«Лукашэнка вельмі ўпарты і жорсткі, ён хоча атрымаць нешта істотнае — а нічога не атрымліваецца. І нічога ён не атрымлівае»

Экспертка ў галіне міжнародных стасункаў Роза Турарбекава разважае пра альтэрнатыўныя поспехі рэжыму ў торгу палітвязнямі.

Некалькі дзён таму стала вядома, што палітвязень Юрась Зянковіч, які мае не толькі беларускае, але і амерыканскае грамадзянства, «вызвалены па просьбе ЗША». Сёння ён  праходзіць рэабілітацыю, атрымлівае медыцынскую, псіхалагічную і іншую дапамогу ў Тэхасе.

Але ці сведчыць гэта вызваленне пра тое, што пэўны дыялог паміж Вашынгтонам і Мінскам працягваецца?

— Ёсць не тое каб сведчанні на гэты конт, але мы маем пэўную здагадку, — каментуе на Еўрарадыё сітуацыю экспертка ў галіне міжнародных стасункаў Роза Турарбекава. — Але я звярнула ўвагу на тое, што ў дадзеным выпадку Зянковіча з ЗША вывазіў не Крыстафер Сміт (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША — С.) — Крыстафер Сміт яго прымаў у Вільні.

З майго пункту гледжання, нейкая размова працягваецца. Але ўсё ж такі не на такім узроўні, каб меркаваць, што нешта ўжо робіцца бачнае. Інфармацыі няшмат, усё астатняе — нашы здагадкі і нічога, акрамя іх. Так што абмяркоўваць узровень, — лічу за лепшае ўстрымацца ад гэтага.

Ці магчыма, што Зянковіча не вызвалілі з першай партыяй амерыканскіх грамадзян, каб адмыслова стварыць падставу для яшчэ аднаго візіту, працягу сустрэч з прадстаўніком ЗША? Мабыць, і такая думка ў іх была.

Мабыць, Зянковіча «прыбераглі» на той выпадак, калі будзе паўза ў перамовах і спатрэбіцца фігура, якая дазволіць звяртаць увагу на сябе.

Але ж я не маю такога адчування, што ў іх нешта атрымалася ў гэтым плане. Калі б Крыс Сміт усё ж даехаў да Мінску, з кімсьці там сустракаўся, потым на брыфінгу нешта гаварыў, як гэта адбывалася ўзімку — адна справа. Але зараз такога няма. То бок, гэта толькі невялікі крок, і я не бяруся разважаць наконт развіцця падзей.

У тым ліку з гэтай прычыны, мяркуе Роза Турарбекава, пад чарговую амністыю зноў не трапяць «палітычныя»:

— Бо нічога не адбываецца, няма ніякіх вынікаў са спробаў дыялогу, распачатых рэжымам. Таму яны і спыніліся. Я не раз казала: Лукашэнка вельмі ўпарты і жорсткі ў гэтым сэнсе, ён хоча атрымаць нешта істотнае — а нічога не атрымліваецца. І нічога ён не атрымлівае.

Мяркую, да яго дайшло, што ЕС не схільны, у адрозненна ад адміністрацыі Трампа, весці перамовы такога кшталту: палітвязні ў абмен на санкцыі. Еўрасаюз зараз робіць крокі зусім у іншым напрамку. Для Лукашэнкі і ягонай адміністрацыі гэта стала відавочна, і на мой погляд, яны зрабілі з гэтага пэўныя высновы.

У мяне быў спадзеў пры прызначэнні пасла ў Ватыкан, што гэта будзе чалавек, які можа ўвасобіць месэдж скіраванасці да перамоў. Але Амбразевіч — зусім не тая постаць. Ён выслужыўся перад рэжымам, я помню ягоную заяву, што канцэпцыя правоў чалавека сёнян неактуальная — але гэта не той дыпламат, не тая постаць, якая магла б пачынаць перамовы.

У МЗС яшчэ ёсць людзі, якія публічна не запэцкаліся, рэзерв невялікі, але ёсць. Аднак на Амбразевіча ў мяне няма ніякіх спадзяванняў. І ладна я — еўрапейскія дыпламаты не бачаць у ім чалавека, з якім можна весці падобныя перамовы, бо для іх гэта пытанне рэпутацыі.