Крыўда за беларускую мову, культуру, гісторыю, што ў БССР былі прысуджаныя да падзення, ліпення і ўрэшце да знікнення, выклікала нязгоду і пратэст, расплюшчвала вочы на несправядлівасць, несвабоду ўсёй савецкай сістэмы. А нязгода і пратэст штурхалі да дзеяння.
Гурневіч: «Жыве Беларусь. Складана ўявіць сёння чалавека ў Беларусі, які б не чуў гэтых двух слоў і не разумеў сэнсу, які яны маюць»
Журналіст Дзмітры Гурневіч — пра галоўную заслугу аптымістаў.
— Ніводзін песіміст яшчэ ніколі не змяніў свет да лепшага, — піша Дзмітрый Гурневіч. — Гэтыя словы нямецкага рэжысёра Віма Вендэрса, прачытаныя днямі у інтэрвію падчас падарожжа ў Варшаву, я ўзгадаў па дарозе назад, калі чытаў кнігу «Алесь Бяляцкі».
Яе зрабілі за пару тыдняў, пасля прысуджэння Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі. Сабралі выказванні яго самога і розных людзей пра Бяляцкага.
Галоўная лінія — зараджэнне грамадскага актывізму ў Беларусі. Там ёсць файная гісторыя з 1983 году. Гомель, студэнцкі інтэрнат. Да Бяляцкага прыбягае сябар і пачынае крычаць усхваляваным голасам:
— Зайшоў у тэлефонную будку, а там напісана «Жыве Беларусь».
Бяляцкі спачатку не паверыў. Бо дзе ў Гомелі, цалкам зрусіфікаваным горадзе, знайшоўся б чалавек, які б ведаў, што такое «Жыве Беларусь». Яны пабеглі туды.
«І вось я стаю ў тэлефоннай будцы на вуліцы Савецкай, бліжэй да цэнтра, чытаю гэты выразны, зроблены шарыкавай асадкай надпіс і хваля шчасця, поўнага захаплення агортвае мяне з галавы да ног: «Мы не адныя». Ніколі ў жыцці я не адчуваў такога ўздыму і, як цяпер кажуць, кайфу». — піша Бяляцкі.
Але яшчэ адна гісторыя здарылася за 5 год да гэтай. У 1978-м Бяляцкі яшчэ вучыўся ў школе ў Светлагорску, і ўжо тады захапіўся Караткевічам.
І вось ён аднойчы на танцах чуе ў суседняй кампаніі незнаёмага хлапца: — «Дзікае паляванне караля Стаха» — вось гэта сапраўдная беларуская літаратура. Вось што трэба чытаць.
«Я аж падскочыў. Мяне як варам абліло. Родная душа?» — піша Бяляцкі. Тады ён засаромеўся падысці. З тым земляком ён сустрэўся ажно на пачатку 90-х. І не трэба сумнявацца, сустрэўся ў кампаніі беларускіх дзеячоў у Менску. Караткевіч зрабіў сваё. Пра гэтага хлопца Бяляцкі піша:
Вось ён, гэты чалавек, на адзіны выраз якога пра Караткевіча, пачуты ў шуме натоўпу, я абапёрся тады, як засмяглы падарожнік на кій, з тым, каб упэўнена ісці далей. Таму і не забываў яго ніколі, як нельга забыць той адпраўны пункт, ад якога ты пачынаеш сваю доўгую дарогу.
А захапленне беларушчынай ў савецкія часы непазбежна і аб’ектыўна прыводзіла людзей да крытычнага асэнсавання рэчаіснасці, працягвае Алесь Бяляцкі:
Трэба сапраўды быць прыроджаным аптымістам, каб мець імпэт да актывізму ў часе і месцы, дзе «Жыве Беларусь» на тэлефоннай будцы ў 300-тысячным горадзе выклікае ажыятаж роўны прызямленню іншапланетнікаў.

Той аптымізм апраўдаўся. Складана ўявіць сёння чалавека ў Беларусі, які б не чуў гэтых двух слоў і не разумеў сэнсу, які яны маюць. І ў гэтым заслуга такіх аптымістаў як спадар Алесь.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное