«Не хацеў, каб мяне лічылі здраднікам». Як беларускі юрыст стаў вайсковым медыкам і далучыўся да Палку Каліноўскага
Беларускі юрыст Міхаіл паехаў на вайну ва Ўкраіну, каб не пачувацца здраднікам. Там ён стаў баявым мэдыкам Міхайлам «Вакулам». Пра тое, як незаўважна «выцякаюць» параненыя, чаму ён ня любіць жаргонных выразаў «200» і «300» і як сам набывае сабе рыштунак на зіму, Міхайла расказаў Свабодзе.
«Думаў, што змагу максымум працягнуць месяц»
Міхайлу каля сарака гадоў. Кажа, што яму больш падабаецца ўкраінскі варыянт імя, як яго запісалі, калі ён паехаў на вайну. Там беларускі дабраахвотнік атрымаў пазыўны «Вакула». Ён жыў у Менску, юрыст з адукацыі. У Беларусі таксама займаўся мастацтвам.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне, суразмоўца кажа, што ён страціў спакой.
— Асабліва мяне ўразіла, калі ўкраінскія памежнікі ў пачатку вайны напісалі ліст Лукашэнку, у канцы якога была фраза: «Будзьце праклятыя, вырадкі!» Яна мела дачыненьне да ўсіх беларусаў. Гэта стала для мяне апошняй кропляй. Я не хацеў мець дачыненьне да гэтага. Я не хацеў, каб мяне лічылі здраднікам, я ня мог гэтага выносіць, — кажа Міхайла.
Ён вырашыў, што ягоны абавязак паехаць ва Ўкраіну і памагчы, чым можа. Яшчэ каля году пайшло на тое, каб завершыць справы ў Беларусі. Нават разарваў сувязі з пэўнымі знаёмымі, каб яго потым ня выкрылі празь іх. Меркаваў, што пратрымаецца жывым на вайне максымум месяц.
У пачатку 2023 году ён паехаў ва Ўкраіну. Далучыўся да палку Каліноўскага. Меркаваў пайсьці ў баявы падразьдзел. Аднак пры падрыхтоўцы ў яго парвалася зьвязка на назе, і стала зразумела, што ён ня здолее пайсьці, прыкладам, у пяхоту, бо давялося б шмат хадзіць.
Так Міхайла стаў вайсковым мэдыкам. Папярэдняга досьведу ў мэдыцыне ня меў.
— Уцягнуўся, спадабалася. Вось ужо два з паловай гады я ўкраінскі баявы мэдык узводу, — кажа ён.
На ягоную думку, прайсьці пачатковыя ўзроўні падрыхтоўкі ў тактычнай мэдыцыне можна за месяц. Асноўны пакет ведаў — гэта DC-III (Combat Medic/Corpsman), які вучыць аказваць мэдычную дапамогу на ўсіх этапах: спачатку пад абстрэламі, а калі параненага выцягнуць з поля бою, то ў больш бясьпечных месцах. Ёсьць некалькі ўзроўняў: для звычайных вайскоўцаў, ратаўнікоў, парамэдыкаў і мэдычнага пэрсаналу.
— Усё ня так складана. На пачатковым узроўні трэба ведаць 4-5 прэпаратаў, дазаваньне і правілы першай дапамогі. Тут трэба быць больш гатовым да таго, што давядзецца ўбачыць. Трупы, мяса, кроў — гэта ўсё пахне па-рознаму, — тлумачыць ён.
Лягчэй працаваць, калі абстрагуесься, кажа ён. У некаторых наадварот — у такіх умовах абвастраецца ўспрыманьне пахаў, гукаў, што ўскладняе задачу.
— У першы дзень, калі я выйшаў на працу, прывезьлі хлопцаў, украінцаў. У іхны бліндаж трапіла нешта вялікае. Усё было сумна. Я рэагаваў на дзіва вельмі спакойна. Мы пераносілі целы. Я канцэнтраваўся на працы і рабіў што трэба, — успамінае суразмоўца.
Аднак калі ён аказвае дапамогу знаёмым людзям, тады хвалюецца больш, прызнаецца «Вакула».
— Нават катэтэр сваім таварышам мне паставіць вельмі складана. Баюся прычыніць сваім пабрацімам боль і шкоду, — дадае ён.
Пры гэтым, калі ён хвалюецца, у яго трасуцца рукі. На думку суразмоўцы, так бывае амаль ува ўсіх. Гэтае хваляваньне трэба перамагчы.
— Пачынаеш жартаваць, размаўляць, папрысядаў крышку, — кажа, як ён змагаецца з трэмарам.
«Проста маленькая дзірачка ў целе»
Міхайла тлумачыць, што цяжкія раненьні — гэта калі адрывае ногі ці трэба іх ампутаваць, калі вялікая страта крыві. Лягчэй глядзець на кулявыя раненьні або аскепкавыя як на «проста маленькую дзірачку ў целе». Хоць і за ёю можа быць сур’ёзнае пашкоджаньне.
Беларус ўспамінае, што яны ратавалі байца, які тыдзень выбіраўся з раненьнем з поля бою. Рана ў яго пачала гнісьці. Калі яму аказвалі дапамогу, успамінае мэдык, той мужна трываў, не выдаваў ніякіх гукаў. Такія прыклады яго ўражваюць. Мэдык кажа, што на вайне звычайна ніхто не паказвае, што яму страшна ці балюча, як гэта можа быць у звычайных паліклініках.
— Даводзіцца працаваць зь целамі загінулых. Яны ўсе ня ў вельмі добрым стане. Хтосьці ляжаў некалькі дзён. Часам прыяжджае эвакуацыйная машына, у ёй павінен быў быць паранены, а прыяжджае загінулы. Мы спрабавалі яго рэанімаваць, але нехта недагледзеў, у яго засталася дзірачка неапрацаваная на сьпіне. Ён празь яе «выцек» (страціў надта шмат крыві. — РС), — тлумачыць суразмоўца.
Міхайла ставіцца да гэтага як да «працоўнай сытуацыі». Цяжэй ён пераносіў сьмерць пабрацімаў. За час вайны загінулі чацьвёра блізкіх яму людзей.
— Гэта вельмі сумна. Здаецца, нядаўна курылі, гаварылі. І прыходзіць СМС: «чалавек загінуў». Звычайна кажуць «200», «300» («загінулы» і «паранены» на ваенным жаргоне. — РС). Гэта нейкая мода пайшла, каб паказаць, што чалавек дасьведчаны ў вайне.
Але мне вельмі не падабаюцца гэтыя лічбы, і я стараюся казаць так, як ёсьць: «ранены», «загінулы», «кантужаны». На мой погляд, гэта набліжае да рэальнасьці, а лічбы — каб чалавек абстрагаваўся, — прызнаецца «Вакула».
Ён падкрэсьлівае, што мэдыкам найбольш небясьпечна працаваць на полі бою. Але загінуць яны могуць на любым этапе — калі наедуць на міну, калі ўдарыць дрон.
Дзень, калі рабілася вядома пра сьмерць пабрацімаў, для «Вакулы» станавіўся «сумным днём».
— Пасядзець, падумаць. Успомніць чалавека, каб захаваць памяць пра яго, можа быць, запіс у дзёньнік зрабіць. Нейкіх захадаў з нагоды гэтага ў баявы час не праводзяць, — кажа ён.
Дзёньнік Міхайла вядзе ўжо каля дзесяці гадоў, яшчэ з мірнага жыцьця. Кажа, што гэта дапамагае захоўваць у памяці падзеі, больш дакладна фармуляваць думкі. Таксама дзёньнік, паводле яго, мае тэрапэўтычныю функцыю.
Здароўе на вайне пагаршаецца, адзначае мэдык. Служба паўплывала на ягоны сон. Калі яны выходзяць на баявыя заданьні на двое-трое содняў, то мала сьпяць, бо можа моцна грукаць, «прылятаць», у кожны момант час могуць прывезьці параненага. Сапсавалася страваваньне, бо на заданьнях асноўная ежа — гэта кава і печыва, кажа ён.
Збор на рыштунак
Міхайла цяпер зьбірае грошы на рыштунак. Ён звольніўся з палку Каліноўскага і пераводзіцца ў іншы падразьдзел, уласна ўкраінскі. Суразмоўца кажа, што звычайна падчас працы яны месьцяцца ў старых дамах, падвалах. Там ёсьць дах, можа быць нават печка. Але ў зімовы пэрыяд можа быць і сьцюдзёна.
— Калі мінус 15, мінус 10, а дом стаяў вельмі доўга (без ацяпленьня. — РС), там можа быць некамфортна. Патрэбны нармальны рыштунак: тэрмабялізна, батнічак, які як спальнік на сябе можна надзець, спальнікі добрыя, зімовыя, раскладанкі абавязкова.
Калі спаць на падлозе, можа нехта поўзаць, скразьняк, пыл таксама здароўя не дадасьць. Ложкі ў дамах не паўсюль захаваліся. Калі выяжджаем на пункт, лепш узяць усё сваё і працаваць у камфорце, чым вярнуцца з ангінай, кашлем, чханьнем, — кажа мэдык.
Ён набывае сабе рыштунак сам, бо тое, што выдаюць у войску, звычайна «не такое, як павінна быць», тлумачыць «Вакула». Лепшы рыштунак, паводле яго, аддаюць у баявыя падразьдзелы, мэдычны ж падразьдзел — дапаможны. Толькі раскладанка каштуе 800 эўра, спальнік — 200.
Суразмоўца тлумачыць, што лепш абараняюць ад аскепкавых раненьняў ня гэтулькі камізэлькі ў выглядзе дзьвюх ахоўных плітаў на грудзях і на сьпіне (плітаноска з плітамі каштуе 600 эўра), колькі асобныя элемэнты з адмысловага матэрыялу кеўлару, што закрываюць іншыя часткі цела: патыліцу, плечы, ногі.
Многія купляюць сабе рыштунак самі, кажа «Вакула». Гэта пытаньне лепшай аховы, а часам і пытаньне моды й вайсковай эстэтыкі. Поўны набор рыштунку выходзіць на 1,5–2 тысячы эўра.
— Яшчэ ў сярэднявеччы рабілі сабе дасьпехі прыгожымі. Трэба закрыць усё цела, можна зрабіць сабе прыгожыя дасьпехі, — дадае ён.
Прэтэнзіяў да ўкраінскага вайсковага кіраўніцтва ў сувязі з гэтым ён ня мае. Мэдык перакананы, што лепшы рыштунак мае ісьці байцам. Ён разумее, што на чацьвёрты год вайны грошай у дзяржавы можа не хапаць.
«Амаль ніякіх дакумэнтаў, хто я і што я ва Ўкраіне»
Але Міхайла зьвяртае ўвагу на праблемы легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне.
— Я цяпер пераходжу з аднаго падразьдзелу ў іншы. Пасьля звальненьня ў мяне практычна не застаецца ніякіх дакумэнтаў пра тое, хто я і што я ва Ўкраіне. У мяне застаецца беларускі пашпарт і даведка з вайсковай часткі, што я служыў. Але нічога з гэтага ня ёсьць падставай атрыманьня часовага ці пастаяннага дазволу на жыхарства або грамадзянства, — кажа ён.
Яму крыўдна, што ён досыць шмат часу служыў на карысьць Украіны, але ня можа атрымаць паперы, якія дазвалялі б яму жыць у краіне паміж этапамі службы.
Каб беларускаму добраахвотніку атрымаць украінскае грамадзянства, трэба паслужыць тры гады. Міхайла кажа, што зможа прэтэндаваць на ўкраінскае грамадзянства праз паўгоду. Тлумачыць, што яно патрэбнае яму толькі ў практычных мэтах, бо інакш ён ня можа зарэгістравацца ва ўкраінскай дзяржаўнай лічбавай сыстэме «Дія».
— Празь яе купляюць білеты на цягнік онлайн. Я не магу аформіць на сябе мабільны тэлефон — у мяне ён аформлены на іншага чалавека. Я не магу займацца фінансавай дзейнасьцю. Нават не магу дэпазыт у банку адкрыць нармальна.
Вельмі шмат абмежаваньняў, якіх я не разумею. Беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне, ня так шмат. Можна было б узаконіць гэтую справу, — разважае беларус.
Нягледзячы на складанасьці, Міхайла плянуе заставацца на вайне да канца. Пасьля вайны ён хацеў бы вярнуцца ў Беларусь. Кажа, што дагэтуль вельмі сумуе па сваім доме.
Читайте еще
Избранное