Харысава: «Лукашэнка бясконца жыве ў сусвеце, дзе ідзе «халодная вайна»

Ці гатовая Еўропа змяніць стаўленне да рэжыму Лукашэнкі і змякчыць сваю прынцыповую пазіцыю дзеля вызвалення палітвязняў у Беларусі? Якія перспектывы ў перамоўнага трэку Мінск — Вашынгтон?

Сваё меркаванне на гэты конт агучыла ў эфіры Еўрарадыё паліталагіня Аліна Харысава.

— У Еўрасаюза больш шчыльная праца з беларускімі дэмсіламі, — мяркуе паліталагіня, — таму мы можам паспрабаваць уплываць на іх пазіцыю.

Аліна Харысава

Але штука ў тым, што Еўрапейскі саюз — вельмі бюракратызаваная структура. Па чыёй пазіцыі мы мусім судзіць, што агульнае стаўленне змянілася? Унутры ЕС можа быць столькі розных меркаванняў, што нават зараз, напрыклад, венгерскіх палітыкаў спытаць у Еўрапарламенце — яны будуць за перамовы <з рэжымам Лукашэнкі>.

На сёння, як мне падаецца, ЕС збольшага грае ролю назіральніка. Яны глядзяць, як будзе ўсё адбывацца з ЗША. Плюс Трамп вельмі непрадказальная фігура, і яны сочаць, як будзе змяняцца ягоная пазіцыя.

Бо ў адзін дзень ён можа сказаць: так, ідзем на перамовы, адпраўляем Кіта Келага, а ў іншы — развярнуцца і сказаць зусім іншае. Як гэта цяпер адбываецца з Расіяй, два-тры разы на дзень у Трампа выходзяць твіты, і ў кожным рознае стаўленне да Расіі. Таму Еўропа больш назірае, у тым ліку каб не злаваць амерыканскіх партнёраў.

ЗША ў дыялогу Мінска з прадстаўнікамі Захаду адыгрывае больш важную ролю яшчэ і таму, дадае Харысава, што ёсць чыннік Расіі — а тая больш варожа ставіцца да Еўропы, чым да Злучаных Штатаў.

—Прапаганда кажа «Амерыка ваюе супраць нас» — але тое прапаганда. А расейскім уладам цяпер больш выгадна выбудоўваць партнёрскія камунікацыі з ЗША, чым з Еўропай.

Калі прадстаўнікі еўрапейскіх краін паедуць у Беларусь на нейкія перамовы — гэта будзе больш варожа ўспрымацца, а калі амерыканцы — то Расія і сама вядзе такія перамовы. Таму, на маю думку, Еўропа будзе больш асцярожна паводзіць сябе ў гэтым напрамку.

Што да пытання, наколькі наладжванне стасункаў з ЕС патрэбнае Лукашэнку, які выказваецца, быццам Еўропа несамастойная, а спявае з голасу Вашынгтона — на мой погляд, Лукашэнка бясконца жыве ў сусвеце, дзе ідзе «халодная вайна».

Яна для яго не прыпынялася, у ягоным сусвеце дагэтуль існуюць два блокі (плюс Кітай, таму што ён інвестуе ў Беларусь). Таму не дзіва, што ён так выказваецца.

Думаю, што спробы кулуарных перамоў, пэўнага лабіявання рэжымных інтарэсаў прысутнічаюць і з Беларусі, але так, каб мы не бачылі, едуць некаторыя людзі. Але наколькі гэта важна для Лукашэнкі, сказаць цяжка.

Я лічу, што гэта спроба ўсё ж павярнуцца да той «шматвектарнасці», якая была да 2020 года. Таму, з аднаго боку, бачны ўзмоцнены міграцыйны ціск на Еўропу, а з другога — нібыта спробы зноўку пасябраваць. Але прыйсці да таго, што было да 2020 года  — гэта ўжо немагчыма, на жаль.

Але ж і на фоне 50-дзённага «ўльтыматуму» Трампа (менавіта такі тэрмін прэзідэнт ЗША адвёў Расіі на мірную здзелку, пагражаючы санкцыямі) вялікае пытанне, як будзе развівацца, і ці будзе наогул, перамоўны працэс паміж Мінскам і Вашынгтонам.

Як мяркуе паліталагіня, пакуль захоўваецца напружанне ў стасунках ЗША і Расіі, то і візіты прадстаўнікоў амерыканскай адміністрацыі ў Мінск менш верагодныя:

— Перамоўныя працэсы могуць аднавіцца — але хіба разам з тым, як і з Расіяй пачнецца далейшы дыялог.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)