«Гэта была адна з самых вясёлых прыгод мінулага лета». Беларускі гурт «Касары» зняўся ў чарговым сезоне папулярнага польскага серыяла «1670»

Музыкі гралі ўкраінскіх казакаў.

Тут і далей фота: Аляксандр Драгавоз

«Мы зняліся ў 3-м сезоне польскага серыялу «1670». Мы гралі украінскіх казакаў, якія спяваюць і лупяць у велічэзны бубен. Дзякуем арганізатарам за запрашэнне! Радыя інтэгравацца ў польскую культуру і прасоўваць беларускія народныя спевы», — паведамляецца на афіцыйнай старонцы гурта ў Instagram.

Адзін з удзельнікаў гурта Аляксандр Драгавоз дадаў на ўласнай старонцы ў сацсетцы, што «гэта была адна з самых вясёлых прыгод мінулага лета».

Ён прывёў падрабязнасці: «Мне дзеля гэтага давялося пайсці на ахвяры і згаліць вусы з барадой, якія я насіў літаральна палову жыцця. Мы гралі ўкраінскіх казакаў, якія спяваюць і лупяць у велічэзны бубен».

Фота: kasaryband.com

«Касары» — гэта гурт, які адраджае традыцыю беларускіх мужчынскіх спеваў, гаворыцца на сайце калектыва.

У рэпертуары гурта, які складаецца з архіўных запісаў народных беларускіх песень, гучаць рэкруцкія, касарскія, бяседныя і лірычныя песні.

«Касары» былі заснаваныя ў канцы 2023 года ў Варшаве з ініцыятывы беларускага спевака і музыкі Сяржука Доўгушава. Усе ўдзельнікі гурта паходзяць з Беларусі.

Папулярны польскі сатырычны серыял «1670» выходзіць на стрымінгавым сервісе Netflix. Ён расказвае пра жыццё сярэднявечнай польскай шляхты кінамовай, зразумелай сучаснаму гледачу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)