Побач з Жодзінам будуюць адстойнік для фэкаліяў менчукоў, мясцовыя спрабуюць пратэставаць
З словаў эколягаў, такое будаўніцтва мусілі вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне, што прадугледжана адразу некалькімі заканадаўчымі актамі, піша Радыё Свабода.
Будаваць новы адстойнік для фэкаліяў, які ўлады нэўтральна называюць «глеевай сажалкай», недалёка ад Жодзіна пачалі яшчэ зімой, аднак у мэдыя інфармацыя трапіла толькі ў красавіку. Адзін зь мясцовых жыхароў зьняў на месцы будаўніцтва кароткае відэа і разьмясьціў яго ў TikTok.
«Добры дзень. Знаходжуся побач зь вёскай Востраў, — камэнтуе ён ролік. — Там, дзе, паводле інфармацыі з інтэрнэту, вядзецца будаўніцтва адстойнікаў для цьвёрдых адыходаў… Людзі подпісы спрабуюць зьбіраць. Але нічога вы не даможацеся. Будаўніцтва ідзе поўным ходам, поўным! Два месяцы ўжо будаўніцтва вядзецца.
Размаўляў з адказным чалавекам тут. Здача аб’екту сёлета. Грошай укладзена шмат. І вайскоўцы сюды прыяжджаюць, тэрарызуюць будаўнікоў. Бо тут побач тэрыторыя палігону (Барысаўскага вайсковага палігону. — РС), вось ужо там тэрыторыя палігону. З словаў адказнага чалавека, тэрмін запаўненьня такога адстойніку — тры гады.
Пытаньне: якім шляхам будуць сюды гэта ўсё вазіць? Праз Жодзіна ці нейкімі аб’язнымі дарогамі? 50 машын у дзень, як пісалі ў інтэрнэце. Гэта аб’ём немалы. Я думаю, нічога мы ўжо не даможамся. Будзе сьмярдзець побач з Жодзінам».
Рытарычнае пытаньне пра шлях падвозу менскіх фэкаліяў да новага адстойніку аўтар відэа задае ня проста так. Адзіная дарога, якая ідзе да вёскі Востраў ад Менску, праходзіць акурат праз Жодзіна, да якога адсюль каля сямі кілямэтраў. Можна паехаць іншым шляхам, аднак ён у некалькі разоў даўжэйшы.
Аўтар відэа з TikTok не адзіны, хто спрабуе абурацца будаўніцтвам. Жыхары вёсак Востраў, Замлыньне і Будагова стварылі Telegram-чат, дзе абмяркоўваюць новы аб’ект і спрабуюць арганізаваць кампанію супраць яго зьяўленьня. Да іх далучыліся і жыхары Жодзіна. Людзі хочуць атрымаць усю інфармацыю аб будаўніцтве і дамагчыся яго грамадзкага абмеркаваньня.
— Мы спрабавалі знайсьці нейкую інфармацыю пра тое, што такія слуханьні праводзіліся, але пакуль марна, — расказалі Свабодзе актывісты экалягічнай арганізацыі «Экадом». — Звычайна абвесткі пра слуханьні зьмяшчаюць у раённых выданьнях, на сайтах райвыканкамаў. Тут жа нічога не было. Магчыма, слуханьні правялі неяк іначай, без шырокага абмеркаваньня.
«Пах адчуваецца нават у Менску»
Паводле эколягаў, будаўніцтва адстойнікаў для фэкаліяў падпадае пад дзеяньне адразу некалькіх законаў. Зацьверджаны ў 2016 годзе закон «Аб дзяржаўнай экалягічнай экспэртызе, стратэгічнай экалягічнай ацэнцы і ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе» прадугледжвае абавязковую ацэнку ўзьдзеяньня аб’екту на навакольнае асяродзьдзе.
А закон «Аб ахове навакольнага асяродзьдзя» абавязвае праводзіць грамадзкае абмеркаваньне такой справаздачы. Арганізоўваць іх абавязаныя мясцовыя органы ўлады сумесна з арганізацыяй, якая займаецца будаўніцтвам аб’екту.
— Чаму не рабілася ацэнка ўзьдзеяньня гэтага аб’екту на навакольнае асяродзьдзе і грамадзкія абмеркаваньні, незразумела, — гавораць у «Экадоме». — Зыходзячы з справаздачы аб падобным абʼекце ў Маладачанскім раёне (маецца на ўвазе «Будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка № 19н». — РС), у асадку сьцёкавых водаў, якія плянуюць вывозіць у праектаваны адстойнік, зьмяшчаюцца асадкі ня толькі гаспадарча-фэкальнай каналізацыі, але і прадуктаў прамысловай вытворчасьці.
У выпадку, калі гідраізаляцыя адстойніку будзе пашкоджана, магчымае забруджваньне падземных водаў. У справаздачы ўказвалася, што захоўваньне сьцёкаў прадугледжана 8 гадоў, але не пазначана, як далей плянуюць абыходзіцца зь імі.
Ці будзе сьмярдзець каля Жодзіна, калі новы адстойнік дабудуюць і пачнуць запаўняць менскімі адыходамі? Эколягі перакананыя, што так.
— Пра тое, наколькі гэта моцны пах, можна меркаваць па аналягічных сажалках «Менскводаканалу», разьмешчаных побач зь вёскай Сініла ў Менскім раёне, — кажуць у «Экадоме». — Мясцовыя жыхары там таксама змагаліся, але марна. Пах адчуваецца ня толькі ў Сініле, але часам нават у Менску (да гораду ад вёскі каля 10 кілямэтраў. — РС).
Акрамя гэтага, рэшткі адыходаў могуць трапляць на дарогу, якою іх будуць вазіць. Коламі грузавікоў разносіцца, высыхаць у пыл. Яшчэ адна праблема — тэрмін дзеяньня такіх палігонаў. Як паказвае практыка, «Менскводаканал» не заўсёды выкарыстоўвае іх цягам абазначанага праектам тэрміну, палігонамі могуць карыстацца і даўжэй. Сучасных тэхналёгіяў апрацаваньня такіх адыходаў у Беларусі дагэтуль не ўкаранілі.
Не ўкаранілі, хоць і зьбіраліся зрабіць гэта яшчэ дзесяць гадоў таму. Прынамсі, прадстаўнікі ўжо ня раз згаданага «Менскводаканала» абяцалі гэта зрабіць у размовах з абуранымі жыхарамі пасёлкаў побач з фэкальным палігонам ля вёскі Сініла.
Тады кошт сучаснага аб’екту перапрацаваньня фэкаліяў чыноўнікі ацэньвалі на 160 мільёнаў эўра, грошы меў вылучыць Эўразьвяз. Пасьля жніўня 2020 году фінансаваньне ўсіх сумесных з уладамі Беларусі праектаў ЭЗ прыпыніў. «Менскводаканал» працягвае будаваць адстойнікі з спэцыфічным водарам побач зь вёскамі і гарадамі.
Читайте еще
Избранное