Люксембург выдзяляе 250 000 еўра на дапамогу беларускім палітзняволеным і рэпрэсаваным

Міністр замежных справаў Люксембурга Ксаўе Бетэль паінфармаваў, што Люксембург далучаецца да міжнароднага гуманітарнага фонду і ўжо выдзеліў 250 000 еўра для лячэння і рэабілітацыі палітвязняў і рэпрэсаваных.

Пра гэта паведамляе прэс-служба лідаркі дэмсіл Святланы Ціханоўскай, яккая сустракалася з віцэ-прэм’ерам і міністрам Бетэлем.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся шляхі падтрымкі беларускага народа, еўрапейская інтэграцыя і адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы.

Акрамя таго, бакі абмеркавалі:

  • шляхі і спосабы вызвалення беларускіх палітвязняў;
  • легалізацыю беларусаў у Люксембургу;
  • уплыў на беларускія рэаліі прынятых раней «Люксембургскіх рашэнняў» і далейшую сумесную працу;
  • магчымасць прызначэння спецпасланніка па Беларусі.

— Гэта моцны сігнал падтрымкі для беларускага народа, — сказала Святлана Ціханоўская. — Мы дзякуем Люксембургу за прынцыповую пазіцыю, падтрымку на пляцоўках Рады Еўропы і ААН.

Унёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапаможа аднавіцца тым, хто прайшоў праз турмы, катаванні і пераслед.

Я заклікаю Люксембург не спыняцца на гэтым — і далей уздымаць пытанні, датычныя Беларусі, на міжнародных пляцоўках. У прыватнасці, дапамагаць шукаць шляхі і спосабы вызвалення палітвязняў.

Яшчэ 30 тысяч еўра для былых палітзняволеных дадала Латвія

Таксама да міжнароднага гуманітарнага фонду далучылася Латвія. 9 мая падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Рыгу міністэрства замежных спраў шэтай краіны абвясціла, што робіць унёсак у 30 тысяч еўра.

Гэтыя сродкі — прамая дапамога, якая будзе скіравана на рэабілітацыю, лячэнне былых палітвязняў, дапамогу іх сем’ям і іншым пацярпелым ад рэпрэсій.

Акрамя таго, у межах візіту Святлана Ціханоўская абмеркавала са спікеркай парламента Латвіі Дайгай Міерыняй шырокую кампанію падтрымкі палітвязняў і заклікала далучыцца да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі 21 мая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)