Пуціла: «Хачу адбудоўваць Беларусь пасля лукашызму»

Заснавальнік сеткі каналаў @nexta_tv — пра ўчынак Статкевіча і вяртанне на радзіму.

Сцяпан Пуціла. Фота: скрыншот з канала жизнь-малина

— Мікола Статкевіч — гэта адзін з сімвалаў. Уяўляю, у якім стане быў Лукашэнка, калі пра гэта пачуў, — кажа пра ўчынак палітзняволенага Сцяпан Пуціла ў інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву на канале жизнь-малина. — Ён, напэўна, звар’яцеў. Ён абсалютна такога не чакаў. Гэта вельмі моцны ўчынак, гэта герой, гэта сімвал.

На думку Пуцілы, праз такія сімвалы можна дагрукацца ў тым ліку да тых, хто не цікавіцца палітыкай.

— Таму што ўчынак сам па сабе вельмі моцны, і калі яго правільна падаць, можа расшарыцца па ўсіх інстаграмах і ціктоках і дабіцца да той аўдыторыі, якая не цікавіцца палітыкай, і ў іх штосьці такое шчоўкне, што штосьці не так. Палітвязняў выпускаюць, хтосьці застаецца, і праз гэта пакрысе вяртаецца цікаўнасць да палітыкі.

…Шмат людзей з тых, хто ў 20-м годзе выходзіў на пратэсты, раней ездзілі ў Расію, шмат з тых, хто выходзіў у 20-м, раней слухалі толькі расійскую музыку. Калі цалкам на іх забіць і ніяк з імі не працаваць, то яны пад Расію канчаткова сыйдуць.

Адказваючы на пытанне, чаму ён хоча вярнуцца ў Беларусь, Сцяпан Пуціла адзначыў, што хоча будаваць будучыню.

— Мне здаецца, у гэтым сэнс, і хтосьці ж павінен будзе гэтыя руіны падымаць з кален. Як Варшава была знішчаная на 90 адсоткаў загадам Гітлера, а не ў выніку баявых дзеянняў, менавіта за тое, што яны пачалі паўстанне. Палякі ўсе адбудоўвалі Варшаву — я хачу адбудоўваць Беларусь пасля лукашызму, і я хачу шмат паплечнікаў мець і прыносіць свой досвед, практыкі медыйныя і іншыя ў Беларусь будучыні.

Таксама Пуціла распавёў, як перад паўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну адмовіліся ад публікацыі зліваў на канале, пагадзіўшыся, што зрабілі гэта таму, што зараз злівы з дзяржапарату добра прабіваюцца.

— Была гісторыя з Дзянісам Урадам, якога за «дзяржздраду» на 18 год пасадзілі за тое, што ён даслаў дакумент, які пацвярджае, што войска, армія будзе выкарыстоўвацца супраць мірных дэманстрантаў для падаўлення пратэстаў, і пасля гэтага мы не публікавалі ўвогуле амаль ніякіх зліваў.

Людзі (з Беларусі – С) па-ранейшаму пішуць, мы ім дасылаем інструкцыі, як правільна ачысціць паведамленні. Просім не пісаць, дачакацца больш свабодных часоў і пакуль гэтую ўсю інфармацыю збіраць у сябе ў бяспечных  месцах, каб пазней, калі з’явіцца такая магчымасць, пра гэта ўсё свабодна паразмаўляць.

І гэта ўсё спатрэбіцца для расследаванняў злачынстваў гэтага рэжыму, бо рана ці позна ён абрынецца — невядома, у які бок, ці ў бок Расіі ці ў бок цывілізаванага развіцця.

Пуціла падкрэсліў, што архівы паведамленняў захоўвае ў бяспечнай форме.

— Зараз ніхто з рэдакцыі не мае доступу да паведамленняў, якія атрымлівалі ў 20-м годзе, — толькі я і давераны чалавек, таму што зразумела, што лукашэнкаўскія сілы хацелі б і гэтыя архівы здабыць.

Паводле заснавальніка NEXTA, у жніўні 2020-га канал атрымліваў некалькі соцень паведамленняў у хвіліну — з фота, відэафайламі.

А задоўга да таго, як гэта стала мэйнстрымам, для канала зліваў інфармацыю прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар, які тады працаваў у Мазыры.