Лічба дня. Колькі грошай беларуская прапаганда выдаткоўвае на вяшчанне за мяжой
Бюро вывучыла тэндарную дакументацыю «Белтэлерадыёкампаніі» і высветліла, што дзяржаўны медыяхолдынг штогод траціць мільёны беларускіх рублёў з бюджэту на распаўсюд прапагандысцкіх наратываў адразу на некалькіх кантынентах.
Мяркуючы па падпісаных кантрактах, «Белтэлерадыёкампанія» закупляе паслугі электрасувязі па спадарожнікавым распаўсюджанні тэлепраграмы «Беларусь 24» і радыёпраграмы «Беларусь» з 2022 года. Сярод пастаўшчыкоў — расійскія «Астанкіна тэлеком» і «Спадарожнікавае тэлебачанне», а таксама Касмічнае агенцтва Азербайджанскай Рэспублікі «Азеркосмас» і беларускі Завод дакладнай электрамеханікі.
Напрыклад, у 2025 годзе тэлекампанія ўжо аплаціла трансляцыю сваёй прадукцыі:
- на ўсёй тэрыторыі Расійскай Федэрацыі;
- у Цэнтральнай (поўнае пакрыццё) і Заходняй Азіі (з абавязковым поўным пакрыццём Азербайджана, Арменіі ды Грузіі);
- у Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй, Паўночнай (з абавязковым поўным пакрыццём Вялікабрытаніі, Ірландыі, Латвіі, Літвы і Эстоніі) і Паўднёвай Еўропе (з абавязковым поўным пакрыццём Сербіі);
- у Паўднёвай Амерыцы і Карыбскім басейне (поўнае пакрыццё);
- у Паўночнай, Заходняй (поўнае пакрыццё), Усходняй (з абавязковым поўным або частковым пакрыццём Зімбабвэ) і Паўднёвай Афрыцы.
На сайце тэлеканала «Беларусь 24» пазначана, што ён ажыццяўляе вяшчанне больш як на 170 краін на ўсіх кантынентах і даступны з любой кропкі свету.
Як вынікае з тэхзаданняў «Белтэлерадыёкампаніі», кіраваць спадарожнікам могуць толькі пастаўшчыкі з краін, якія не ўключаныя ў спіс «недружалюбных» да Беларусі. Тым не меней, прагляд «Беларусь 24» у гэтых самых «недружалюбных» краінах строга абавязковы – вось такія двайныя стандарты.
У 2025 годзе прарэжымны медыяхолдынг ужо заключыў кантракты больш як на 2 мільёны беларускіх рублёў (каля 550 тысяч еўра).
Даражэй за ўсё каштуе вяшчанне на тэрыторыі Расіі – без малага 700 тысяч рублёў.
Кошт ахопу Еўропы і Азіі сумарна – амаль 780 тысяч рублёў. Парадаваць беларускім прапагандысцкім кантэнтам гледачоў Паўднёвай Амерыкі, Карыбскага басейна і Афрыкі каштуе амаль 565 тысяч бюджэтных рублёў. І за гэтыя трансляцыі беларусы заплацілі са сваіх уласных кішэняў!
Згодна з дадзенымі сайта дзяржзакупак, з 2022 па 2025 гады «Белтэлерадыёкампанія» ўжо выдаткавала на гэтае трансляцыйнае вяшчанне амаль 8 мільёнаў беларускіх рублёў (без малога 2,5 мільёна еўра) з дзяржаўнага бюджэту.
Читайте еще
Избранное