Общество

Конвейер репрессий. Двум бывшим руководителям независимого издания Intex-Press присудили огромные сроки

Хроника политического преследования 27 февраля.

Двух былых кіраўнікоў Intex-Press асудзілі да вялізных турэмных тэрмінаў

У Брэсцкім абласным судзе 26 лютага 2026 года быў агучаны прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку. Пра гэта паведамляе БАЖ.

Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч. Калаж: БАЖ

Судовы працэс над медыяменеджарамі распачаўся 3 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.

Як стала вядома БАЖ, абодвух абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Уладзіміру Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўлення волі і 3000 базавых велічыняў (135 тысячаў рублёў) штрафу на карысць дзяржавы, Андрэю Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых велічыняў (45 тысячаў рублёў) штрафу. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне ў памеры каля 200 тысячаў рублёў. 

Сутнасць абвінавачання невядомая.

Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам найбуйнейшай незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Андрэй Пакаленка працаваў там жа намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля таго, як выданне было зліквідаванае, яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by).

У снежні 2024 года супрацоўнікаў новага гарадскога партала затрымалі. У іх жыллі, а таксама ў рэдакцыі сілавікі правялі ператрусы, забралі тэхніку. Некалькіх чалавек адпусцілі, а супраць шасці затрыманых, якіх змясцілі ў СІЗА, па распараджэнні Берасцейскай пракуратуры завялі крымінальныя справы ў межах арт. 361–4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Сайт BAR24 апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. 9 студзеня 2025 года яшчэ быў даступны наведнікам, але з 13 студзеня 2025 года перастаў адкрывацца і паказваў плашку «Веб-сайт bar24.by временно не обслуживается».

11 лістапада 2025 года імёны чатырох асуджаных супрацоўнікаў BAR24, створанага камандай колішняга Intex-Press Наталлі Семяновіч, Мікіты Пятроўскага, Руслана Равякі і Людмілы Зеляньковай былі дададзеныя да «Пераліку асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці, які складае МУС Беларусі. Усе чацвёра былі асуджаныя да «хатняй хіміі» — абмежавання волі без змяшчэння ў папраўчую ўстанову з абавязкам выконваць патрабаванні адмысловага рэжыму.

Рэдакцыя Intex-press сутыкнулася з праблемамі ў працы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

У траўні 2021 года Міністэрства інфармацыі даслала пісьмовае  папярэджанне. У дакуменце паведамлялася, што інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, якое было апублікаванае ў газеце 14 красавіка, прызнанае «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», і патрабавалася ўстараніць «дапушчаныя парушэнні».

Таксама тады ж, 4 траўня, рэдакцыя атрымала ліст ад дырэктара Брэсцкага філіяла ГРУП «Белсаюздрук» Таццяны Зіневіч, у якім гаварылася, што з 5 траўня 2021 года прадпрыемства скасоўвае дамову аб супрацы і спыняе рэалізацыю газеты. Адмовіліся яе прадаваць і гандлёвыя сеткі. РУП «Белпошта» выключыла незалежнае баранавіцкае выданне з падпіснога каталогу.

Дырэктара ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» Уладзіміра Янукевіча двойчы судзілі і штрафавалі паводле КаАП за публікацыю інтэрв’ю Ціханоўскай.

15 лютага 2023 года ў ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў з пастановай аб правядзенні агляду памяшкання.

У ходзе агляду забралі сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі, у тым ліку асабістыя ноўтбукі супрацоўнікаў, а таксама камп’ютарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзела. На наступны дзень затрымлівалі карэспандэнтку выдання, якую да гэтага выклікалі на размову ў міліцыю.

29 красавіка 2023 года з ініцыятывы пракуратуры суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт intex-press.by, а таксама старонкі выдання Intex-Press у сацсетках «Одноклассники», Instagram, Twitter, «ВКонтакте», Facebook, TikTok, Telegram, і канал на YouTube.

4 мая 2023 года беларускія ўлады абмежавалі доступ да папулярнага баранавіцкага інтэрнэт-выдання. Зроблена гэта было паводле пастановы пракурора Брэсцкай вобласці Віктара Клімава, а падставай для прыняцця дадзенага рашэння паслужылі нібыта шматлікія парушэнні гэтым медыя Закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

Як тады сцвярджала служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці, «на ўказаным партале неаднаразова публікавалася інфармацыя, якая яўна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў».

На пачатку чэрвеня 2025 года на дзяржаўным тэлеканале АНТ у двух частках выйшаў сюжэт Ігара Тура пра аблаву сілавікоў на рэдакцыі незалежных рэгіянальных СМІ, сярод якіх было і BAR24. У віну медыям ставілі супрацу з нямецкай амбасадай, якую таксама абвінавацілі — у фінансаванні «экстрэмісцкіх» рэсурсаў (на момант публікацыі матэрыялаў у межах супрацы з амбасадай ніводнае з названых у відэа медыяў не было ўнесенае ў спіс «экстрэмісцкіх»). У сюжэце паказалі допыт супрацоўніцы BAR24.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(17)