Филин

Наталля Север

Кірылюк: «Логіка такая — бачылі вочы, што куплялі. Бо, па нашым законе, нельга купляць крадзенае»

Юрыст у інтэрв’ю «Филину» — пра тое, ці можна будзе вярнуць маёмасць, канфіскаваную ў актывістаў і палітзняволеных.

Улады не змаглі прадаць канфіскаваную ў спартсменкі Аляксандры Герасімені кватэру. Аўкцыён па продажы нерухомасці трохразовай алімпійскай прызёркі не адбыўся. Як адзначаецца, прычынай стала адсутнасць заявак на ўдзел у таргах.

Але ж да гэтага з трэцяй спробы прадалі трохпакаёвую кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх у Мінску. Вядомыя прэцэдэнты і з нерухомасцю іншых актывістаў і палітвязняў.

Филин пацікавіўся ў юрыста НАУ Міхаіла Кірылюка, ці змогуць уладальнікі вярнуць сабе маёмасць. Спойлер: з вялікай верагоднасцю так.

— Ва Усходняй Еўропе была практыка пасля зыходу камуністаў рэстытуцыі таго, што было канфіскавана пры іх, — нагадаў Міхаіл Кірылюк. — Калі пакупнікі такой маёмасці, часам па заніжанай цане, разлічваюць на тое, што змяніцца штосьці можа толькі, калі да ўлады прыйдуць, там, Ціханоўская ці Латушка, то я б на гэта не разлічваў.

Нават пры Лукашэнку падобныя дамовы аспрэчваліся ў судах проста таму, што былі парушэнні пры набыцці.

Міхаіл Кірылюк

Былі гучныя справы, калі людзі куплялі аўтамабілі ў аўтахаўсе, а потым высвятлялася, што аўтахаус за тыя аўтамабілі не поўнасцю разлічыўся з іх папярэднімі прадаўцамі. Але ж новыя пакупнікі пра гэта не ведалі і быццам бы з’яўляліся добрасумленнымі пакупнікамі.

І ўсё ж дамову прызнавалі не сапраўднай, аўто па суду забіралі і аддавалі папярэдняму ўладальніку. Грошы не кампенсавалі. І гэта тычылася не толькі аўто, але і нерухомасці, якую куплялі ў фірм, пасля прызнаных банкрутамі, напрыклад. Так што практыка ёсць.

Суддзі ў эканамічных судах у большасці выпадкаў схіляліся да таго, каб у любой спрэчнай сітуацыі прызнаваць пакупніка нядобрасумленным нават па ўскосных доказах.

Логіка была такая — бачылі вочы, што куплялі. Бо, па нашым законе, калі казаць спрошчана, нельга купляць крадзенае. І суд павінен вырашыць, што ведаў пакупнік, калі купляў.

Вядома, пакупнік кажа: я нічога не ведаў. І тады суд павінен вырашыць, ці былі ў яго аб'ектыўныя падставы не ведаць, што гэта за пакупка.

Падкрэслю, у тых камерцыйных судах, пра якія я распавёў, пакупніку атрымаць кампенсацыю было вельмі цяжка, амаль немагчыма.

У выпадку, калі палітычная сістэма наогул зменіцца, мне цяжка будзе паверыць, што нехта з тых, хто купіў кватэру Ціханоўскіх ці іншага палітвязня, не ведаў пра тое, што гэтыя людзі не злачынцы, а ахвяры палітычнага пераследу.

Такому чалавеку вельмі цяжка будзе распавесці ў судзе, што ён купляў кватэру і думаў, што гэта звычайны аўкцыён.

Таму ці будзе новай уладай пасля Лукашэнкі яго пераемнік, ці гэта будуць дэмакратычныя сілы, ва ўсіх выпадках пры набыцці такой маёмасці чалавек рызыкуе тым, што ўмовы дамовы будуць перагледжаны.

— Ці існуе ў дачыненні да такіх спраў тэрмін іскавай даўнасці?

— Існуе, але ён наўпрост можа быць працягнуты. То-бок я б не рызыкаваў сваімі грашыма, таму што і папярэдняя практыка Усходняй Еўропы, і нават сучасная практыка Беларусі сведчаць аб тым, што, нават калі змены адбудуцца праз год-тры-пятнаццаць (а ўлада ўсё роўна з высокай верагоднасцю зменіцца), у людзей, у якіх адабралі маёмасць, інтарэс аспрэчваць гэтыя дамовы нікуды не дзенецца.

Для мяне, напрыклад, як для праўніка вельмі лёгка будзе абгрунтаваць, чаму тэрмін іскавай даўнасці павінен быць працягнуты.

Таму што адбываўся палітычны пераслед, які, відавочна, звязаны з тым, каб забяспечыць палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку і канфіскацыю маёмасці.

І калі ты па аб'ектыўных прычынах, па прычынах злоўжывання правам злачынцамі не можаш атрымаць магчымасць падаць свой пазоў, абсалютна лагічна дазволіць табе атрымаць кампенсацыю тады, калі ў цябе з’явіцца магчымасць прыехаць у Беларусь.

Гэта будзе нармальная практыка. Існуе шмат інтэрасантаў, у каго адабралі не толькі нерухомасць, але і грошы, і іншую маёмасць. Шмат людзей незаконна аштрафавалі.

Людзі будуць падаваць свае скаргі непасрэдна да дзяржавы, а дзяржава ўжо будзе ці то шукаць сродкі ў бюджэце, ці то забіраць іх у тых, хто атрымаў выгаду ад набыцця чужой маёмасці.

І, напрыклад, у выпадку незаконных штрафаў іх давядзецца вяртаць з бюджэтных сродкаў, а потым ужо выстаўляць рэгрэсныя іскі тым, хто злоўжываў сваім правам, вынасіў незаконныя прысуды, фальсіфікаваў прыгаворы і абвінавачвання і г.д.

А вось у выпадку з нерухомасцю ўсё прасцей, яе проста можна вярнуць папярэднім уладальнікам, а тым, хто гэтай нерухомасцю зараз валодае, растлумачыць, што ён мае права заявіць пазоў да дзяржавы з патрабаваннем кампенсацыі.

І пазоў абавязкова будзе задаволены, але пры ўмове, калі чалавек дакажа, што з’яўляецца добрасумленным пакупніком. Гэта такая базавая канструкцыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)