Але ў гэтым канфлікце вялікую ролю адыгрывае таксама тэатар ваенных дзеяньняў, да якога трэба быць падрыхтаваным. А ён спэцыфічны. Таму, магчыма, і назіраецца такі рост інтэнсіўнасьці працы ўздоўж мяжы, але гэта ня значыць, што сёньня вайна непазьбежная.
Грабскі: Беларусь рыхтуе тэатар ваенных дзеяньняў, але вайна з Украінай не непазьбежная
Украінскі вайсковы экспэрт Сяргей Грабскі ў каментары Радыё Свабода ацаніў пагрозу ўварваньня з беларускай тэрыторыі.
— Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 17 красавіка казаў пра ваенныя пагрозы з боку Беларусі, пра тое, што ў Беларусі будуюць дарогі, якія вядуць да мяжы з Украінай, і абсталёўваюць артылерыйскія пазыцыі каля мяжы. Днямі былы міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба сказаў, што Беларусь рыхтуецца адкрыць другі фронт у вайне з Украінай, і назваў 5 чыньнікаў гэтага.
Наколькі гэтыя фактары робяць вайну паміж Беларусьсю і Ўкраінай непазьбежнаю?
— Ніводзін з гэтых фактараў не вызначае, што вайна ўжо непазьбежная і што яна можа хутка пачацца. Чаму? Адказ вельмі просты. Хто складае аснову ўсякай арміі? Людзі. Якая сытуацыя на сёньня? Ці ёсьць падставы казаць, што менавіта цяпер ёсьць фактары незваротнасьці гэтай вайны? Не, іх няма.
Ці можна падрыхтаваць, як кажуць, тэатар ваенных дзеяньняў для апэрацыі з тэрыторыі Беларусі? Так, безумоўна. Беларусь з красавіка 2022 году пачала маштабны комплекс захадаў для ўмацаваньня баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці.
Яны праводзяць пастаянную праверку асабовага складу, яго ўлік і рэгістрацыю. Яны праводзяць заняткі з тэрытарыяльнай абаронай. Яны праводзяць навучальныя заняткі для вайсковых спэцыялістаў рознага ўзроўню. Марыянэткавы ўрад Беларусі выконвае задачы, якія даюць яму магчымасьць мабілізаваць адпаведную колькасьць людзей.
Больш за тое, нават калі Масква пачала маштабную агрэсію, яны не рызыкавалі атакаваць з тэрыторыі Беларусі рэгіёны Ўкраіны па-за Чарнобыльскай зонай, гэта значыць, па-за межамі раёнаў, якія непасрэдна мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй.
Чаму? Таму што ёсьць фактар прыродных умоваў. І мы бачылі, чым скончылася авантура расейцаў, калі яны палезьлі цераз Чарнобыль, церазь лясы Чарнігаўшчыны, а потым былі вымушаныя адступаць.
Яно так не працуе. Калі ты ня можаш пачаць наступ на шырокім фронце, ты асуджаны на паразу, асабліва ва ўмовах сучаснай вайны.
Але мы ня можам расслабіцца. Па-першае, пасьля таго, як будзе падрыхтаваны тэатар ваенных дзеяньняў, туды можна перакінуць адпаведныя расейскія падразьдзелы, і яны могуць актывізаваць правакацыйную працу з заходам дывэрсійных групаў з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Ўкраіны.
Гэта запатрабуе перадысьлякацыі ў тыя раёны сілаў абароны Ўкраіны і дадатковых рэсурсаў, каб перадухіліць такія дзеяньні праціўніка.
Перанакіраваньне рэсурсаў на іншыя кірункі аслабляе асноўныя ўчасткі фронту і ставіць сілы абароны на так званую расьцяжку.
Таму можна казаць пра многія фактары, але самае галоўнае, што трэба разумець, — Беларусь ужо гатовая да мабілізацыі, а самы пачатак мабілізацыі можа стаць чыньнікам, які зробіць вайну непазьбежнай.
Варта таксама ўлічваць яшчэ адзін фактар. Нам уласьцівая ўкраінацэнтрычнасьць. Але калі паглядзець на мапу, то больш лягічна выказаць здагадку, што такія пазыцыі будуюцца ў тым ліку і для таго, каб стрымаць магчымае прасоўваньне ўкраінскіх войскаў у выпадку, калі Крэмль вырашыць праводзіць агрэсіўныя дзеяньні з тэрыторыі Беларусі супраць краін Балтыі.
Калі, барані Божа, рашэньне аб гэтым будзе прынятае, то, натуральна, краіны Балтыі стануць ужо не партнэрамі, а саюзьнікамі Ўкраіны ў вайне. І адпаведна мы будзем абавязаныя ўступіць у баявыя дзеяньні, каб падтрымаць нашых саюзьнікаў.
І гэта таксама падстава казаць, што Менск рыхтуе тэатар ваенных дзеяньняў, каб мець магчымасьць стрымліваць украінскія сілы абароны, якія могуць дзейнічаць як ва ўкраінскіх інтарэсах, гэтак і ў інтарэсах нашых саюзьнікаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное