Лойка: «Лукашэнка дараваў Мазепіну 2020 год»
У Менск прыяжджаў расейскі мільярдэр, які падчас пратэстаў 2020 году выступаў з ідэяй перамоваў паміж Лукашэнкам і апазыцыяй, піша Радыё Свабода.
Як паведамляе дзяржаўнае выданьне «Беларусь сегодня», Аляксандар Лукашэнка 3 чэрвеня сустрэўся зь Дзьмітрыем Мазепіным, былым уладальнікам буйнога расейскага экспарцёра калія «Уралхім», ураджэнцам Менску. Цяпер Мазепін застаўся акцыянэрам «Уралхіму», валодае пакетам у 48%, у 2022 годзе прадаў кантрольны пакет акцый — 52% і выйшаў з кіраўніцтва «Уралхіму».
Дзьмітры Мазепін беларус, ураджэнец Менску, у Менску жыве ягоная маці. У сваім палацы яго прыняў Лукашэнка.
У 2020 годзе, калі ў Беларусі пратэставалі сотні тысяч беларусаў супраць сфальсыфікаваных выбараў, 14 жніўня 2020 году мільярдэр апублікаваў ліст, у якім заклікаў стварыць Камітэт народнага адзінства і вырашаць палітычны крызіс перамовамі.
Цяпер бізнэсмэн заехаў у Менск па дарозе на Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум, які праходзіць гэтымі днямі.
Рэдактарка выданьня Plan B Вольга Лойка ў камэнтары Свабодзе ацаніла магчымыя матывы такога візыту:
— Мы чулі раней пра тое, што ў Мазепіна ёсьць мала таго, што беларускія карані, дык яшчэ і нейкія, відаць, палітычныя амбіцыі, зьвязаныя з 2020 годам. Застаецца даступным апублікаваны ліст Мазепіна з усялякімі, напэўна, непрыемнымі для Лукашэнкі прапановамі, накшталт стварэньня Камітэту нацыянальнага адзінства, пераадоленьня палітычнага крызісу і гэтак далей...
Асноўны пасыл там — існуе востры палітычны крызіс, наяўнасьць якога трэба прызнаць і з удзелам беларусаў, інтэлігенцыі, прадстаўнікоў бізнэсу, вырашаць палітычны канфлікт. Ну вось, мяркуючы па ўчарашнім візыту, усё ж такі Лукашэнка дараваў Мазэпіну, таму што з-за меншай правіны беларусы дагэтуль садзяцца ў турму.
Мазепін застаецца таксама кіраўніком Фэдэрацыі водных відаў спорту Расеі, віцэ-прэзыдэнтам Алімпійскага камітэту Расеі, на гэтым фармальна акцэнтаваў увагу Лукашэнка падчас размовы:
— Вы адзін з кіраўнікоў, бачных людзей у сьвеце па водных відах спорту. Мяркую, нам трэба гэта выкарыстоўваць. Па-другое, чалавек багаты. І павінны ведаць, дзе радзіма. Багаты чалавек мусіць працаваць на сваю радзіму. Таму мы хацелі б — гэта прапанова нашага прэм’ер-міністра — падумаць аб пэрспэктывах нашага супрацоўніцтва. Вось такое пэрспэктыўнае пытаньне, якое мы гатовыя абмеркаваць, — заявіў Лукашэнка.
Вольга Лойка зьвяртае ўвагу, што ў Расеі шмат сваіх калійных угнаеньняў, іх кантралюе гігант «Уралхім», які да санкцый 2022 году супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне, узначальваў Мазепін.
Раней Мазепін быў зацікаўлены, каб прадаваць расейскі і беларускі калій разам, бо тады можна было б кантраляваць рынак. Але яшчэ да 2020 году ўлады Беларусі яго прапановы не прымалі.
— Я ня думаю, што гісторыя з гэтым візытам — гэта гісторыя аднаўленьня калійнага картэля. Усё ж ён распаўся даўно, распаўся дрэнна, распаўся ў 2013 годзе, і разьлічваць на тое, што цяпер ён адновіцца, незразумела, што кожны з бакоў можа даць іншаму. Усё ж у Расеі дастаткова ўласных калійных угнаеньняў, якія «Уралхім» увогуле кантралюе — заявіла Свабодзе Вольга Лойка.
Санкцыі супраць Мазепіна
Асноўны акцыянэр «Уралхіму» Дзьмітры Мазепін, які праз свае кампаніі валодае яшчэ і акцыямі «Уралкалію» з-за абвінавачаньня ў падтрымцы расейскай агрэсіі і парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны падчас расейска-ўкраінскай вайны Мазэпін знаходзіцца пад пэрсанальнымі санкцыямі розных краін.
9 сакавіка 2022 году, на фоне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, яго ўнесьлі ў санацыйны сьпіс усіх краін Эўрапейскага зьвязу, бо ён «удзельнічае ў сэктарах эканомікі, якія забясьпечваюць істотную крыніцу даходу для ўрада Расеі, які нясе адказнасьць за анэксію Крыма і дэстабілізацыю Ўкраіны».
Мазепін двойчы спрабаваў праз эўрапейскі суд зьняць гэтыя санкцыі, але прайграў справы.
Актывы Мазепіна застаюцца замарожанымі ў краінах Эўразьвязу.
Читайте еще
Избранное