Филин

Кацярына Батлейка

«Павышаючы стаўкі, Украіна дзейнічае з пазіцыі сілы і дэманструе, што менавіта Кіеў будзе задаваць тон у адносінах з афіцыйным Мінскам»

Напрыканцы траўня дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская здзейсніла свой першы візіт ва Украіну. Як яго ўспрынялі звычайныя ўкраінцы і экспертная супольнасць? «Салідарнасць» спытала студэнтку і аналітыка.

«Добрае ўражанне засталося ад таго, што яна ўсклала кветкі і звярнула ўвагу на беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі»

Студэнтка Украінскага каталіцкага універсітэта ў Львове Крысціна Янчык цікавіцца беларускім напрамкам: свае даследчыя працы яна не аднойчы прысвячала беларускай тэме.

— Загадзя ніхто не казаў, што Святлана Ціханоўская павінна прыехаць — на гэты конт не было ніякага інфармацыйнага шуму. Я правяла апытанку сярод сваіх знаёмых і сяброў: хтосьці ведаў, што Ціханоўская прыязджала, хтосьці — не. Але без нейкай глыбокай цікавасці: проста ведалі, што гэта адбылося. Пры гэтым падазраю, што для людзей, якія ўвогуле не цікавяцца беларускай тэмай, гэты візіт быў незаўважным, — дзеліцца ўражаннямі Крысціна.

Крысціна Янчык

— З таго, што распавядалі знаёмыя, добрае ўражанне засталося ад жэста Святланы Ціханоўскай, калі яна ўскладала кветкі і звярнула ўвагу на беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў расійска-ўкраінскай вайне. Здаецца, гэта пазітыўна паўплывала на стаўленне да беларусаў ва Украіне.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— Таксама я аналізавала, што пісалі пра прыезд Ціханоўскай у сацсетках. Заўважыла, што часам гэтыя навіны суправаджаў чырвона-зялёны сцяг, а не бел-чырвона-белы. Гэта сведчыць пра недастатковую інфармаванасць. Калі нават буйныя каналы ці медыя дапускаюць такія памылкі, гэта шмат пра што кажа.

Агулам, на маю думку, візіт аказаў пазітыўны ўплыў. Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што нават калі нейкая навіна не выклікае моцнай рэакцыі, яе рэгулярная прысутнасць у інфармацыйнай прасторы паступова фармуе стаўленне людзей. Таму, чым часцей людзі будуць бачыць навіны пра Святлану Ціханоўскую, тым больш яна будзе ўспрымацца як легітымны прадстаўнік дэмакратычнай Беларусі. У гэтым я бачу галоўны пазітыўны эфект.

Раней ва ўкраінцаў, як я лічу, не было выразнай пазіцыі адносна беларускіх дэмакратычных сіл. Але паступова дзяржава фармуе гэтае стаўленне. Гэта адбываецца і праз навагоднія звароты Уладзіміра Зяленскага, і праз іншыя публічныя заявы, у якіх ён узгадвае Беларусь або Ціханоўскую. Таму ўплыў, безумоўна, будзе.

Нейкай буйной рэакцыі ва ўкраінскім грамадстве не было ў тым ліку таму, што візіт Ціханоўскай адбываўся на фоне абстрэлаў. Але пра яго, як мне падалося, пісалі больш, чым пра тое, што да гэтага Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з Зяленскім.

І я думаю, што ўкраінская рыторыка адносна Беларусі будзе змяняцца не толькі праз дзеянні Лукашэнкі, але і праз пазітыўныя кадравыя змены ва ўкраінскай палітыцы. Напрыклад, нядаўняе прызначэнне Яраслава Чарнагора амбасадарам па асаблівых даручэннях у пытаннях дэмакратычных пераўтварэнняў, узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі непрыязных краін таксама паўплывае на тое, як Украіна будзе будаваць сваю палітыку ў беларускім напрамку, бо Яраслаў мае вялікі экспертны досвед и кантакты ў гэтай сферы.

Згодна з апытаннем Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, праведзенага восенню 2025 года, беларусы застаюцца адной з самых «дыстанцыяваных» груп ва ўспрыманні ўкраінцаў. Прычым стаўленне да жыхароў Беларусі прыкметна горшае, чым да беларусаў, якія жывуць у самой Украіне.

На пытанне, як можна змяніць стаўленне ўкраінцаў да беларусаў, студэнтка адказвае, што значную ролю ў гэтым адыгрываюць беларусы, якія працягваюць жыць ва Украіне.

— Мы мала сочым за тым, што робяць беларусы за мяжой. Таксама ўкраінцы не шмат цікавяцца знешняй палітыкай — падчас вайны гэта натуральна. Пры гэтым я, напрыклад, сачу за дзейнасцю беларускіх супольнасцяў ва Украіне. І хаця беларусаў тут цяпер няшмат, яны застаюцца вельмі актыўнымі.

Думаю, што дзеля змены стаўлення беларусам таксама трэба праводзіць мерапрыемствы і публічныя ініцыятывы менавіта ва Украіне — прычым яны мусяць быць даступнымі шырокай аўдыторыі. Розныя форумы — гэта добра, але простыя грамадзяне амаль не маюць да іх доступу.

«Украіна дэманструе, што Лукашэнку не ўдасца так проста дасягнуць уласных палітычных і эканамічных інтарэсаў нават пры падтрымцы ЗША»

— Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну стала зразумела, што ўкраінцы не так шмат ведаюць пра Беларусь, — кажа Павел Радзь, аналітык Праграмы расейскіх і беларускіх студый Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма». — Таму частка ўкраінскага грамадства і ўкраінскай экспертнай супольнасці, якія адсочваюць падзеі ў Беларусі і добра разумеюць, чым займаюцца беларускія дэмакратычныя сілы, успрынялі візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну даволі пазітыўна.

Павел Радзь. Фота: старонка ў Facebook

— Гэты візіт стаў прыкметай змены падыходу Украіны да працы з беларускімі пытаннямі, бо ў мінулыя гады Украіна была даволі стрыманай у наладжванні кантактаў з беларускімі дэмсіламі.

Тыя ж людзі, якія не зусім у курсе, што адбываецца ў Беларусі, успрынялі візіт Ціханоўскай даволі скептычна. Хтосьці не разумеў, чаму яна прыехала, і якая ад гэтага карысць. Хтосьці прыгадаў даўнія абвінавачанні пра тое, што, маўляў, яна ў 2020 годзе не змагла выразна адказаць, чый Крым. Або яшчэ нейкія моманты, якія насамрэч ужо даўным-даўно не актуальныя, але чамусьці ў памяці пэўнай часткі ўкраінцаў усё ж такі засталіся.

Таму цяпер задача беларускай і ўкраінскай экспертнай супольнасці — пашыраць кола людзей, якія добра разумеюць сітуацыю ў Беларусі, а таксама распаўсюджваць разуменне, што беларускія дэмсілы і Святлана Ціханоўская ў прыватнасці вельмі моцна адрозніваюцца ад таго, як яны выглядалі ў 2020 годзе. І насамрэч яны з'яўляюцца саюзнікамі і партнёрамі Украіны.

Людзі, якія працуюць ва Украіне з беларускай тэмай, працягвае Павел, разумелі патрэбу візіту Ціханоўскай і яго патэнцыйную карысць.

— Першая прычына — прагматычная і даволі кароткатэрміновая — гэта рычаг ціску на рэжым Лукашэнкі. Мы бачым, што апошнім часам Украіна змяніла танальнасць рыторыкі. Яна стала больш жорсткай. Украіна пачала ў пэўнай ступені нават пагражаць рэжыму Лукашэнкі, кажучы, што з боку Беларусі могуць існаваць пэўныя пагрозы для бяспекі Украіны.

Далей трэба сказаць пра больш шырокія геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца вакол Беларусі. Дзярждэпартамент ЗША накіраваў лісты ў Польшчу, Украіну і Літву адносна аднаўлення транзіту беларускага калію. Адпаведна, Украіна, павышаючы стаўкі ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі, дэманструе ЗША і Мінску, што Лукашэнку не ўдасца так проста дасягнуць уласных палітычных і эканамічных інтарэсаў нават пры падтрымцы ЗША, і што Украіна не будзе гатовая так проста ісці на нейкія саступкі толькі таму, што гэтага просяць знешнія актары.

Другая прычына ў тым, што гэты візіт, спадзяюся, закладзе аснову для больш доўгатэрміновага і выразнага падыходу Украіны да працы на беларускім кірунку. Таму што на працягу фактычна ўсяго перыяду незалежнасці Украіны не было нейкай выразнай стратэгіі працы з Беларуссю. І ў канчатковым выніку гэта вылілася ў шэраг праблем, адной з якіх стаў саўдзел уладаў Беларусі ў расійскім уварванні.

Спадзяюся, украінскія чыноўнікі зразумеюць, што беларускія дэмакратычныя сілы — гэта адзін з магчымых каналаў камунікацыі з беларускім грамадствам. Як бы там ні было, агульнанацыянальны кансэнсус, які сфармаваўся ў Беларусі адносна няўдзелу ў вайне супраць Украіны ў любым фармаце, дапамагае стрымліваць Лукашэнку ад  магчымых паспешлівых і не надта абдуманых дзеянняў.

Задача Украіны — захоўваць гэты кансэнсус і паралельна паляпшаць свой імідж у вачах беларусаў для таго, каб у будучыні ствараць перадумовы для прымірэння паміж украінцамі і беларусамі і, адпаведна, фарміравання вобразу Украіны як натуральнага, цалкам прадказальнага і зразумелага партнёра і сябра для Беларусі.

Былі меркаванні, што раней Украіна была даволі стрымана ў сваіх адносінах з дэмсіламі Беларусі, бо баялася раззлаваць Лукашэнку. І што сустрэча са Святланай Ціханоўскай не адбывалася, каб не дапусціць большага ўдзела рэжыму Лукашэнкі ў вайне.

Цяпер Украіна кажа пра магчымасць новай агрэсіі з боку Беларусі, але пры гэтым вядзе больш жорсткую палітыку і, наадварот, запрашае Ціханоўску ў Кіеў. Што змянілася?

— Тут некалькі фактараў. Першы, як я ўжо згадваў, — гэта больш складаныя знешнепалітычныя працэсы вакол Беларусі, таму што Мінску ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў у кантэксце перамоваў са Злучанымі Штатамі. І цяпер уся гэтая гісторыя мае не толькі двухбаковае, але і рэгіянальнае вымярэнне.

ЗША таксама праводзяць кансультацыі і размовы з літоўскімі палітыкамі адносна магчымасці, напрыклад, аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў. Высветлілася, што падобныя сігналы накіроўваліся таксама Польшчы і Украіне.

Таму для Украіны гэта магчымасць узмацніць уласную суб'ектнасць, прадэманстраваць, што яна — актыўны гулец, і такім чынам засцерагчы сябе ад таго, каб нейкія пытанні, якія датычацца Беларусі, не вырашаліся без ведама ўкраінскай улады або на шкоду інтарэсам Украіны.

З іншага боку, гэта таксама стварае пэўныя перадумовы для таго, каб фармаваць рамку, напрыклад, пасляваеннага суіснавання з Беларуссю. Таму што рана ці позна расійска-ўкраінская вайна ў нейкім фармаце ўсё ж такі завершыцца.

Павышаючы стаўкі, Украіна дзейнічае з пазіцыі сілы і дэманструе, што менавіта Кіеў будзе задаваць тон у адносінах з афіцыйным Мінскам. І што рэжыму Лукашэнкі варта быць больш асцярожным і гатовым да таго, што Украіна не будзе ісці на сур'ёзныя саступкі так лёгка, як гэтага хацелася б беларускім чыноўнікам.

Ну і трэці момант — гэта падрыхтоўка да розных сцэнароў развіцця вайны. Зараз украінская ўлада кажа, што ўпершыню за некалькі месяцаў сфармаваліся пэўныя перадумовы для таго, каб завяршыць вайну дыпламатычным шляхам. У прыватнасці, пра гэта згадваў Кірыл Буданаў.

Ёсць пэўныя спадзяванні, што ўдары ў глыб расійскай тэрыторыі, знясіленне расійскай эканомікі і стварэнне праблем для Расіі ўсё ж такі зробяць вайну настолькі нявыгаднай, што ў канчатковым выніку Масква пагодзіцца на нейкі фармат спынення баявых дзеянняў.

І гэта часткова звязана з тым, пра што я казаў раней — з падрыхтоўкай да магчымых перамоваў і фармаваннем рамкі суіснавання з рэжымам Лукашэнкі. Я падкрэслю, што тут гаворка не ідзе пра вяртанне да 2021 года і пра адкат адносін назад або пра «перагортванне старонкі». Я думаю, што гэтага не будзе.

Другі магчымы сцэнар развіцця вайны — гэта сцэнар абвяшчэння ў Расіі масавай мабілізацыі, таму што такія асцярогі таксама існуюць. Абвяшчэнне мабілізацыі дазволіць РФ набраць дадатковыя 200-300 тысяч чалавек. Такое імклівае павялічэнне колькасці ўзброеных сіл азначае, што пэўная частка гэтых новамабілізаваных людзей можа быць перакінутая на новыя кірункі, у тым ліку на беларускі.

І такім чынам Украіна таксама, я думаю, загадзя робіць папярэджанне Лукашэнку, што не варта нават у выпадку такога сцэнару ісці на нейкія неабдуманыя і рызыкоўныя для яго дзеянні, таму што тады рэакцыя Украіны будзе імгненнай, і яна будзе значна больш жорсткай, чым тая, якая была ў 2022 годзе, калі Украіна ўстрымлівалася ад любых удараў па беларускай тэрыторыі, нягледзячы на тое, што менавіта з яе заходзілі расійскія войскі і расійская тэхніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)