«Сустрэча з Лукашэнкам была чыста фармальная, пра што сьведчыць і першая іранічная фраза Сі»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра мэту візіту правіцеля Беларусі ў Кітай.

– Дзьве вэрсіі дыскутаваліся вакол візыту Лукашэнкі ў Пэкін. Першая — ён паляцеў шукаць ратаваньня ў сувязі з эскаляцыяй адносінаў з Кіевам і імкненьнем Пуціна ўцягнуць яго ў вайну, – піша Навумчык. – Другая: ён павёз Сі паведамленьне ад Пуціна аб магчымым выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі — ці супраць Украіны, ці супраць краінаў NATO.

...Каб пракансультавацца аб прымяненьні ядзернай зброі, Пуціну не патрэбныя паслугі Лукашэнкі як пасланьніка ці кур’ера. І калі ўявіць, што ядзерны ўдар будзе наносіцца з тэрыторыі Беларусі (што цалкам верагодна), Лукашэнка даведаецца пра гэта за пяць хвілінаў да пуску ракет. У бункер ён, напэўна, спусьціцца пасьпее. А вось да аэрапорта дабрацца — сумняюся.

Сяргей Навумчык

Эскалацыя з Украінай накручвалася цягам тыдня, а візыты да кіраўніка супэрдзяржавы рыхтуюцца не за тыдзень і нават не за месяц.

Падавалася, што выпускны сына Лукашэнкі Мікалая ў пэкінскім унівэрсытэце спыніць вэрсіі — а вось жа, не.

Сытуацыя, найхутчэй, была такая. Пра выпускны, ясна, было вядома за паўгады, не наведаць яго Лукашэнка, зь ягоным стаўленьнем да малодшага сына, ясна, ня мог. Тады ж і быў заплянаваны візыт і абгавораная сустрэча з Сі — у кіраўніка Кітаю не было прычынаў не патраціць гадзіну-паўтары на сустрэчу з Лукашэнкам, чаму б і не сустрэцца.

Сустрэча чыста фармальная, пра што сьведчыць і першая іранічная фраза Сі — «Што, адразу зь Менску?» (меркаваць, што Сі ня ведаў, адкуль прыляцеў візаві — трэба альбо самому быць ідыётам, альбо лічыць такім Сі. Сі — не ідыёт).

Ну а словы пра «жалезнае сяброўства», «падтрымку сувэрэнітэту» — традыцыйныя фразы кітайскіх кіраўнікоў, якія даўно абралі стратэгію «мяккай сілы» і ў эканоміцы, і ў палітыцы.

Усё.

Дадам яшчэ, што калі б Пуцін і папярэдзіў Лукашэнку пра ядзерны ўдар з удзелам Беларусі, Лукашэнка б рэальна ўбачыў перад сабой браму пекла і вельмі хуткі ды непазьбежны ўласны фінал.

У такой сытуацыі можна дапусьціць, што ён паляцеў бы ратавацца ў Сі — але акрамя слоў пра «сувэрэнітэт» і «жалезнае сяброўства» мы б пачулі і што-небудзь вельмі акуратнае кшталту «недапушчальнасьці выкарыстаньня ядзернага арсэналу ў канфліктах».

Кітай сапраўды, тут трэба аддаць яму належнае, адрынае магчымасьць ядзернай агрэсіі і не дазваляе сабе лексыкі, якая зрабілася для крамлёўскай гопнікаў нормай паводзінаў.

А яшчэ варта дадаць: тое, што інфармацыя пра палёт Лукашэнкі на выпускны сына не прасачылася ні ў экспэртную супольнасьць, ні ў структуры тытульнай апазыцыі, — сьведчыць пра абсалютную гермэтычнаьць і МЗС, і структураў дзяржаўнага апарату.

У дэмакратычнай краіне, зразумела, гэта не было б сакрэтам (калі дапусьціць, што лідэр такой краіны скарыстаў бы для гэтага борт № 1). Ды і ў напалову дэмакратычных дзяржавах інфармацыя з самага верху разносілася імгненна — памятаю гэта па Беларусі пачатку 90-х.

І нават СССР ня быў выключэньнем: у сьнежні 1976-га тое, што са Швэйцарыі, дзе Карвалана абмянялі на Букоўскга, самалёт паляцеў не ў Маскву, а сеў у Менску і «таварыша Луча» даставілі ў Заслаўль, каб некалькі дзён падлячыць, — ведалі, здаецца, у кожнай другой сям’і партработнікаў, ва ўсякім разе я ў Віцебску даведаўся ад бацькі пра гэта на наступны дзень, калі ня ў той самы вечар.

Пры тым што гэта была сакрэтная апэрацыя, і афіцыйна пра прылёт Карвалана паведамілі толькі пасьля таго, як яго сьціснуў у абдымках Ленанід Ільіч, які атрымаў цудоўны жывы падарунак у дні свайго 70-годзьдзя.

І азначае ўсё гэта толькі тое, што цяперашні дзяржаўны апарат наскрозь кантралюецца спэцслужбамі, і канцэнтрацыя атмасфэры страху ў ім значна большая, чым у самім грамадзтве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(117)