Филин

Юлія Кот

Шрайбман: «Не бачу нічога неверагоднага ў прыездзе Трампа ў Мінск. А вось самміт з удзелам Зяленскага менш верагодны»

Палітычны аналітык у каментары Филину — пра тое, ці становіцца больш рэалістычным сцэнар правядзення ў Беларусі мірных перамоў паміж Украінай, Расіяй і ЗША.

Мінск можа стаць месцам трохбаковых — паміж Дональдам Трампам, Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным — перамоў аб спыненні расійскай вайны супраць Украіны? Яшчэ некаторы час таму падобны сцэнар выглядаў амаль немагчымым. Але не цяпер.

На думку палітычнага аглядальніка Сяргея Навумчыка, усё больш аргументаў сведчыць пра тое, што падобнае развіцце падзей цалкам магчымае. Перадумовай, падкрэслівае ён, мусіць стаць вызваленне палітвязняў. У публічных допісах Трампа ўжо некалькі разоў згадвалася лічба: 1300 чалавек.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман згодны з меркаваннем, што «мінская сустрэча» Трампа і Пуціна выглядае рэалістычным сцэнаром.

— Улічваючы, што і тэлефанаванне Лукашэнку да мінулага тыдня лічылася вельмі і вельмі малаверагодным, я зараз не бачу нічога неверагоднага ў прыездзе Трампа ў Мінск, пры пэўных абставінах, — зазначыў аналітык у каментары Филину.

Арцём Шрайбман

— У Трампа ёсць пэўны ўзровень зацікаўленасці ў Беларусі. Мабыць, ён бачыць вызваленне беларускіх палітвязняў як магчымасць дасягнуць нечага для сябе, яшчэ адну патэнцыйную рэпутацыйную перамогу, з якой ён можа, так бы мовіць, абвесціць уласны трыумф.

Таму — калі, напрыклад, і Пуцін будзе рады яго прыняць падчас візіту ў адказ, а Трамп не захоча ехаць у Расію — чаму не ўявіць іх сустрэчу ў Мінску, на тэрыторыі, якая, так бы мовіць, расійскі саюзнік, але як бы і незалежная краіна?

Не лічу, што мы можам ацаніць верагоднасць такой сустрэчы ў працэнтах — але ж у сённяшніх умовах, з улікам непрадказальнасці Трампа, нельга выключаць такога варыянту.

Для Лукашэнкі, думаю, гэта была б ідэальная нагода, каб такі аддаць палітвязняў узамен на гэты візіт. Таму што падобнай узнагароды ён ніколі не атрымоўваў.

Фота: Getty Images

А вось што да саміту ў Мінску з удзелам Пуціна і Зяленскага — гэта, на маю думку, меней верагодна. Бо ўсё ж такі ў прэзідэнта Украіны ёсць свая суб’ектнасць. І для яго прыезд у Мінск — гэта відавочнае прыніжэнне.

Мала таго, што цябе (Зяленскага — Ф.) прывозяць у краіну-суагрэсара, не на нейтральную тэрыторыю, і трэба дамаўляцца пра нешта, будучы ў слабейшай пазіцыі. Так яшчэ і пасля ранейшых пагадненняў у Мінска ва Украіне вельмі дрэнная аўра і рэпутацыя.

Гэта нешта кшталту Будапешцкага мемарандуму, які не спрацаваў — гэтак сама, як не спрацавалі мінскія пагадненні. І прыехаць падпісваць «Мінск-3» — такое можна ўявіць толькі ў сітуацыі, блізкай да разгрому, да паразы Украіны ў вайне.

То бок, капітуляцыю зяленскі сапраўды можа прыехаць падпісваць у Мінск. Аднак пакуль мы не ў гэтай сітуацыі. Таму ў агляднай будучыні я такога не бачу.

А вось візіт Трампа для сустрэчы з Пуціным — гэта трошкі лягчэй уявіць. Не тое, каб усё да гэтага ішло і такая сустрэча абавязкова адбудзецца, але, паўтаруся, гэта адзін з магчымых сцэнароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(64)