Шрайбман: Нават лаяльныя да ўлады людзі не хочуць сядзець толькі ў адной сацсетцы і вандраваць з абмежаваннямі

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман распавёў пра стаўленне беларусаў да Кітая, а таксама паразважаў, як палітычны кітайскі шлях мог бы паўплываць на наша грамадства.

— Стаўленне да Кітая ў беларускім грамадстве з большага пазітыўнае. Апытанні, якія праводзіліся, паказваюць, што да Кітая ставяцца нават лепш, чым да Расіі і Украіны, — кажа Шрайбман у эфіры Еўрарадыё. — Гэта цікавы феномен.

Арцём Шрайбман

Думаю, гэта звязана з тым, што негатыўнай інфармацыі пра Кітай ў беларускім інфармацыйным полі амаль няма, затое пазітыўная з прапаганды льецца ракой.

Пры гэтым, калі мы кажам пра кітайскія практыкі, то трэба іх падзяляць. Калі мы кажам пра эканамічныя, пра хуткі рост — натуральна, гэта тое, што кожны беларус хацеў бы паўтарыць.

Калі казаць пра палітычныя практыкі, то тут цяжка ўявіць сегмент грамадства, які быў бы рады рэалізацыі кітайскага шляху ў Беларусі, адзначае аналітык.

— Нават апалітычныя людзі ці тыя, якія ставяцца да ўлады пазітыўна ці лаяльна, не хочуць сядзець толькі ў адной сацсетцы, карыстацца адным плацёжным сервісам і вандраваць з абмежаваннямі.

Што тычыцца выбараў, то яшчэ 2020 год паказаў, які склаўся шырокі грамадскі запыт на самакіраванне. І ён не зводзіцца толькі да людзей прадэмакратычных поглядаў.

Гэта пра больш шырэйшы ўдзел у кіраванні сваім жыццём, удзел у мясцовым самакіраванні, гарызантальных сувязях. Мы бачылі, што ў беларускім грамадстве існуе дэфіцыт самакіравання.

А кітайскі шлях пра адваротнае — пра тое, што ўсе рашэнні прымаюцца на ўзроўні кампартыі.

І калі Лукашэнка кажа пра кітайскі шлях у палітыцы — то гэта пра адмову ад выбараў. Я не бачу людзей (акрамя ярых ябацек, 10-15%), якія былі б зацікаўлены ў дэмантажы нават фэйкавых дэмакратычных інстытутаў у краіне. Таму што аднойчы фэйкавыя інстытуты могуць стаць сапраўднымі.

А калі ты іх выкідваеш з Канстытуцыі, гэта значыць, што народ табе не патрэбны для кіравання ім жа. Я упэўнены, што гэта непапулярны пункт гледжання ў Беларусі.

Калі Лукашэнка пайшоў бы кітайскім шляхам у палітыцы і ў краіне не было б выбараў, гэта не значыць, што грамадства выйшла б на вуліцы, лічыць Арцём Шрайбман. Але гэта мела б свае наступствы:

— Пазбаўленне электаральнай легітымнасці прыводзіць да таго, што, калі адбываецца наступны крызіс, ужо няма магчымасці здымаць напружанне праз выбары, бо іх няма. Няма магчымасці сказаць, што за гэта прагаласавала большасць.

І таму, як у Савецкім Саюзе, увесь негатыў аўтаматычна вешаецца на кіроўную эліту. Гэта падвышае ўразлівасць сістэмы ў часы транзіту. У іншых крызісах — эканамічных або вайсковых — выбары таксама служаць як канал для супакаення грамадства.

Нават калі выбары падробленыя, частка грамадства будзе верыць, што прагаласавала, але не перамагла. А калі выбараў няма, абвінавачванні будуць накоплівацца і факусавацца на цэнтральнай уладзе. Менавіта таму дыктатуры амаль па ўсім свеце праводзяць выбары, каб мець хоць і фэйкавы, але інструмент для падману грамадства. Маўляў, калі вы супраць, вы ў меншасці. Калі выбараў няма, так ужо не скажаш.

Я не кажу, што гэта адразу абрыне рэжым. Але гэта адна з апор, на якую Лукашэнка не зможа спадзявацца ў сітуацыі наступнага крызісу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(29)