Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?
Латвійская Служба разведкі і бяспекі Міністэрства абароны (MIDD) разам з імёнамі шасці афіцэраў ГРУ Расіі назвала і імя шпіёна беларускага ГРУ, які працуе на латвійскім кірунку — Сяргей Баранаў. Наша Ніва даваделася болей пра яго.
Сяргею Баранаву 42 гады. Ён з сям'і савецкіх вайскоўцаў, нарадзіўся ў нямецкім Лейпцыгу. Ягоная маці — вайсковая пенсіянерка.
Вядома, што потым мужчына жыў у Віцебску, дзе скончыў мясцовы ліцэй. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, які скончыў у 2005 годзе.
Па звестках Belpol, пасля ўніверсітэта Баранаў праходзіў службу ў часці №97030 у Барысаве. Даслужыўся там да намесніка начальніка штаба.
Пасля гэтага ён перайшоў на службу ў вайсковую часць №51886, якая цяпер мае нумар 11709. Пра яе расказваў «Байпол» у 2021 годзе. «Гэта самае закрытае падраздзяленне — дзявятае ўпраўленне ГРУ, на базе якога ў 2014 годзе было створана дыверсійнае спецпадраздзяленне для працы за мяжой», — тлумачыў Алег Талерчык.
Баранаў не раз бываў у Расіі. Напрыклад, 12 чэрвеня 2017‑га і 29 мая 2019‑га ён знаходзіўся ў Маскве і рэгістраваў там сім-карты. У 2014 годзе ён наведваў акупаваны Крым і публікаваў адтуль фота ў сацсетках.
Згодна з данымі аб перасячэнні мяжы, Сяргей Баранаў выязджаў у Латвію мінімум двойчы і абодва разы цягніком праз Бігосава. Першы раз — з 18 да 24 жніўня 2014-га, другі — з 18 да 23 ліпеня 2015-га. Мэта абедзвюх паездак пазначана як прыватная.
У спісах яго сяброў у сацсетках палова людзей з Расіі і траціна з Украіны або акупаваных тэрыторый. Мінімум трое з яго інтэрнэт-сяброў — з Латвіі.
Латвійская Служба разведкі і бяспекі Міністэрства абароны лічыць, што ГРУ вярбуе агентаў для збору разведданых і шукае іншых агентаў. Па звестках службы, Сяргей працуе менавіта на гэтым кірунку.
Што цяпер з Баранавым, не паведамлялася.
Читайте еще
Избранное