Фотафакт. Былая палітзняволеная Наста Лойка ўпершыню пасля вызвалення пабачыла свайго сабаку

Пры затрыманні Насты сілавікі пагражалі забіць яго.

Фота Ірына Арахоўская

Пра гэта Наста Лойка напісала ў Інстаграме.

«Эрыку хутка 10 гадоў. Зараз ён пражывае сваё лепшае жыцьцё ў Чэхіі, у цудоўных людзей, з маляўнічымі прагулкамі па лясах, азёрах ды гарах.

Мы вырашылі не цягнуць яго да мяне ў Варшаву. Я чакаю на легалізацыю, праязны дакумэнт — і адразу паеду яго праведаць».

Паводле Насты, анлайн-сустрэчу арганізавала Ірына Арахоўская.

Менавіта Ірына знайшла людзей, якія забралі Эрыка, калі праваабаронца Наста Лойка апынулася за кратамі.

«Пост пра Эрыка тады набраў нейкія шалёныя рэакцыі. І былі прапановы ад абсалютна незнаёмых людзей забраць Эра ў Парыж, у Нямеччыну...Толькі ўсе гэтыя добрыя людзі не мелі вопыту з вялікім сабакам, — распавяла Ірына Арахоўская. — Ну і скажам так, Эр не самы просты звер. Яшчэ былі эмацыйныя прапановы, якія хутка знікалі...

Я была вельмі разгубленая ў той момант. І тады мне напісаў Янэк, які ведаў Насту і прапанаваў быць планам «Б». І паказаў месца, дзе яны жывуць. Шчыра, я сама захацела быць на месцы пса».

«Мне вельмі пашанцавала зь сяброўствам і сацыяльнай падтрымкай. Любоў і салідарнасьць сапраўды ратуюць сьвет», — адзначыла ў пасце Наста Лойка.

У красавіку 2023 года Наста напісала з калоніі развітальны ліст свайму сабаку, якога ўзяла з прытулку:

«Мне вельмі шкада, што мы з табой больш не пабачымся (табе ў ліпені будзе 7 гадоў, а я буду ў палоне гадоў 7-8). Я адчуваю віну, што не ўберагла сябе для цябе, што змагла прысвяціць табе нават менш за 5 гадоў.

Бывай, дарагі сабака. Ты — самае дарагое, што ў мяне было ў жыцці. Я буду любіць цябе заўжды».

Праваабаронца знаходзілася за кратамі з кастрычніка 2022 года. Ёй прысудзілі сем гадоў калоніі. 19 сакавіка Насту вызвалілі разам з групай палітзняволеных і вывезлі ў Вільню. Зараз яна знаходзіцца ў Варшаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)