Святлана Курс: Калі б жанчыны разам з мужчынамі кіравалі, мы б не назіралі такі разгул псіхапатыі, нарцысізму і садызму

Пісьменніца Святлана Курс, вядомая як Ева Вежнавец, у інтэрв’ю фатографам Kanaplev+Leidik расказала пра свае творчыя планы, паразважала пра смерць і злапамятнасць.

Святлана Курс

— Мы прывыклі да дабра і не заўважаем яго, яно нас не настолькі ўражвае. Зла менш, але мы яго добра запамінаем, і таму здаецца, што зла многа, а дабра — мала, — адказвае пісьменніца на пытанне, чаго ў свеце больш: дабра ці зла ў выпуску Без ретуши. — А між тым, нават падчас Першай сусветнай і Другой сусветнай вайны, калі ўвесь свет быў заліты крывёю і агнём, былі цэлыя сем’і, гарады і вёскі, дзе людзі жылі шчасліва і не зналі праблем.

Вось у такія ціхія месцы мы не заглядаем і думаем, што ўсё вельмі кепска. Але на самой справе, на маю думку, дабра ў некалькі разоў больш, чым зла.

Курс распавяла, што выпускае кнігі раз на 10 гадоў.

— У мяне яшчэ чатыры гады наперадзе, я цяпер спакойна збіраю матэрыял, прычым вельмі прыдзірліва: каб кожны факт быў важны, клаўся ў радок, каб не было нічога лішняга — ні аднаго слова, персанажа, уражання, каб лёсы перапляталіся між сабой. Карацей, каб гэта была сапраўдная інтэнсіўная кніжка, а не вялізнае разбудаванае нешта з лішнімі рэчамі. Бо куды нам спяшацца — мы ж усе бессмяротныя? Можа, я ніколі не памру, а можа, памру заўтра, але ж жыццё — вечнае. Смерць — гэта проста цяжкая работа і вялікі страх, але смерць нічога не заканчвае і не вырашае.

Пісьменніца таксама распавяла, чаго ў яе больш — сэксізму або фемінізму.

— Сэксізм, расізм і фемінізм у мяне ў вялікіх колькасцях. Сэксізм праяўляецца ў тым, што мужчыны мне здаюцца страшэнна прыгожымі лапушкамі. А фемінізм — таму што я лічу, што жанчыны значна больш ураўнаважаныя за мужчын, але вельмі шкада, што 99% сусветнага багацця належыць мужчынам, а не жанчынам — гэта па-першае.

А па-другое, жанчын амаль няма ва ўладзе, лічбы яшчэ горшыя, чым мы маглі б падумаць. Не яны вырашаюць, што будзе ў гэтым свеце.

Таму што калі б вырашалі жанчыны разам з мужчынамі і кіравалі з імі, мы б не назіралі такую колькасць разгулу псіхапатыі, нарцысізму і садызму. На адну маньячку прыпадае дзесяць маньякаў.

Ад жанчыны ніхто жорсткасці не чакае. І калі яна насвінячыць, то яе свінства здаецца самым горшым. Напрыклад, алкагалічак асуджаюць больш, чым алкаголікаў.

Пісьменніца паразважала, чым цяпер трэба цікавіцца беларусам унутры краіны і ці варта быць злапамятнымі.

— Пабытовымі гісторыямі, гісторыямі сям’і (трэба цікавіцца — С.), за якія вам нічога не зробяць. <…> Мы павінны апісаць гісторыю сваіх сем’яў, а з гэтага ўсяго і паўстане гісторыя. Страшная гісторыя нашай краіны, якая вельмі пацярпела пад расійскай акупацыяй. Нам патрэбна толькі выжыць і сабраць звесткі, каб потым працаваць і адбудоўваць нашу незалежную краіну.

Беларусы павінны быць злапамятнымі. Вось гэтае ўсё «Ребята, давайте жить дружно» — не працуе. Мы бачым, чым гэта заканчваецца. Трымаць камень за пазухай — вельмі неабходнае ўменне.