«Ужо толькі тое немагчыма дараваць сістэме, што паразлучала самых блізкіх людзей»
Былы палітвязень, журналіст Ігар Карней – пра боль вымушаных эмігрантаў і іх сваякоў.
– Ужо толькі тое немагчыма дараваць крыважэрнай сістэме, што без усялякіх згрызотаў сумленьня паразлучала самых блізкіх людзей, – піша Карней. – Праз беспадстаўныя зьняволеньні, праз цынічныя выдварэньні, праз вымушаную эміграцыю. Асабліва калі гаворка пра тых, для каго ў сілу ўзросту кожны пражыты дзень – як падарунак лёсу.
Нараджэньне маці, сьвякрухі, бабулі Люсі для нашай сям’і – падзея знакавая. Найлепшая нагода сабрацца ўсім разам у Залесьсі – сынам, нявесткам, пяцёрцы ўнукаў. Зрэшты, з агаворкай, што менавіта так было ў лепшыя часы. Цяперашні адрэзак назваць «лепшым» не паварочваецца язык.
Свой 85-гадовы юбілей 5 верасьня мама адзначае ў поўнай адзіноце. Мужа, нашага бацькі, на гэтым сьвеце няма ўжо 40 гадоў; два сыны са сваімі паловамі ў замежжах, як і любімыя ўнукі. І ніякай магчымасьці штосьці перакруціць у іншы бок.
Папярэднюю круглую дату яшчэ пасьпелі адсьвяткаваць на фоне трывожных чаканьняў у 2021-м. Зараз жа – толькі праз відэамост, дзякуй тэхнічнаму прагрэсу і за гэткую ласку.
Пад такую аказію да нас на выспы прылятае малодшы брат Зьміцер, павіншуем хоць так. Бо выцягнуць маці нават кудысьці па-суседзтву (ад Смаргоні да літоўскай мяжы – 50 км) – справа амаль безнадзейная. Як і для бальшыні сталых вяскоўцаў, кожная вандроўка параўнальная са стрэсам.
Ды і, на жаль, даюць знаць сумныя прыкметы ўвяданьня – правалы ў памяці, добра, што кароткачасовыя. У астатнім сябе даглядае самастойна, што вялікая палёгка для ўсіх.
Мама ўсё жыцьцё адпрацавала аграномам – пачынала пад Крэвам, потым было шмат пераездаў пад калгаснае ўзбуйненьне, урэшце асела ў Залесьсі (так-так, таго самага Міхала Клеафаса Агінскага).
Заўсёдная перадавіца, двойчы ардэнаноска, у першую прэзідэнцкую кампанію-1994 актыўнічала ў ініцыятыўнай групе кандыдата Зянона Пазьняка.
А па маладосьці – зайздросная прыгажуня. Выбар бацькі цалкам зразумелы, хоць часьцяком ён і трапляў пад гарачую руку дзесьці залішняй прынцыповасьці. Калі таты ня стала ў выніку пакутлівага змаганьня з анкалогіяй, маме давялося ўзваліць на сябе ўсё – ад працоўных абавязкаў да немалой хатняй гаспадаркі.
Ня кажучы пра тое, каб скіраваць у правільным кірунку сыноў – я акурат скончыў школу, брат толькі пачынаў.
Хоць мела толькі крыху за 40, ніколі ня чулі нават размоваў, каб у нашым доме пасяліўся хтосьці яшчэ. Так і засталася адналюбкай, ня здрадзіўшы мужу і ахвяраваўшы ўсім дзеля дзяцей. Адвучыла, ажаніла, дадала ўпэўненасьці ўласным жыцьцёвым прыкладам. І вось такая сумная разьвязка – ня мець магчымасьці прытуліць роднага чалавека.
Па злой іроніі, год таму мяне на ўсіх парАх пракацілі зусім побач з домам, калі з мяхом на галаве выкідвалі ў Літву. А да таго, увосень 2024-га, зьдзекваліся, не даючы павіншаваць са шклоўскай катавальні. Мала таго, што па-беларуску, дык яшчэ ў вершаванай форме – яўна зашыфраваныя сігналы за калючы дрот.
Асьмелюся паказаць невялікі фрагмент, бо атрымалася цэлая паэма – у кніжку вырашылі таксама ўставіць як прыклад турэмнай самадзейнасьці). Падводка – адтуль жа…
…Згадаўшы выбітных беларускіх класікаў, якія за сваё іншадумства прайшлі царскія засценкі, натхніўся іх прыкладам ды зрыфмаваў віншаванне галоўнаму чалавеку ў фармаванні майго светапогляду. Назваў двухсэнсоўна, як дагэтуль клічуць яе аднавяскоўцы – «Расці-слаўна».
Натуральна, і ў думках не было замахвацца на лаўры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Якуба Коласа, Каруся Каганца ці Алеся Гаруна. І што парадаксальна, наўрад ці даспеў бы да гэткага эксперыменту на волі. А ў турме чаго толькі ні прыдумаеш. Так, у тэксце шмат асабістага, але гэта пра ўсіх, хто вымушаны чакаць дзяцей з няволі.
Зрэшты, даўно мінула нараджэнне, а ніякіх намёкаў на атрыманае віншаванне. Праз пару тыдняў яшчэ заход, гэтым разам – з суправаджальнай цыдулкай цэнзару: не пазбаўляйце адзінай магчымасці аддзячыць маці, калі ў вас яшчэ засталіся хоць нейкія пачуцці да сваёй! На дзіва, недзе ў глыбіні заскарузлых бюракратычных спружын тужліва цокнула – і праз месяц пасля нагоды верш усё ж дайшоў.
МАМА. РАСЦІ-СЛАЎНА
Мне даўно за палціннік, узроставы дзядзька,
Адказны як муж і дасведчаны бацька.
Але як з далёкіх ляціць Палестын
У эфіры настойліва: «Як ты, мой сын?» –
І быццам табе не пад шэсцьдзясят, а дзесяць:
«Ты сыты? Мужчына павінен шмат есці!
Пальчаткі і шалік не ігнаруй.
Нікуды не ўлазь, сябе пашкадуй».
Ну вось, у тых месцах, куды завёў трафік,
Без шапак не ходзяць, а каша – у графік.
Ды толькі навіны ў трывожных лістах
Прасякнуты скрухай: «Чаму ж усё так?»
Каб маціна гора саскірдаваць,
Сівой з маладосці ўжо мусіла стаць…
Дзіцёнак вайны, з лучынамі ў хатах,
У Прусіі бацька палёг ў сорак пятым.
У мястэчку спустошаным стогнаў навала –
Дзядзькоў на этап Варкута забірала.
Катэгарычная ў сіле танальнасць
Пытальнік выводзіла слову «лаяльнасць».
Пазней яе маці, мая баба Зіна,
У шлюбе другім атрымала руціну.
Трагічна загінуў у Люсі айчым,
Сіроткай застаўся малы яшчэ сын.
І любаму брату адмерана мала:
У трыццаць адчайнага Лёнькі не стала.
Дачасна ўзнёсся ў нябёсы муж Пеця,
Ужо сорак год ён для нас на партрэце…
Ёсць картачкі іншыя: мама і тата –
На фоне студэнцкага інтэрната.
Прыгожыя, модныя ў стылі і класе,
Подых адлігі няспынны ў часе.
Дыплом аграномаў не быў сінекурай.
Адказнасць за ўсё – уласнаю скурай.
«Ненармаваны» – вось графік на вёсцы
І вынік па працы – ардэнаносцы!
Козлік рухавы з Пятром і Людмілай
Глытаў бездарожжа дзясяткамі міляў.
Туды, дзе аруць, прыбіраюць ці сеюць,
Трэба даехаць. І ўсюды паспеюць!
Бачачы шчыры імпэт маладых,
Ментарства знікла і у старых.
І, як адзнака, што ўсё ідзе спраўна,
Вокліч здалёк: «Добры дзень, Расціслаўна!»
Урэшце дайшло і да крыкаў душы:
«Люська, разумніца, дапамажы!»
Цягае параненых, як з поля бою:
Каго ад каханак, кагосьці з запою…
Усё абнуліў страшны восемдзесят пяты:
Хвароба забрала нашага тату.
Мне толькі сямнаццаць, Дзмітрыю – дзесяць.
Чорная дзірка ў сямейным сусвеце.
…Нам з братам на двух – больш за сотню гадоў,
Але ўсё такая ж матулі любоў.
Не маюць узросту ад сэрца пачуцці.
Як хочацца зноўку ў абдымках адчуць іх!
Любячы сын Ігар, 5 верасня 2024. Шклоў, ПКТ
Читайте еще
Избранное