«Кэдэбісты адчынілі шафу і спыталі: «Гэта, напэўна, падарункі?». Я кажу: «Так, бачыце, як нас падтрымліваюць»

Жонка палітзняволенага палітыка Паўла Севярынца Вольга распавяла Радыё Свабода, як больш за пяць год чакала мужа і выхоўвала сына ў Беларусі.

Вольга Севярынец. Скрыншот з відэа Радыё Свабода

«Мы ўвесь час стараліся, каб Паша быў чалавекам, які пастаянна прысутны ў жыцці сына»

— Пра тое, дзе Паша, я старалася казаць праўду Францішку. Калі ён быў зусім маленькі, то падавала ў выглядзе казкі пра дабро і зло, святло і цемру, — кажа Вольга Севярынец. — Пасля, па меры яго сталення, усё больш праўды мы адкрывалі і казалі, як ёсць.

І я старалася быць адкрытай у сваіх пачуццях: калі хацелася плакаць пры ім — плакала, калі хацелася маліцца — малілася. Бо дзеці, калі матулі кепска, часта пераносяць на сябе і думаюць, што гэта з-за іх. Ён так да мяне падыходзіў і казаў: «Ты з-за мяне плачаш?». Я не хацела, каб ён так думаў, таму адказвала, што чалавек, якога я люблю, яго тата, за кратамі і таму мне сумна.

— Мы ўвесь час стараліся, каб Паша быў чалавекам, які пастаянна прысутны ў жыцці сына. Пісалі разам лісты, збіралі перадачы. Праз два гады Паша пачаў канкрэтна яму пісаць лісты і маляваць малюнкі. І гэтыя лісты былі накіраваныя на цікавасці Францішка.

Паша быў паглыблены, ведаў, што з сынам адбываецца. А Францішку мы паказвалі відэа з вяселля, вандроўкі, абмяркоўвалі, што будзем рабіць, калі Паша вернецца. І зараз, калі ён на волі, у іх няма ніякіх непаразуменняў.

Сын Севярынцаў пайшоў у першы клас у Беларусі. Па словах Вольгі, яна не заўважыла, каб адміністрацыя школы спецыфічна на гэта рэагавала.

«У Беларусі жывеш адным днём»

— Адзінае, ад нас, як здалося, больш патрабавалі дакументаў, каб прадставіць, што мы дакладна адносіліся да гэтай школы. Што яны не проста так узялі, як не мясцовых, а што так супала, што Севярынец будзе вучыцца ў іх школе.

Асаблівага стаўлення да Францішка я не заўважыла. Адзінае, я вучыла яго, што пра тату ў школе не трэба расказваць, хаця гэта было важна для яго. Мы дома часта размаўлялі пра гэта. Вучыла, што трэба быць больш стрыманым у пытаннях гісторыі, сцягоў, гімнаў. Бо Францішка рос у нашай сям'і і ведаў, як ёсць на самай справе. Ён хлопец паслухмяны: як яму сказалі, так сябе і паводзіў.

У гэтай гісторыі быў сумны момант: на ўроку малявання сыну сказалі намаляваць сям'ю, і ён намаляваў без таты: ён, мама, бабуля, дзядуля. Кажу: «А чаму тату не намаляваў?». Ён адказаў: «Ну, пра тату нельга казаць, таму я вырашыў нават яго не маляваць».

Калі Паўла вызвалілі, а Вольга з сынам змаглі прыехаць у Вільню, Францішак, распавядае жанчына, першым да яго пабег, шчыра абняў і не хацеў адпускаць:

— Гэта любоў сына вельмі вялікая. Зараз ён ходзіць вакол Пашы з прыдыханнем: тата, тата. Так цікава, калі ён яго кліча, у мяне новыя нейроныя сувязі ўзнікаюць, бо я не чула ніколі (дагэтуль — С.) , як мой сын Пашу называе татам, бо ён яшчэ гаварыць тады не ўмеў. Гэта так крута.

читайте также

Калі сям’я яшчэ знаходзілася ў Беларусі, супрацоўнікі КДБ два разы праводзілі ператрус у іх кватэры.

 — Калі б мне зараз сказалі, што гэта будзе шлях даўжынёй пяць з паловай гадоў, можа быць, я б і не справілася. А так — тыя, хто жыве ў Беларусі, ведаюць, што там жывеш адным днём. Пражыў, дзякуй Госпаду, ідзем далей. Так было і ў нашай сітуацыі: ад падзеі да падзеі. І, дзякуй богу, мы дачакаліся.

Першы ператрус у нас быў у канцы 2021 года, калі да нас прыйшлі па дапамозе ад «Краіны для жыцця». Даволі хутка ўсё прайшло.

А другі ператрус быў у пачатку 2024-га, калі была вялікая група захопу тых, хто дапамагаў сваякам палітвязняў. Мы падышлі з Францішкам да пад'езду, у мяне быў дзень народзінаў. Мяне павіншавалі кэдэбэшнікі, паднялі наверх маю піццу. А Францішка я адразу змагла перадаць сястры, якая хутка падбегла.

Там яны ўжо больш дакладна ператрус праводзілі, хадзілі па кватэры, вышуквалі.

Скажу шчыра: у той раз я з Францішкам ужо развітвалася, думала, таксама «паеду».

Але яны не знайшлі нічога асаблівага, павезлі на допыт і потым адпусцілі. Але з таго часу я была з наборам гігіенічных сродкаў, кожны дзень з сабой насіла, бо мне намякнулі, што ўсё можа быць.

Цікавае было, што чалавек, якога я лічыла сваім сябрам, сачыў за мной. Было складана, бо пачынаеш да ўсіх новых людзей ставіцца з падазрэннем.

Але вельмі дапамагала на гэтым шляху, кажа Вольга, салідарнасць беларусаў.

— Калі падабраць словы пра свае хваляванні і страхі, можа быць, атрымаецца, то выказаць усю тую любоў, падтрымку, салідарнасць, спагаду, якую беларусы аказвалі нашай сям'і ў Беларусі — не хопіць словаў і гісторый. Гэтыя людзі назаўсёды ў сэрцы нашай сям'і, мы бясконца ўдзячныя.

Людзі прыносілі шмат падарункаў Францішку. Нават калі прыйшлі кэдэбісты з ператрусам, адчынілі шафу і пытаюць: «Гэта, напэўна, падарункі?». Я кажу: «Так, бачыце, як нас падтрымліваюць». Там зацанілі як бы ўсё гэта.

Цяпер, па словах Вольгі, ім таксама вельмі дапамагаюць беларусы, якія жывуць у Літве.