Новости

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» — 29 гадоў

Гэта тысячы дзён дапамогі, салідарнасці і нястомнай барацьбы за правы чалавека ў Беларусі.

Заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі на судзе

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з’явіўся ў 1996 годзе. Тады Алесь Бяляцкі быў дырэктарам музея Максіма Багдановіча ў Мінску, але пасля разгонаў масавых пратэстаў ён пачаў дапамагаць рэпрэсаваным разам з іншымі супрацоўнікамі музея.

У Бяляцкага ўзнікла ідэя стварэння праваабарончага цэнтра. Ён і ягоныя паплечнікі пакавалі ежу ў пакункі з эмблемай музея Максіма Багдановіча, і калі людзі выходзілі з Акрэсціна, то ім давалі такі пакуначак. Гэта было пэўнай сатысфакцыяй, знак прызнання таго, што чалавек пацярпеў несправядліва.

З гэтага часу актыўна пачала працаваць ініцыятыўная група па дапамозе ахвярам. Тады вясноўцы думалі, што гэтая праца працягнецца адзін-два гады — і памыліліся. Сітуацыя пагаршалася: як у заканадаўчай сферы (калі проста перапісваліся законы, якія датычыліся грамадзянскіх правоў), так і ў агульнай — увесь час ішлі масавыя рэпрэсіі, затрыманні, збіццё людзей.

На працягу 29 год «Вясна» была побач з тымі, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі, несправядлівасцю і беззаконнем.

На сёння за кратамі знаходзіцца чацвёра праваабаронцаў «Вясны». Адстойваючы правы чалавека, Бяляцкі стаў палітзняволеным на сваёй радзіме і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць сваю працу па абароне і фіксацыі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Вы можаце падтрымаць «Вясну» падпіскай на Patreon ці аднаразовым данатам.

Калі ласка, рабіце пераводы толькі, калі для вас гэта бяспечна. Праваабаронцы настойліва просяць не рабіць іх з картак беларускіх ці расійскіх банкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)