Навумчык: «Прычыны трывожных зьменаў у настроях можна называць розныя. На мой погляд, асноўныя — тры»

Палітычны аглядальнік – пра вынікі апытаньня Chatham House.

– Як бы скептычна ні ставіліся мы да апытаньняў у таталітарнай краіне (пра сацыялёгію тут увогуле казаць не выпадае), але апублікаваныя Chatham House вынікі апытаньня сярод гарадзкіх інтэрнэт-карыстальнікаў, думаю, з большага вартыя даверу, – піша Сяргей Навумчык. – Ва ўсякім разе, я ім давяраю, бо яны супадаюць з тэндэнцыямі, пра якія кажуць сябры, што жывуць у Беларусі (зусім не прыхільнікі Лукашэнкі і Расеі).

Такім чынам, 55% апытаных — за ўваход у вайсковы блёк АДКБ, альянс, які фактычна кантралюецца Крамлём (не стамляюся нагадваць, што дамову аб далучэньні да яго ў 1993 падпісаў Шушкевіч, у выніку націску групы пад кіраўніцтвам старшыні камісіі па бясьпецы Грыба, пасьля патрабаваньня аб разглядзе пытаньня на сэсіі дэпутата Лукашэнкі — і пры супраціве на ўсіх этапах парлямэнцкай Апазыцыі БНФ).

44% — за саюз з Расеяй, за нейтралітэт — 19%, за ЭЗ — 19%. За адначасны і саюз з Расеяй, і ЭЗ — 22% (якім чынам у гэтай катэгорыі спалучаюцца несумяшчальныя рэчы — пытаньне ня столькі да палітолягаў, колькі да псыхіятраў).

Самай «аптымістычнай» выглядае колькасьць тых, хто падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны — «толькі» 27%. А з другога боку, кожны чацьвёрты ўхваляе імпэрскую агрэсію супраць суседняга народа, парушэньне ня толькі міжнародных нормаў, але і базавых нормаў вядзеньня вайны. Ухваляе тактыку «выпаленай зямлі», якую рэалізоўвалі ў Беларусі нацысты ў часы Другой Савецкай вайны, практыку катаваньняў і расстрэлаў, якую праводзіла НКВД-МГБ-КГБ у савецкі пэрыяд.

І гэта — дадзеныя па тых карыстальніках інтэрнэта, якія жывуць у гарадах. Гараджане, як вядома, традыцыйна лічацца больш прагрэсіўнай катэгорыяй (нагадаю, што на выбарах у 1994 годзе Менск Лукашэнку праваліў — за што той і помсьціць сталіцы дагэтуль, зруйнаваўшы палову забудовы цэнтра і паспрыяўшы істотнай зьмене структуры насельніцтва, у тым ліку і коштам набору цэлай арміі сілавікоў з дабітых «рыначным сацыялізмам» вёсак. Гэта — новы сацыяльны слой, які пры адноснай малалікасьці сумяшчае функцыі апрычніны і атрымальніка найбольшых эканамічных і ўсякіх іншых прэфэрэнцыяў).

Прычыны такіх трывожных зьменаў у настроях можна называць розныя.

На мой погляд, асноўныя — тры: гістарычная (некалькі гадоў Адраджэньня пачатку 90-х не пасьпелі зьнішчыць у мэнталітэце тое, што ўбівалася цягам больш як 200-гадовай акупацыі імпэрыяй), афіцыйная прапаганда (якая спалучаецца з рэпрэсіямі супраць усяго беларускага і агрэсіўным прасоўваньнем «русского мира»), і — новая жалезная (прычым і ў літаральным сэнсе) заслона, якой краіны Эўразьвязу адгароджваюцца ад народа Беларусі. Я не зрабіў апіску: менавіта ад народа. Найперш — ад народа.

Першы фактар Захад зьмяніць ня ў стане. На другі — можа паўплываць, падтрымліваючы непрарэжымныя СМІ (інфармацыя ў Беларусь праходзіць насуперак блякіроўкам ды рэпрэсіям за «экстрэмісцкія падпіскі»). А вось трэці фактар Захад мог бы зьменшыць істотна, кардынальна зьмяніўшы візавую палітыку, аднавіўшы авія- і чыгуначныя рэйсы.

Але, на жаль, ня маю аптымістычнага прагнозу: для такіх крокаў патрэбная палітычная сьмеласьць, і найперш — здольнасьць думаць ня ў межах электаральнага цыклю (4-5 гадоў), а стратэгічна, на дзесяцігодзьдзі.

З успрыманьнем Беларусі ў стратэгічным кантэксьце што ў ЗША, што ў Эўропы заўсёды былі праблемы.