Профсоюзы

Яўген Дзянicенка

«Барацьба за мір і дэмакратыю – неад'емная частка прафсаюзнага руху»

Відавочным вынікам 32 гадоў кіравання Лукашэнкі, акрамя рэпрэсій, палітычный і эканамічнай ізаляцыі і пагрозы ўцягвання ў вайну, стала адсутнасць правоў у працоўных Беларусі.

Ужо чацвёрты год запар Беларусь уваходзiць у спіс дзесяці найгоршых краін з пункту гледжання правоў працоўных, які штогод рыхтуе Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў.

Iснаванне дэмакратычнага грамадства немагчыма без дэмакратыi на працоўным месцы. І наадварот: адсутнасць дэмакратыі выключае магчымасць весці свабодную прафсаюзную дзейнасць. Лукашэнка не вынайшоў ровар, калі адразу пасля прыходу да ўлады пачаў расправу над незалежнымі прафсаюзамі, якія натуральным чынам узніклі ў краіне за кароткі час дэмакратыі.

Прафсаюзы, якія будуюцца на прынцыпах дэмакратыі і годнасці, ва ўсе часы станавіліся першай мішэнню дыктатарскіх рэжымаў.

Напэўна, самым вядомым прыкладам застаюцца падзеі 2 траўня 1933 года, калі атрады СС і СА пачалі захоп дамоў прафсаюзаў па ўсёй Германіі. Маёмасць прафсаюзаў была канфіскаваная, прафсаюзныя лідары падвергліся катаванням, былі адпраўленыя ў канцлагеры, а шмат хто з іх — забітыя.

19 красавіка 2022 года сілавікі пачалі арышты лідараў і актывістаў незалежных прафсаюзаў па ўсёй Беларусі. Наступнымі крокамі сталі фармальная ліквідацыя незалежных прафсаюзаў, турэмныя тэрміны для іх лідараў і пераслед актывістаў, які працягваецца дагэтуль.

Тое, што пачалося ў Германіі з разгрому прафсаюзаў — ужо гісторыя, трагічны фінал якой вядомы кожнаму. Тое, што адбываецца ў Беларусі — яшчэ сучаснасць, у якой мы жывем, і якая, на жаль, пакуль не мае завяршэння.

Але нават у Германіі пасля тых маштабных разбурэнняў, прынесеных нацысцкім рэжымам, настаў новы пачатак. Гэта, безумоўна, дае надзею на тое, што шанец на яго з’явіцца і ў Беларусі пасля гэтых цёмных часоў.

Прыклад Германіі цікавы тым, што пасля Другой сусветнай вайны менавiта прафсаюзы адыгралi значную ролю ў эканамiчным пад’ёме і барацьбе за справядлiвае і дэмакратычнае грамадства.

Пра «цуд арганізацыі», жаданне нямецкіх працоўных аб’ядноўвацца і галоўныя дасягненні прафсаюзаў Германіі ў пасляваенныя часы «Салiдарнасць» пагаварыла з Ульрыхам Брайтбахам — актывістам набуйнейшага галіновага прафсаюза свету, нямецкага IG Metall.

Фота: Salidarnast

Ульрых Брайтбах вывучаў гісторыю і філасофію, шмат гадоў працаваў журналістам, у якасці рэферэнта вытворчага савета буйнога машынабудаўнічага прадпрыемства і ў сферы прафсаюзнай адукацыі. Акрамя таго, ён з’яўляецца адным з кардынатараў Gewerkschaftsfreiheit International, ініцыятывы прафсаюза IG Metall, якая супрацоўнічае з Amnesty International і арганізуе кампаніі салідарнасці са зняволенымі прафсаюзнікамі з усяго света – у тым ліку з беларускімі.

— Якой была зыходная сітуацыя для прафсаюзаў у Германіі пасля 1945 года, і наколькі ім давялося арганізацыйна і палітычна перабудоўвацца?

– Тое, што ў «грамадстве калапсу», ва ўмовах поўнага хаосу так хутка пачалі ўзнікаць ініцыятывы па стварэнню прафсаюзаў, нямецкі даследчык Тэа Піркер называў «цудам арганізацыі». Напрыклад, ужо ў сакавіку 1945-га ў Ахане, які быў першым буйным горадам, што вызвалілі саюзнікі, узнікла першая ініцыятыва па стварэнні прафсаюза.

Калегі, якія пасля 1945 года пачалі аднаўляць прафсаюзы, зрабілі дзве асноўная высновы пасля паразы 1933 года.

Першая заключалася ў тым, што неабходна забяспечыць адзінства прафсаюзнага руху. Да 1933-га ў Германіі ён быў падзелены на тры накірункі: сацыял-дэмакратычны, хрысціянскі і камуністычны.

Адзiн з лiдэраў прафсаюзнага руху ў падполлі падчас дыктатуры нацыстыў Вільгельм Лойшнер, які быў пакараны смерцю ў 1944 годзе, сказаў такія апошнія словы: «Стварыце адзінства!» Менавіта гэта ідэя стварэння адзінага прафсаюзнага руху стала кіруючай.

Яшчэ адной важнай высновай стала палітычная незалежнасць. Тры згаданыя прафсаюзныя плыні былі палітычна кіраванымі. Пасля 1945 года была зробленая іншая выснова: хоць мы не з’яўляемся палітычна нейтральнымі і ўдзельнічаем у палітычных пытаннях, мы павінны быць незалежнымі ад партый.

Гэта азначае, што мы не прызнаём кіраўніцтва з боку якой-небудзь партыі — няхай гэта будуць сацыял-дэмакраты, камуністы ці хто-небудзь яшчэ. Мы самі прымаем свае рашэнні.

– Гэтае аднаўленне і новая арганізацыя прафсаюзаў узніклі з уласнай ініцыятывы ці ім таксама дапамагалі новыя ўлады, свядома падтрымліваючы гэты працэс дзеля развіцця дэмакратычнай трансфармацыі?

– Пасля 8 мая 1944 года Германія была падзелена на чатыры акупацыйныя зоны — брытанскую, амерыканскую, французскую і савецкую. Нямецкія ўрады з’явіліся толькі ў 1949 годзе: заходні — у Боне, усходні — у Берліне.

Пазіцыя саюзнiкаў была такая: спачатку толькі мясцовыя прафсаюзы. Любое аб’яднанне, якое выходзіла за межы мясцовага ўзроўню, спынялася.

У 1946–1947 гадах з’явілася магчымасць аб’ядноўвацца на рэгіянальным узроўні, напрыклад праз акруговыя канферэнцыі. Але Аб’яднанне нямецкіх прафсаюзаў (DGB) і асобныя галіновыя прафсаюзы, у тым ліку IG Metall і іншыя, былі створаныя толькі ў 1949 годзе.

Але трэба адрозніваць тры заходнія акупацыйныя зоны і савецкую. У савецкай зоне, у адрозненне ад заходніх, ужо ў 1946 годзе было штучна створана Аб’яднанне свабодных нямецкіх прафсаюзаў (FDGB).

Але гэта толькі на першы погляд выглядае больш прагрэсіўна, чым у заходніх зонах. Насамрэч, FDGB знаходзіўся пад вельмі жорсткім кантролем савецкіх акупацыйных уладаў, а пазней — Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі (SED). Гэта не быў вольны прафсаюз.

У трох заходніх зонах інтарэсы саюзнікаў і прафсаюзнага руху працяглы час не супадалі. Чаго патрабавалі прафсаюзы? Гаворка ішла пра перадачу базавых галін прамысловасці ў грамадскую ўласнасць.

Не толькі ў Германіі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах атрымала шырокае распаўсюджанне меркаванне, што менавіта інтарэсы буйнога капіталу істотна спрыялі прыходу фашызму да ўлады і развязванню вайны. Таму існавала ідэя: неабходна раз і назаўсёды пазбавіць гэтыя сілы ўплыву, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася. Ключавым паняццем была «сацыялізацыя базавай прамысловасці».

Другім важным аспектам было тое, што прафсаюзы з самага пачатку імкнуліся адхіліць ад працы кіраўнікоў прадпрыемстваў, дырэктараў і прадстаўнікоў адміністрацыі, якія былі звязаныя з нацысцкім рэжымам і фактычна былі часткай яго апарату.

Па абодвух гэтых пытаннях заходнія саюзнікі займалі іншую пазіцыю. У выніку ў многіх буйных канцэрнах старая кіруючая эліта зноў заняла свае пасады. Потым нават у судах і ў дзяржаўным апараце можна было пабачыць міністраў і іншых высокапастаўленых асоб з нацысцкім мінулым.

– А калі і як прафсаюзам у выніку ўдалося аб'яднацца?

– Першапачатковая канцэпцыя была такой: стварыць адзін прафсаюз для ўсіх прафесій, а ў яго межах арганізаваць асобныя секцыі па галінах. Аднак гэтая мадэль не перамагла. Замест яе была прынята структура, якую мы ведаем і сёння: асобныя прафсаюзы для галоўных галін прамысловасці і дзяржаўнага сектара, якія пры гэтым палітычна аб'ядноўваюцца ў агульны саюз.

Па гэтым пытанні сур'ёзных спрэчак не было. Асноўнае пытанне заключалася ў тым, якую палітычную праграму павінна адстойваць новае Аб’яднанне нямецкіх прафсаюзаў.

Калі стала відавочна, што ажыццявіць сацыялізацыю прамысловасці не атрымаецца, прафсаюзы пачалі патрабаваць раўнапраўнага ўдзелу ў кіраўніцтве прадпрыемствамі. І гэта таксама цікавая гісторыя.

Справа ў тым, што саюзнікі спрабавалі кампенсаваць сабе ваенныя страты шляхам дэмантажу нямецкіх прамысловых прадпрыемстваў. Менавіта так тады і казалі — «дэмантаж». Гэты працэс ужо пачаўся.

У такой сітуацыі прадстаўнікі цяжкай прамысловасці на Захадзе Германіі самі звярнуліся да прафсаюзаў і прапанавалі наступнае: мы дапусцім вас да кіравання прадпрыемствамі, але вы падтрымаеце нас у барацьбе супраць дэмантажу. І прафсаюзы зрабілі гэта.

Удзел у кіраванні павінен быў адбывацца праз уключэнне ў склад праўлення працоўнага дырэктара, вызначанага прафсаюзамі, а таксама праз парытэтнае прадстаўніцтва ў наглядальных радах.

– А якіх менавіта поспехаў дасягнулі прафсаюзы  ў дэмакратычнай Германіі пасля свайго аднаўлення?

– Першым вельмі важным унёскам прафсаюзаў было тое, што яны дапамаглі захаваць прамысловую аснову нямецкай эканомікі пасля 1945 года. Атрымалася прадухіліць дэмантаж прадпрыемстваў, і на гэтым грунтавалася ўсё далейшае развіццё.

Можна сказаць, што з 1950-х гадоў цяжка знайсці які-небудзь значны сацыяльны прагрэс, у стварэнні якога прафсаюзы так ці інакш не адыгралі б вырашальнай ролі. Прывяду некалькі прыкладаў.

Да 1960-х гадоў прафсаюзам удалося праз вельмі жорсткія калектыўныя перамовы ў многіх выпадках падвоіць заробкі работнікаў. Гэта трэба разглядаць на фоне Веймарскай рэспублікі. У 1920-я гады рабочая сям’я магла разлічваць толькі на вельмі сціплае існаванне. Адпачынак быў недаступнай раскошай. Добрае жыллё было для большасці недасягальным. Адправіць дзяцей у сярэднюю або вышэйшую школу таксама было немагчыма.

Я сам нарадзіўся ў 1954 годзе. Мой бацька быў муляром, маці працавала прадаўцом. І ўсё ж я змог атрымаць вышэйшую адукацыю. Мае браты і сёстры таксама скончылі гімназію і ўніверсітэт. Гэта стала магчымым толькі дзякуючы таму, што доля працоўных у нацыянальным даходзе на працягу многіх гадоў няўхільна павялічвалася. І гэта ў значнай ступені вынік сілы прафсаюзаў і паспяховай тарыфнай палітыкі.

Яшчэ адным важным кірункам была пенсійная сістэма. У 1920-я гады быць пенсіянерам амаль аўтаматычна азначала жыць у беднасці. Пенсіі існавалі, але іх хапала толькі на самае неабходнае.

З 1950-х гадоў пенсійная сістэма Германіі была прынцыпова рэфармаваная. Ключавым паняццем стала «дынамічная пенсія, прывязаная да заработнай платы». Пенсіі цяпер аўтаматычна павялічваліся разам з ростам заробкаў. Упершыню вялікая частка насельніцтва была вызваленая ад пагрозы галечы ў старасці.

У 1956 годзе была ўведзеная выплата заработнай платы падчас хваробы. Для службоўцаў такая практыка існавала ўжо раней. Для рабочых — не. Гэтае права было заваявана пасля 16-тыднёвай працоўнай барацьбы, арганізаванай прафсаюзам IG Metall у зямлі Шлезвіг-Гальштэйне.

Важным дасягненнем было i скарачэнне працоўнага часу. У 1948 годзе на заканадаўчым узроўні зноў быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень, які раней праіснаваў кароткі час з 1918 па 1923 гады.

У наступныя дзесяцігоддзі прафсаюзы разгарнулі барацьбу за пяцідзённы працоўны тыдзень – гэта значыць, за скарачэнне працоўнага часу з 48 да 40 гадзін на тыдзень пры захаванні поўнага заробку.

Плакат Немецкого объединения профсоюзов к 1 мая 1955 года: «5 дней достаточно»
Плакат Немецкого объединения профсоюзов к 1 мая 1958 года: «40 часов достаточно»
«По субботам папа принадлежит мне». Плакаты предоставлены DGB

Гэта быў каласальны прагрэс. І важна падкрэсліць: усе гэтыя дасягненні былі атрыманыя альбо непасрэдна праз забастоўкі, альбо дзякуючы палітычнай сіле прафсаюзаў.

Але прафсаюзы змагаліся не толькі за сацыяльныя паляпшэнні, але і за мір і дэмакратыю. Напрыклад, у 1950-х і 1960-х гадах прафсаюзны рух актыўна выступаў супраць паўторнага ўзбраення Германіі і асабліва супраць аснашчэння яе ядзернай зброяй.

Вядома, у цэнтры ўвагі прафсаюзаў знаходзяцца матэрыяльныя інтарэсы іх членаў. Але каб эфектыўна абараняць гэтыя інтарэсы, неабходныя пэўныя базавыя ўмовы. Адной з такіх умоў з'яўляецца мір. Другой — дэмакратыя.

Калі няма ні міру, ні дэмакратыі, то немагчыма паўнавартасна змагацца і за сацыяльна-эканамічныя правы працоўных. Менавіта таму барацьба за мір і дэмакратыю заўсёды была і застаецца неад'емнай часткай прафсаюзнага руху.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)