Рэпрэсіўныя структуры колькасьцю ў сотні тысяч чалавек. Дык ці так ужо мёртвы СССР, пытаюся я? Крошка вампір, які нарадзіўся ў 1918, адрасьціў шмат хабаткоў.
Святлана Курс: СССР як калыска і магіла
Эсэ Святланы Курс «СССР як калыска і магіла» было напісанае ўвосень 2021 года для літаратурнага праекта Фонду Конрада Адэнаўэра, прымеркаванага да 100-годдзя ўтварэння і 30-годдзя распаду Савецкага Саюза, піша Budzma.org.
У студзені 2022 года эсэ пераклала на нямецкую мову Ціна Вюншман. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года многія тэксты пра спадчыну СССР запатрабавалі новага асэнсавання. Запланаваная публікацыя была адкладзеная, і эсэ так і не ўбачыла свету пры жыцці аўтаркі.
19 ліпеня 2026 года Святлана Курс пайшла з жыцця ў Варшаве. У гэтым эсэ яна спалучае гістарычнае даследаванне з асабістай і сямейнай гісторыяй, паказваючы, як падзеі XX стагоддзя паўплывалі на людзей у Беларусі і працягваюць адбівацца на сучаснасці.
Аўтарка даводзіць свой аповед да падзей 2020–2021 гадоў, ператвараючы развітальную прамову па Савецкім Саюзе ў сведчанне пра імперскую спадчыну, страх, памяць і чалавечую годнасць.
СССР як калыска і магіла
Нараджэньне, жыцьцё і сьмерць СССР пакрываецца з жыцьцём мае бабкі, Анастасіі, таму не ўяўляе для мяне якойсьці вялікай таямніцы. Анастасія і СССР разам сталі на кволыя ножкі, разам пайшлі ў сьвет, разам правялі жыцьцё. Калі СССР даў дуба, для Анастасіі было позна пачынаць наноў, таму што яна была ўжо зьнясіленай, старой жанчынай, зь якой той жа СССР высмактаў усе сокі.
Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік фармальна нарадзіўся 30 сьнежня 1922 года, а сканаў 26 снежня 1991 года, працягнуўшы амаль 70 год. Анастасія нарадзілася ў верасьні 1918 году, а памерла ў 2009 годзе, пражыўшы 91 год.
Яна памятала і дасьведчыла ўсё, чым СССР пачаставаў сваіх падданых.
Крошка вампір
Толькі нарадзіўшыся, СССР запатрабаваў крыві, дзеля чаго адгадаваў спецыяльны хабаток – ВЧК. Цалкам назва гэтага ўтварэньня – Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией, саботажем и, спекуляцией. Зьявілася яна 20 сьнежня 1917 (дарэчы, заўважна, што у СССР вельмі любілі нарабіць справаў у сьнежні.
Большасьць ключавых дат – узьнікненьне, сьмерць, кампаніі, законы, пастановы – датуецца сьнежнем) і да 1991 года пры дапамозе ланцужковай мутацыі перараджалася ў ВЧК, ГПУ, ОГПУ, НКВД, НКГБ, МГБ, КГБ, пасьлядоўна працягваючы пастанову Савета народных камісараў «Аб чырвоным тэроры», якая ўзаконіла распачаты тэрор супраць ворагаў савецкай улады.
Савецкае права было заклікана пазбавіць падданых былой Расейскай імпэрыі нават тых абмежаваных правоў, што яны мелі, і ператварыць фактычна ў дзяржнявольнікаў. Спачатку была ўзаконеная практыка пазбаўлення выбарчых і грамадзянскіх правоў па класавай прыкмеце – з’явіліся г.зв. «лішэнцы», ад слова «лишение прав».
Новы Закон аб працы зафіксаваў палажэнне аб усеагульнай працоўнай і ваеннай павіннасці. Да 1922 г. была створаная лагерная сыстэма «для класава-варожых» – лягеры прымусовай працы НКВД і ВЧК.
Першы савецкі крымінальны кодэкс у 1922 г. пацвердзіў неабходнасць тэрору і замацаваў мэханізмы пазасудовага пазбаўленьня правоў, уключаючы права на жыцьцё. У 1926 г. у Крымінальным кодэксе зьявіўся знакаміты 58-ы артыкул, скіраваны супраць нейкай туманна акрэсьленай «контррэвалюцыйнай дзейнасьці, агітацыі і прапаганды».
Трактаваць гэты артыкул можна было як заўгодна: «контррэвалюцыйным прызнаецца ўсякае дзеянне, накіраванае да зьвяржэньня, падрыў, паслаблення ўлады рабоча-сялянскіх саветаў, знешняй бяспекі Саюза ССР і асноўных гаспадарчых, палітычных і нацыянальных заваёў пралетарскай рэвалюцыі; любыя дзеянні, якія наносяць шкоду ваеннай моцы Саюза ССР, яго дзяржаўнай незалежнасці ці недатыкальнасці яго тэрыторыі; шпіянаж на карысьць ворага, уцёкі або пералёт за мяжу (sic!)». Санкцыі за парушэньні – сьмерць або шматгадовыя лягеры з канфіскацыяй маёмасьці, што часта выходзіла на адно.
Пры гэтым ніжняя мяжа ўзросту крымінальнага пакарання была ўсталяваная ў 12 гадоў. Адсюль гісторыі пра хлопчыкаў-беспрытульнікаў, расстраляных за ўкрадзены бохан хлеба. Турмы былі запоўненыя «малалеткамі».
У 1927 годзе, падчас піку дзіцячай і падлеткавай беспрытульнасьці, 48% усіх лягерных і турэмных вязьняў мелі 16-24 гады.
Што такое кулак?
І тут СССР падбіраецца да 11-гадовай Анастасіі, якая мірна жыве на хутары з бацькамі, на вялікім спадчынным кавалку зямлі, з заможнай, добра мэханізаванай гаспадаркай.
У 1927 г. для такіх, як Анастасія і яе бацькі, СССР выдумляе панятак «кулак» – заможны селянін. Пасьля двухгадовай прапагандысцкай іарганізацыйнай падрыхтоўкі аппарата рэпрэсій, у 1929 г. была абвешчаная палітыка «Вялікага пералому». Тэрор абрынаецца на вёску.
Само слова «кулак» сьведчыць пра тое, што СССР зьяўляўся па сутнасьці, працягам расейскай традыцыі, якую Расея распаўсюдзіла на землі Ўсходняй Эўропы, у тым ліку на Беларусь.
Упершыню слова «кулатчык», «кулак» ужываецца ў граматах цара Аляксея Міхайлавіча. Гэтак называлі гарадзкіх купцоў, якія скуплялі тавар і перапрадавалі яго даражэй. Нібыта нічога крымінальнага, у гэтым сутнасьць гандлю. Аднак у галоднай, жабрацкай, сялянскай Расіі слова набыло нэгатыўнае адценьне, як пазьней слова «спэкулянт».
Слоўнік Даля паведамляе, што кулак гэта «скупец, скряга, жидомор, перекупщик, особенно в хлебной торговле, живёт обманом, обчётом, обмером; ездит по деревням, скупая холст, пряжу, лён, пеньку, масло; денежный барышник, гуртовщик, скупщик и отгонщик скота».
У СССР слова набыло фальшывае сэмантычнае абгрунтаваньне – маўляў, кулак – гэта заможны селянін, які трымае беднякоў у кулаку і кулаком выбівае зь іх пазыкі.
Кулакамі былі абвешчаныя ўсе больш-менш заможныя сяляне. Паводле заканадаўства, асноўныя санкцыі – раскулачваньне (канфіскацыя маёмасьці), ссылка, лагер і расстрэл. Фактычна гэта фізычнае зьнішчэньне тым ці іншым спосабам.
У гэтай сытуацыі бацька 11-гадовай Анастасіі Іван, чалавек вельмі разумны і жорсткі, паступае радыкальна. Ён дабраахвотна аддае ўсю маёмасьць Саветам і паступае на дзяржслужбу ў органы. І з таго часу са зброяй у руках бярэ ўдзел у раскулачваньні сваіх суседзяў, зь якімі побач пражыў усё жыцьцё.
«Людзі з малымі дзецьмі і малымі клуначкамі сядзелі на вазах. Яны паўтаралі страшнае слова «на Салаўкі», ведаючы, што адтуль ніхто не пісаў і не вяртаўся. Спачатку жанчыны спрабавалі галасіць і прасіцца, аднае стала ясна, што новай уласьці на гэта пляваць. І сем'і ціха сядзелі і чакалі. Бацька іх канваяваў.
Яму было 42 гады, калі, клеплючы на падворку касу, ён упаў з ударам сэрца. Калі ён даходзіў на ложку, то ўвесь час ляжаў тварам да сьцяны, а мачыха, Любка, казала яму ў сьпіну: «Глядзі, гэта людзкія сьлёзы табе адбіліся, Іван». Калі бацька памер і лёг наўзнач, уся сьцяна была сырая ад сьлёз», – расказвала Анастасія.
Указ аб сямі каласках
Пасьля сьмерці бацькі мачыха забрала сваіх дваіх дзяцей і паехала выжываць да сваіх бацькоў. У старым доме засталася 14-гадовая Анастасія і два яе меншыя браты, 9 і 7 год.
Быў 1932 год, і акурат 7 жніўня выйшла Пастанова ЦВК і СНК СССР «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і сацыялістычнай уласнасці». У народзе – «указ аб сямі каласках».
Як піша Аляксандр Салжаніцын: «За стрыжку каласоў дзецям давалі не менш за 8 гадоў, і за кішэню бульбы таксама». Асабліва актыўна выкарыстоўваўся «указ аб каласках» падчас галадамору 30-х і 40-х гадоў.
Анастасію ўзялі працаваць на калгасны сьвінарнік, за працадзень у калгасе плацілі мала, і таму яна крала ежу ў калгасных сьвіней і насіла братам. Так яны і выжылі. А атрымліваецца, што празь іх выжыла і я, у адрозьненьне ад многіх нашых суайчыньнікаў.
Гэтак згінуў, дапрыкладу, Саўка, 12-гадовы калгасны пастушок, вясковы дурачок, якога нейкая жорсткая душа навучыла сьпяваць: «Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну».
12-гадовае непаўнаспраўнае дзіця забралі і відавочна расстралялі па 58 артыкуле – «антысавецкая агітацыя і прапаганда». Прынамсі, дадому ён ніколі не вярнуўся.
Як я разумею, Анастасію і яе братоў уратавала іх сіроцкасьць і жабрацкасьць. На іх ніхто не данёс, занадта шкадоблівыя былі трое сірот у халоднай хаце. Дроў купіць не было за што, і малодшыя дзеці праводзілі дні, збіраючы хоць нейкае гольле, каб распаліць печ, зварыць бульбы, бручкі.
Навокал жа адбываўся хапун. 1 снежня 1934 г. выйшла Пастанова ЦВК СССР «Аб парадку вядзення спраў аб падрыхтоўцы і здзяйсненні тэрарыстычных актаў». Тычылася г.зв. «шкодніцтва».
Шкоднікам, які псуе сацыялістычную маёмасьць, мог быць прызнаны любы чалавек. Калгасныя каровы наеліся малачаю і здохлі – пастушок шкоднік. Сабранае збожжа не было каму пералапаціць, і яно сапрэла – брыгадзір шкоднік. Следства па шкодніцкіх артыкулах павінна было скончыцца «ў тэрмін не больш за 10 дзён.
Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачаным за адны суткі да разгляду справы ў судзе. Справы слухаюцца без удзелу бакоў. Касацыйнага абскарджвання прысудаў, як і падачы хадайніцтваў не дапускаецца. Прысуд аб вышэйшай меры пакарання прыводзіцца ў выкананне неадкладна». Так патрабаваў савецкі КК той пары.
У выніку праз чатыры ўдарныя гады суды перасталі спраўляцца з наплывам расстрэльных справаў і часткова былі замененыя г.зв. «тройкамі».
Што такое тройкі
Тройкі НКВД СССР – органы пазасудовых рэпрэсій пры ўпраўленнях НКВД, якія дзейнічалі са жніўня 1937 па лістапад 1938 гады.
Складаліся з трох чалавек – начальніка, сакратара абкама і пракурора, чым і абумоўленая іх назва. Мелі права прыгаворваць арыштаваных да расстрэлу, заключэнню ў лагеры ці турмы на тэрмін ад 8 да 10 гадоў.
Рашэнні выносіліся завочна, па сьпісах арыштаваных, якія падавала НКВД. Матэрыялы «троек» пад грыфам «Совершенно секретно. Хранить вечно» уключаюць максымум пяць паперак: пастанову аб арышце, пратакол ператрусу і арышту, 1-2 пратаколы допыту і абвінаваўчае заключэньне. Паміж чалавекам і сьмерцю трымцелі пяць аркушыкаў паперы.
Для параўнаньня: мая банкаўская дамова складае 20 старонак, паштовае ўпаўнаважаньне – 2, просьба аб наданьні падаткавага нумару – 3. У выніку тройкі праявілі д'ябальскую эфэктыўнасьць: за год працы асудзілі 1,3 млн. 863 чалавек, зь якіх каля паловы (665 тыс.) – да расстрэлу.
Такім чынам, яшчэ да вайны ў нашай вёсцы на 200 двароў саветы цалкам зьнішчылі 11 сем'яў і рэпрэсавалі каля 60 паасобных людзей па розных артыкулах.
У 1930-х СССР на поўных парах ішоў да вайны. Жаданьне сусьветнага камуністычнага панаваньня, выказанае яшчэ Ленінам, нікуды не сышло. «Мы на горе всем буржуям мировой пожар раздуем».
Ужо ў 1940 г. выходзяць мабілізацыйныя пастановы Вярхоўнага Савета. «Аб адказнасці за выпуск нядобраякаснай прадукцыі», «Аб забароне самавольнага сыходу з працы тракт трактарыстаў і камбайнераў, рабочых і служачых з прадпрыемстваў і ўстаноў», «Аб разглядзе народнымі судамі спраў аб прагуле і самавольным сыходзе з прадпрыемстваў і ўстаноў», «Аб крымінальнай адказнасці за дробныя крадзяжы на вытворчасці і за хуліганства».
Тэрміны – ад 1 да 8 год зняволення. «Аб дзяржаўных працоўных рэзервах СССР», па якім моладзь сілком мабілізоўваць ў сістэму ФЗН (фабрычна-заводскае навучаньне). Уцёкі са школ ФЗН караліся 6 месяцамі зьняволеньня.
У 1940 годзе замацаваны парадак прымусовага пераводу інжынераў, тэхнікаў, майстроў, служачых і кваліфікаваных рабочых з аднаго прадпрыемства на другое. Фактычна, гэта замацавала сыстэму ваенна-казарменнай эканомікі і татальнай мабілізацыі. За прагулы, спазьненьні і адлучкі з рабочага месца за паўгода па ўсім СССР асудзілі больш за 2 млн. чалавек.
У той час малодшы брат Анастасіі, падлетак Іван трапіў у сыстэму навучаньня для моладзі і вывучыўся на трактарыста. Аднак пажыць доўга яму не давялося. Ня выключыў тармазоў у адкрытым трактары, вылецеў праз стырно і яго раздушыў уласны трактар. Кажуць, ён быў п'яны.
«Пілі многія, гарэлку гналі з усіх здабытых матэрыялаў – збожжа, бульбы, сьвінога камбікорму, грубай сьвіной мукі. На выпіўку усюды знойдзеш» – расказвала Анастасія. Цяжкое жыцьцё спрыяла алкагалізацыі.
Вайна супраць беларускага народа пачалася не ў 1941-м, яна не спынялася з 1918-га.
Крымінальнікі ў ГУЛАГу – і іх нашчадкі
Падчас вайны мая сям’я знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, і гэта тэма асобная.
Пасьля вайны яны апынуліся на выпаленай зямлі, без нічога. Жылі ў рэдкіх ацалелых хатах, у зямлянках. Краіна стаяла ў руінах, уключаючы Мінск. Аднак рэпрэсіўны махавік не спыняўся.
У цяжкіх умовах пасляваеннай разрухі і голаду, 4 чэрвеня 1947 г. быў прыняты Ўказ «Аб крымінальнай адказнасці за крадзеж дзяржаўнай і грамадскай маёмасці». Тэрмін пакарання – 7-25 гадоў. Пад яго дзеянне трапілі дзесяткі тысяч дарэшты згалелых людзей. На той час у Анастасіі было двое сыноў, як раней два браты. Зноў карміць, і зноў няма чым.
І тут на дапамогу прыйшлі калгасныя сьвіньні і каровы. Бабка крала мяхамі, рызыкуючы жыцьцём. Мяхі яна несла за 2 км з фэрмы ўначы, на сьпіне. Таму ўжо ў 70 год яна не магла разагнуцца, хадзіла літарай Г, бачачы толькі зямлю, абапіраючыся на кіёк.
Вы маглі пабачыць мноства такіх зьнішчаных старых людзей у СССР. Высмактаных і выплюнутых. Аднойчы Анастасію злавіў патруль. На шчасьце, яна несла толькі некалькі калгасных бульбін, схаваных у ліфчыку. Яе пашкадавалі і пусьцілі. А ў нашай сям’і гэты выпадак быў прадметам жартаў. Як я цяпер разумею, даволі бесчалавечных.
Дабраахвотныя адвакаты СССР цяпер часта сцвярджаюць, што ў ГУЛАГу было ня так і шмат палітычных вязьняў, асуджаных па 58 артыкуле. У асноўным сядзелі крымінальнікі. Тут ёсьць саркастычная праўда.
Бо ў СССР крымінальнікам можна было зрабіцца за сем састрыжаных каласкоў, за тое, што зламаўся стары станок, за тое, што хтосьці спазьніўся на працу або ня выканаў план па вытворчасьці, ня выпрацаваў у калгасе нормы працадзён на год.
У 1950-ыя гады рэпрэсіі прытармазілі. Пасьля сьмерці Сталіна была абвешчаная амністыя, і вось тады ўсе адчулі шок, калі выявілася, што мільёны людзей сядзяць, па сутнасьці, за пусты мех. Аднак гэта зусім не азначала, што савецкае права рассталася са сваёй рэпрэсіўнай сутнасцю.
25 снежня 1958 г. быў прыняты новы закон СССР «Аб крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя злачынствы», у якім прысутнічалі і «здрада радзіме», і «шкодніцтва», і «антысавецкая агітацыя і прапаганда» (да 10 гадоў), і «ўдзел у антысавецкай арганізацыі».
Усе тыя ж падваліны, на якім трымаецца права цяперашняга беларускага рэжыму. Колькасьць вязьняў у СССР так і не падлічаная. Вялікая частка насельніцтва прайшла праз лягеры і вынесла адтуль траўмы і зьмененую сьвядомасьць, паламаную матывацыю і адсутнасьць крытэраў дабра і зла.
Гэты лягерны мэнталітэт уплываў і працягвае ўплываць на агульны псыхічны дабрабыт савецкіх і постсавецкіх людзей. Такіх траўмаў пазбываюцца на трэцяе-чацьвертае пакаленьне добрага, свабоднага жыцьця (як сьведчаць некаторыя дасьледаваньні аддаленых узьдзеяньняў Галакосту на псыхіку нашчадкаў тых, хто выжыў). Толькі ці былі ў нас такія 3-4 пакаленьні?
Думаю, я спадчыньніца ня толькі крымінальнікаў, злодзеяў, прагульшчыкаў і раскрадальнікаў сацыялістычнай уласнасьці, але і тых калгасных сьвіньняў і цялят, якія хоцькі-няхоцькі дзяліліся з намі ежаю.
Зрэшты, спадчыньнікі ёсьць ня толькі ў «крымінальнікаў». Ёсьць яны і ў «ВЧК, ГПУ, ОГПУ, НКВД, НКГБ, МГБ, КГБ». Нагадаю, у Беларусі нават назву мяняць не спатрэбілася – быў КГБ і ёсьць КГБ, хаця да яго дадаліся іншыя аббрэвіятуры - СБП, ГУБАЗІК, АМАП, САБР, ДФР.
Брэжнеўшчына, 1960-1980: не на крыві, а на нафце
Два апошнія, самыя лагодныя і вегетарыянскія дзесяцігоддзі СССР былі звязаныя з Леанідам Брэжневым. Ён стаў кіраўніком СССР у 1964 г., а сышоў проста з пасады на катафалк у 1982-м. Было яму ня так і шмат, 76 год, але лічылі яго глыбока старым чалавекам.
Цяперашнім кіраўнікам «двухгаловага СССР» (Беларусі і Расеі) ненашмат меней, але яны ўсё яшчэ лічацца людзьмі ў поўным росквіце сіл. Брэжнеў адразу ж пачаў займацца эканомікай.
Старшыня Савета міністраў СССР Аляксей Касыгін падаў яму на разгляд гаспадарчую рэформу Лібермана, у аснове якіх была лібэралізацыя заканадаўства, новыя метады планавання і прынцыпы эканамічнага стымулявання.
Цяпер галоўным стымулам вытворчасьці былі не рэпрэсіі, а матэрыяльная зацікаўленасьць. У прадпрыемстваў і гаспадарак не забіралі прыбытку цалкам, наадварот, выдавалі крэдыты і стваралі фонды матэрыяльнага стымуляваньня. У выніку ўжо за пяць год аб'ём вытворчасці вырас у 1,5 разы. Аднак СССР усё ж не мог адмовіцца ад сваёй ваенна-казарменнай сутнасьці. У 1972 г. асноўныя сродкі ад лёгкай прамысловасці сталі накіроўваць на развіццё цяжкай прамысловасьці – г.зв. абароннага комплексу.
Пачалася абсурдная гонка ўзбраеньняў з Захадам. Зьмярцьвелая сыстэма не паддалася пераўтварэньню. Нарасталі дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, знешні фінансавы доўг. Адбівалася непасьлядоўнасьць у правядзенні рэфармавання.
Аднак СССР у 1970-ыя працягваў стаяць дзякуючы прытоку нафтадаляраў – рэнце за натуральныя прыродныя рэсурсы. Такім чынам, брэжнеўскі СССР стаяў пераважна не на крыві, а на нафце. Людзі ўздыхнулі свабадней, з’явіўся дабрабыт. Гэта быў добры час і ў жыцьці Анастасіі. Ёй пачалі плаціць пенсію.
Пенсія калгаснікаў
Пенсійнага фонду ў СССР спачатку не існавала. У 1924-25 годзе іх пачалі выплочваць навукоўцам, настаўнікам і выкладчыкам, у 1929 – шахцёрам і ткачыхам. І толькі ў 1932 г. пенсіі былі ўсталяваныя для ўсіх працоўных.
Аднак гэтыя пэнсіі былі значна ніжэйшыя за пражыткавы мінімум і насілі хутчэй характар сымбалічны. Людзі выжывалі як маглі, у асноўным за кошт г.зв. «падсобнай» (натуральнай гаспадаркі). Менавіта таму такім частым пейзажам у СССР былі хлевушкі з курамі і сьвіньнямі пры хатах і гарадскіх бараках, а таксама дачы, дзе вырошчвалася гародніна.
Яшчэ адным спосабам выжыць былі шматпакаленьневыя сем’і, якія жылі адным кланам. Старыя вялі хатнюю і падсобную гаспарадарку, няньчылі дзяцей, пакуль іх дзеці зараблялі на пражытак. За гэта стары чалавек мог разьлічваць на міску супу, догляд, дах над галавой. Але і працаваць трэба было аж пакуль не зьляжаш у сваю апошнюю пасьцель.
Сістэма пенсійнага забеспячэння была усталяваная ў СССР ў 1956 г. законам «Аб дзяржаўных пенсіях». У ім прапісалі гарантыі дзяржаўнай пенсіі, адзіныя падставы прызначэньня і падліку. У выніку пенсіі ў краіне адразу падскочылі на 80%. Але калгасьнікам пенсій так і не плацілі ажно да 1964 г.
Калгасьнікі не мелі пэнсій ад пачатку калектывізацыі ў 1929 і да 1964. 35 год у СССР існаваў клас нявольнікаў, якія не мелі ні пашпартоў, ні пенсій. Да таго ж і пасьля 1964-га пэнсіі калгасьнікаў заставаліся ўдвая ніжэйшымі за пэнсіі гараджанаў, часта ніжэйшыя і за пражыткавы мінімум.
Нават у 1975 г. сярэдні памер вясковай пэнсіі па ўзросту складаў усяго 40% ад «гарадской», у 1988 годзе – 58%.
Анастасія занадта позна атрымала свае «вялікія грошы». Яна так і не навучылася іх траціць на сябе. У шафе віселі паліто і сукенкі, але яна працягвала хадзіць у латаных старых спадніцах, аблезлых сьвітках, якім было па дваццаць-трыццаць год. Ні разу ў жыцьці яна не была ў цырульніка, валасы ёй падразалі суседкі. З упрыгожаньняў у яе былі пацеркі зь белага шкла і брошка са шкла сіняга.
Яблыкі, якія расьлі ў садзе, яна ела так: спачатку падгнілыя, каб не прапалі, а потым цэлыя. Аднак пакуль яна ела падгнілыя, цэлыя таксама пасьпявалі сапсавацца. Цьвілы хлеб не выкідваўся, зь яго бабка зразала цьвіль і ела.
Самым вялікім ласункам для яе былі хлеб, абмакнуты ў сьмятану і пасыпаны цукрам, а таксама карамелькі ў форме падушачак.
У яе не было ніводнага шанцу пражыць добрае жыцьцё, паколькі яна нарадзілася ў беларускай вёсцы ў 1918 годзе і ніколі не пакінула Савецкага Саюзу.
Ні нафта, ні кроў не дапамаглі
У 1980-х адбылося падзеньне попыту на нафту і газ, і СССР не ўстаяў. Ён ня мог устаяць, ня смокчучы сокаў зь людзей ці зямлі. Такая ўжо гэта была сыстэма. Тэмпы росту эканомікі ўпалі ў 3 разы.
Пачаўся дэфіцыт прадуктаў, якіх і так ніколі не хапала. Цэлыя прамысловыя гарады СССР гадамі ня бачылі масла ці кілбасы. У 1982 г. годзе паспрабавалі ўратаваць сельскую з дапамогай г.зв. «Харчовай праграмы», перадгісторыяй якой стаў татальны недахоп ежы ў краіне. Дзяржава пастаянна датавала вытворчасць прадуктаў.
Цана мяса ў канцы 1970-х гадоў была ў 2—3 разы ніжэйшай за цану яго вытворчасці. У 70-80 я гг. была зроблена стаўка на аграпрамысловую інтэграцыю – сельская гаспадарка злучалася ў адную структуру з прадпрыемствамі перапрацоўкі.
Аднак страты прадукцыі складалі каля 40%, паміж вёскай і горадам існаваў разрыў у якасьці жыцьця. Да голаду ў краіне не даходзіла, але працэс пошуку і прыгатаваньня прадуктаў займаў амаль увесь вольны час хатніх гаспадыняў.
Краіна стаяла ў чэргах па самыя звычайныя рэчы – цукар, боты, садавіна, мяса. Велізарная грашовая маса, якая сабралася ў краіне, не была пацьверджаная таварамі – уключыўся эфект «пустых грошай».
Скончылася гэта тым, што шматгадовыя зьберажэньні маіх бацькоў і кволыя зьберажэньне з кароткай і малюсенькай пэнсіі Анастасіі - абясцэніліся.
За сабраныя грошы яны б маглі набыць кватэру ў сталіцы і аўто – але не маглі, бо на катэры і машыны таксама стаялі чэргі. У выніку за ашчаджэньні жыцьця двух пакаленьняў мая сям’я купіла два драўляныя двухспальныя ложкі. Гэтыя ложкі дагэтуль стаяць у нашым доме.
Хто пацярпеў ад СССР
Паводле падлікаў гісторыкаў, гістарычная авантура пад назваю «СССР» забрала ад 100 да 150 млн. чалавечых жыцьцяў. Гэта г.зв. страты наўпрост – без падліку страт ускосных.
На гэтую крывавую ахвяру склаліся грамадзянская вайна, ленінскія чысткі і расстрэлы, «Чырвоны тэрор» 1920-х, «Вялікі тэрор», калектывізацыя і Галадамор 1930-х.
Бяздарна праведзеная СССР Другая сусьветная вайна, выйграная праз горы трупаў, калі бяззбройных неабвучаных людзей бралі ў войска і гналі на сьмерць, лакальныя войны і канфлікты СССР (Афганістан і інш.)
Пытаньне, якое цяпер займае многія розумы ў нашай частцы сьвету – ці зьяўляецца СССР расейскім праектам – такім, як Маскоўскае царства, Расейская імпэрыя, сучасная РФ?
Шмат што паказвае: так, гэта адзін з праектаў гістарычнай Расейскай імпэрыі, якая зноў у нашыя дні яўляе свой бляск і ўпадак. Цэны на нафту і газ ідуць угару на дзясяткі працэнтаў, а значыць, гэты акт гістарычнай драмы будзе доўгі.
Двухгаловы СССР – беларускі і расейскі рэжымы – працягваюць сваё крывавае жніво, падпальваючы лакальныя войны і канфлікты па пэрымэтры сваіх тэрыторый.
Верагодна, менавіта расейцы як імпэрыятворчая нацыя зьяўляюцца набольш пацярпелымі ў гэтай шматактавай трагедыі – перанёсшы ня меншыя людзкія пакуты і страты, чым іх нявольныя суседзі па «турме народаў», расейцы страцілі добрую прэсу ў сьвеце, добрае імя, спачуваньне, сымпатыю і павагу. Але ёсьць і тыя, ад каго засталося толькі імя. Напрыклад, у выніку этнацыду вецер гісторыі разьвеяў чэркесаў і многія іншыя малыя народы.
Зло перамагае, зло лікуе і злацешыцца
СССР не ўнікальны. На прасторы часаў і кантынэнтаў мы знойдзем гісторыі масавых гекатомб і ганеньняў. Але яшчэ нідзе катастрофа не была такой хуткацечнай і такой крывавай.
У гэтым тэксьце я падлічваю эмацыянальныя наступствы жыцьця ў СССР – для мяне і мае сям’і (а можа, і майго народа). Зло перамагае, зло лікуе і злацешыцца.
Тыя, хто ляжыць у безыменных магілах у сотнях беларускіх урочышчаў, такіх, як Курапаты, скончылі сваё кароткае жыцьцё ў невыносных пакутах, зь немым крыкам.
Тыя, хто іх страляў, у вялікай масе сваёй дажылі да пэрсанальных пэнсій, да 80-100 год.
Жонка гэбіста, прыпісаная да паліклінікі КГБ у 1990-х, расказвала мне, што гэтыя дзядулі і бабулі з 1930, 1940, 1950 гадоў усё яшчэ жывыя, дбаюць пра сваё здароўе, дыхтоўна апранаюцца і малююць вусны ў чырвоны колер.
Са злобнымі вочкамі і памаляваныямі вуснамі яны прыходзілі дамагацца найлепшага лячэньня ў недаступную іншым сьмяротным паліклініку КДБ. Цяпер, канечне, і па іх загінуў сьлед.
Але беспакаранасьць зла сьцьвердзіла, што тысячы іх спадчыньнікаў пасьля падзеньня СССР, у 1996-2020 (і асабліва ў 2020-м!) працягнула кіпучую чэкісцкую дзейнасьць так, нібыта СССР і не паміраў.
На Акрэсьціна па калідорах плыла з камэраў кроў, а крыкі былі чутны на сотні мэтраў вакол гэтага гулагу. Таму ёсьць добра задакумэнтаваныя сьведчаньні. Такое адбывалася паўсюдна ў міліцэйскіх пастарунках гарадоў і мястэчак Беларусі. А мая мама зноў просіць не гаварыць слова «Лукашэнка» па тэлефоне, калі я званю ёй з Польшчы.
Такім чынам, першае эмацыйнае наступства – страх. Ён паралізуе творчыя сілы, ініцыятыву, робіць немагчымым любое актыўнае дзеяньне, якое выходзіць за парог уласнага жытла. Няма сэнсу рабіць штосьці, за што цябе пакараюць, сатруць у парашок, а калі ўдасца – то адбяруць твой плён.
Зь некаторага часу дзяржава ўрываецца і ў жытло з аўтаматамі, расьпілаваўшы жалезныя дзверы. Як у 1930-ыя. Але аднойчы насустрач гэтаму злу са свайго пакоя выйшаў Андрэй Зэльцар з ружжом.
Другое эмацыйнае наступства – вывучаная бездапаможнасьць, адсутнасьць веры ў сваю чалавечую значнасьць і свае сілы. Ты маленькі чалавечак, ты нішто, а дзяржава ўсё.
Трэцяе эмацыйнае наступства – жорсткасьць і душэўная скупасьць. Я добра запомніла, што мой прадзед аддаў сваю вялікую гаспадарку савецкай уладзе і пайшоў ёй служыць, вывозячы на Салаўкі былых аднавяскоўцаў, узімку, зь дзецьмі, з маленькімі клуначкамі. Яны ніколі адтуль не вярнуліся, памерлі з голаду і холаду. Затое мы, наш род, нашая сям’я, засталіся дома і выжылі дзякуючы вялікаму зладзейству майго прадзеда.
Прынцып «ты памры сёньня, а я заўтра» мы засвоілі вельмі добра. І калі ў 2021 годзе Лукашэнка стаў прывозіць мігрантаў на беларуска-польскую мяжу, і яны ішлі праз Белавескую пушчу галодныя і халодныя, я, жывучы ў Польшчы, ня стала ім дапамагаць, я не спачувала ім.
Я адчула ў іх пагрозу: «Яны хочуць захапіць прастору, патапіць Эўразьвяз, апусьціць яго ў такі ж экзыстэнцыйны адчай, у якім перабываюць Блізкі Ўсход і Афрыка», – думала я і са спачуваньнем назірала за дзеяньнямі памежнай варты, войска і паліцыі, якія не пускалі прыбышоў празь мяжу.
Гэта стыдная рэакцыя, але яна была і ёсьць такой моцнай, што я лічу бессэнсоўным гэта хаваць. Мы, жыхары Усходняй Эўропы, прасторы, траўмаванай СССР, ня можам і ня хочам рызыкаваць дабрабытам, спакоем і свабодай, мы думаем, што ад дзяленьня яны зьмяншаюцца, а не ўзрастаюць. Што чужыя нявольніцкія каштоўнасьці адбяруць у нас нашую долю, такую сьвежаздабытую, такую няпэўную.
Чацьвертае эмацыйнае наступства зьвязанае з эскапізмам. Чалавек уцякае ад жыцьця ў павольнае самагубства. На нашых тэрыторыях, беларускіх і расейскіх гэта – глыбокі алкагалізм і небясьпечныя пабытовыя паводзіны.
Вельмі глыбокі, традыцыйны алкагалізм, у якім мала рытуальнасьці, гарганцюанства, пышнага прапальваньня жыцьця, затое многа дапіваньня-дабіваньня сябе да магілы. Асабліва гэта тычыцца тых, хто ад грабежніцтва пацярпеў найбольш – беларускіх аўтахтонных сялянаў, нявольнікаў аж да 1960-х (у іх, нагадаю, не было пашпартоў, яны не маглі выехаць з калгасу, дзе для іх не было ні заробку, ні пэнсіі па старасьці, а калі тая пэнсія зьявілася, яна склала ў сярэднім траціну ад пражыткавага мінімуму – каля 30 рублёў).
Пятае наступства – эмацыйнае выжываньне ў любой прапанаванай рэальнасьці, г.зв. трывушчасьць. Гэтая выпрацаваная якасьць часта зьяўляецца прадметам гордасьці, нават мае свой мем «гэты народ не перамагчы». Таму што лічыцца: наш разьнежаны праціўнік, што ня жыў у эстрэмальнай бядзе, ня выжыве. А мы выжывем.
Я думаю, гэта такі ж міт, як і той, што бедны – душа-чалавек, затое багаты – хцівы зладзей. На самой справе чалавек, зьнясілены несвабодай, мае менш стымулаў падымацца пасьля паразаў і ісьці далей.
Аднойчы ў дзяцінстве я адвярнула камень, які ляжаў ля нашага падворку. Пад ім аказалася белая, сагнутая, скарлючаная трава, якая ніколі ня бачыла сонца і прасторы, якой не пашанцавала ўзысьці пад каменем. Яна была такой шкадоблівай, нагадвала безабаронных чарвякоў.
Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі на наступны дзень я ўбачыла, што белая трава стаіць. За ноч яна ўстала і стаяла, яшчэ слабая, тонкая і няўпэўненая.
На другі і трэці дзень трава зазелянела пяшчотнай, новай, празрыстай, яшчэ няпэўнай зелянінай. Гэта тое, што мы ўсе са зьдзіўленьнем убачылі ў Беларусі ў 2020 годзе – паўстаньне травы, зь якой зьнялі камень. Пасьля чаго гэтую траву вытапталі і камень ускацілі яшчэ цяжэйшы.
Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі і яго Ганебнага рэфэрэндума, дзе народ адмовіўся ад кантролю над уладай, ад бел-чырвона-белага нацыянальнага сьцяга і герба «Пагоня», ад беларускацэнтрычнасьці на карысьць расейскага панаваньня, я падумала: «Нічога, мы выжывем, калі яны ня будуць нас зьнішчаць фізычна».
У 2020 годзе яны пачалі зьнішчаць нас фізычна. Але з тых часоў я атрымала яшчэ адзін урок – мы выжывем, нават калі яны зьнішчаць нас фізычна, а косткі закапаюць у безыменнай магіле і зальюць вапнай.
Гэта адбылося з паўстанцамі Кастуся Каліноўскага. Тады прэзыдэнт Польшчы Андрэй Дуда ў сваёй прамове нагадаў, што паўстанцы былі пахаваныя без дамавінаў, са зьвязанымі ззаду рукамі, і засыпаныя вапнай у магільных ямах.
«Мы добра ведаем гэты характэрны барбарскі звычай, які працягваўся «ад белага да чырвонага царызму». У нашых краінах мы ўсё яшчэ знаходзім безыменныя сьмяротныя ямы з трупамі ахвяраў — салдатаў антысавецкай партызанкі, забітых чырвоным рэжымам.
Мы таксама помнім пра іх, пра польскіх «праклятых-нязломных салдатаў», пра літоўскіх «лясных братоў» і пра іншых. Таму што ўсе яны — як тыя 150 гадоў таму, так і тыя 70 гадоў таму — героі для нашых народаў. Усіх іх павінен быў напаткаць такі самы лёс: асуджэньне, зганьбаваньне, пагібель, забыцьцё. Але мы тут, у Цэнтральнай Эўропе, ніколі з гэтым не пагадзіліся.
Мы пеставалі памяць пра іх насупроць змоўчваньню, ушаноўвалі іх подзьвігі патаемна, у дамах і на могілках. А сёньня мы робім гэта ўрачыста, разам, бо мы зноў сталі свабоднымі людзьмі, грамадзянамі ўласных сувэрэнных дзяржаваў».
Так што мы будзем людзьмі, будзем сабой, нават калі нас будуць зьнішчаць фізычна.
І гэта зьяўляецца шостым эмацыйным наступствам – нягледзячы на тое, што зло лікуе, перамагае і злацешыцца ў гэтай частцы сьвету, постсавецкі чалавек заўжды намацвае тварам сьвятло і паварочвацца да яго, як гэта робіць сланечнік.
Ева Вежнавец, 25 кастрычніка 2021 г., пахавальная прамова на сьмерць СССР.
Читайте еще
Избранное