрыгай – колькі ўрэшце дакінуць.
У дзень прысуду пракурор без прэлюдый прыступіў да сістэматызацыі калектыўных сведчанняў і на падставе бясспрэчных доказаў запатрабаваў «адэкватнае пакаранне» – 1 год зняволення на падставе ч. 1 арт. 411 КК.
Замаячыла новая рэальнасць – чатыры гады замест ранейшых трох. Без аніякай гарантыі, што лічба канчатковая: процьма выпадкаў, калі няўгодных раз за разам заводзілі на паўторкі.
Маё апошняе слова проста як зацяжка часу перад вяртаннем у абрыдлую катавальню. Хіба «тройка» ўнутрана пазабавілася, пачуўшы ў зоне беларускую мову. Парадокс, але з гледзішча цяперашняга палітычнага і турэмнага рэжыму, а гэта сутнасна адно і тое ж, ёй тут самае месца. Носьбіты беларускасці даўно асацыююцца з небяспечнымі злачынцамі.
Ці суддзя Тараканаў праявіў неўласцівы гуманізм, ці перастрахаваўся на будучыню, аднак самавыдаленне ў «дарадчы пакой» яўна зацягнулася. Канчатковы вердыкт здзівіў лаяльнасцю: 10 месяцаў зверху. Пры тым, што зазвычай пракурорскі запыт у палітычных працэсах не карэктуецца. Мабыць, калядныя зніжкі. Праўда, з накіраваннем у калонію строгага рэжыму, бо рэцыдывіст.
У любым разе: Шклондан, гуд бай. Менавіта такую двухсэнсоўную мянушку атрымаў лагер, які намагаўся ўразіць інспектараў розных масцей лонданскімі фасадамі, але сутнасна заставаўся ўсё тым жа местачковым захалусцем. Шкловам (=шкловатай) галаўнога мозгу…
Читайте еще
Избранное