Общество

Статкевіч: «Кожны раз так кранальна, так шчымліва ў сэрцы, калі незнаёмыя людзі віншуюць, нават плачуць, убачыўшы нас разам»

Былы палітвязень разам з жонкай Марынай Адамовіч падзякаваў беларусам.

— Мы з Марынай шчыра дзякуем ўсім, хто віншаваў нас з маім вызваленнем, хто прапанаваў падтрымку, хто ўсе гэтыя гады падтрымліваў нас, — напісаў Мікола Статкевіч. — Для нас гэта тым болей важна, бо мы ведаем, колькі намаганняў рабіў і робіць правячы рэжым для разбурэння чалавечай салідарнасці.

У зняволенні адмыслова навучаныя супрацоўнікі перыядычна казалі мне, што «на волі пра мяне ўжо ўсе забыліся, што я нікому там не патрэбен». Я адказваў, што, калі нават гэта і так, то што гэта мяняе ў маёй пазіцыі?

Але, насамрэч, ніколі не верыў у сваю «непатрэбнасць», бо адчуваў вашую падтрымку і калі лісты да мяне яшчэ даходзілі (ведаю, што многія людзі заплацілі за салідарнасць сваёй уласнай свабодай), і тады, калі апынуўся на 3 гады ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Бо ваша цеплыня ахутвала мяне. І я адчуваў яе амаль фізічна.

Чым болей ўлада баіцца «свайго» народа, тым болей яна сіл і сродкаў скіроўвае на тое, каб знішчыць салідарнасць паміж людзьмі, ператварыць іх у статак запалоханых адзіночак. Але, як мы пераконваемся зараз, гэтыя намаганні апынуліся беспаспяховымі.

Бо салідарнасць была закладзена ў нас на ўзроўні інстынктаў мільёны гадоў таму, калі нашы продкі яшчэ не былі нават пралюдзьмі.

Гэтак жа, як клопат пра дзяцей, напрыклад. І ніхто не ў стане гэта разбурыць. Інакш бы мы проста пераслалі быць людзьмі. Сапраўднымі людзьмі…

І кожны раз так кранальна, так шчымліва ў сэрцы, калі незнаёмыя людзі (і гэта ў нашай ушчэнт «зачышчанай» краіне!) віншуюць, нават плачуць, убачыўшы нас разам. Аж да слёз на нашых вачах.

Дзякуй вам, Людзі! Але вельмі балюча хвалюе як шмат людзей яшчэ застаюцца ў зняволенні. Памятаем пра іх, падтрымліваем іх родных, робім ўсё дзеля іх вызвалення!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(84)