Навумчык: Ці разумеюць тыя, хто ўзрадаваўся расейскаму «Арэшніку» ў Беларусі, што з гэтага моманту некалькі боегаловак будуць нацэленыя на Менск?

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык пра небясьпечныя наступствы размяшчэньня чужой зброі.

— Мне вось цікава: ці разумеюць тыя, хто ўзрадаваўся разьмяшчэньню ў Беларусі расейскага «Арэшніку» (выглядае, зь ядзернымі боегалоўкамі), што з гэтага моманту некалькі боегаловак падводнага флоту Вялікабрытаніі (верагодна, і ЗША) будуць нацэленыя ня толькі на гэты расейскі комплекс, але і на адміністрацыйныя і сілавыя цэнтры ў Менску? — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

На адміністрацыю Лукашэнкі (абодва будынкі), Мінабароны, КДБ, а таксама вайсковыя часткі ля Ўручча, аэрадром у Мачулішчах, яшчэ некаторыя.

Істотны момант: у выпадку ўзьнікненьня ядзернага канфлікту ніхто ня будзе чакаць, пакуль «Арэшнік» запусьціць ракеты — удары будуць нанесеныя прэвэнтыўна. Гэта азбука сцэнару ядзернай вайны.

Пры сярэдняй магутнасьці стратэгічнай ядзернай боегалоўкі (300 kt, т.зв. Minuteman III) усё ў радыюсе 0,7 км і дыямэтры 1,5 км (адлегласьць ад Дому ўраду да цырку, ці ад КДБ да Палацу спорту, каму як падабаецца) імгненна распадаецца на малекулярным узроўні, у радыюсе 5,5 км (дыямэтры 11 км, гэта практычна ўвесь Менск па кальцавой) руйнуюцца будынкі, мяркуемая колькасьць ахвяраў — ад 400 да 500 тысяч чалавек (гінуць адразу ці ў выніку апраменьваньня).

Уласна, дастаткова адной бомбы, але па ўсіх сцэнарах па сталіцах прадугледжваецца некалькі ўдараў. Каб ужо надзейна. Менск будзе зьнішчаны цягам некалькіх хвілінаў.

Такая вось пэрспэктыва. Такая вось плата за «интеграцию с братской Россией», за «союзное государство», за шматгадовае імкненьне Лукашэнкі дагадзіць Маскве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(70)