Общество

«Калі вы сустракаеце прыхільнікаў улады, ня трэба зь імі спрачацца, дастаткова прывесьці толькі адзін гэты факт»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра дэмаграфічную лічбу, якая шмат тлумачыць.

– Паводле Белстата, сумарны каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі за апошнія гады ўпаў з 1,534 ў 2017-м да 1,026 у 2025-м, – піша Цыганкоў. – На ўсялякі выпадак нагадаю, што мінімальны паказчык, неабходны для аднаўленьня (воспроизводства) насельніцтва – 2.1.  

Віталь Цыганкоў

Беларусь увайшла ў Топ-10 краінаў у сьвеце па самым нізкім каэфіцыенце нараджальнасьці (1.026). Гэта самы нізкі паказчык у Эўропе, пасьля Мальты (1.01) і ваюючай Украіны (0.99)

У 2018 годзе ў Беларусі нарадзілася 87 602 дзяцей, у 2025 – 54 257 дзяцей. Гэта на 40 працэнтаў менш.

Можаце сказаць, падобныя дэмаграфічныя тэндэнцыі адбываюцца ў многіх краінах Еўропы і Ўсходняй Азіі. Там, што дзе нараджальнасьць паступова зьніжаецца – на некалькі працэнтаў кожны год. Але нідзе няма такога правалу, як у Беларусі, на 40 працэнтаў за 6 гадоў.

А Менск увогуле паставіў нейкі гістарычны рэкорд. У 2016-ым у сталіцы нарадзілася 19 527 дзяцей, у 2019 – 17 601. Так, трошкі зменшылася, на 10 працэнтаў за 3 гады, – будзем лічыць, «агульныя сусьветныя дэмаграфічныя працэсы».

А ў 2025-м – 9 543! Зьмяншэньне амаль у 2 разы!

Гэта, пэўна, сусьветны рэкорд! Калі яшчэ ў гісторыі, у якім горадзе нараджальнасьць (без вайны, без стыхійных катастроф, без радыкальнага эканамічнага заняпаду) за 6 гадоў зьнізілася амаль у два разы?

І як можна патлумачыць такое радыкальнае падзеньне колькасьці народжаных дзяцей? Тлумачэньне магчымае толькі адно. Моладзь пасьля 2020 году паўцякала (вымушаная была паўцякаць) з Беларусі, і асабліва з Менску – у тых маштабах, якія не фіксуюцца афіцыйнай статыстыкай. А якая засталася, катэгарычна адмаўляецца нараджаць.

Фото: lookby.media

Калі вы недзе ў дыскусіях сустракаеце ботаў, ці прапагандыстаў ці проста прыхільнікаў улады, ня трэба зь імі спрачацца, ня трэба нічога даказваць. Дастаткова прывесьці толькі адзін гэты факт.

Беларусь за апошнія 7-8 гадоў абрынулася з сярэднееўрапейскага ўзроўню нараджальнасьці да фактычна першага месца знізу ў Эўропе. «Астравок стабільнасьці», у якім ніхто ня хоча нараджаць дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)