Што ААН хоча выправіць на мапе свету, і як гэта адаб’ецца на Беларусі
Калі палітыкі цікавяцца мапамі, то гэта першая прыкмета, што трэба праверыць тэрміны прыдатнасці кансерваў у бункеры. У тым сэнсе, што мапы заўжды адлюстроўваюць сацыяльныя і палітычныя зрухі. Культменеджэр і гісторык Ілля Андрэеў адмыслова для «Салідарнасці» тлумачыць магчымыя наступствы «перагляду» мапы свету згодна з рэзалюцыяй ААН Correct the Map.

Калі коратка – пакуль можна выдыхаць. Але, калі вам цікава пра ролю мапаў і сілу іх уплыву, раскладваем па палічках.
Навіна аб новай, «правільнай» або «карэктнай» мапе хутка абляцела СМІ, якія шукалі глабальны падтэкст або палітычную падаплёку, але, здаецца, не знайшлі. Таму можна было даведацца пра праекцыю Меркатара, пра самога Меркатара, яго мапы і атласы.
Галоўная мэта «Правільнай мапы» – паказаць афрыканскі кантынент у яго праўдзівым памеры. Ён сапраўды становіцца крыху большым, чым на мапах Меркатара, і зусім крыху большым, чым на мапах іншых, больш дакладных праекцый, якія і так даволі шырока выкарыстоўваюцца. Сама рэзалюцыя мае рэкамендацыйны характар – перадусім для дзяржаўных, акадэмічных, адукацыйных структур і нават глабальных тэхналагічных платформаў.
Для пачатку трэба замірыцца з тым, што ідэальнай картаграфічнай праекцыі не існуе. На працягу гісторыі даводзілася выбіраць пэўную плоскую мадэль паверхні круглай планеты – у адпаведнасці з патрэбамі. Праекцыя, распрацаваная Меркатарам у XVI стагоддзі, стала адной з найбольш распаўсюджаных. Але сама па сабе гэта мадэль сёння ўжо не такая неабходная.
«Стрэліла» менавіта меркатараўская раскладка таму, што з улікам тагачасных ведаў і інструментаў яна дазваляла адзначаць умоўна прамы маршрут на мапе. Асабліва зручна гэта было на працяглых марскіх дыстанцыях: вы плывяце па кірунку компаса і можаце (дастаткова прыблізна) адзначаць свой маршрут на мапе.
Пры гэтым праекцыя Меркатара моцна дэфармавала памеры тэрыторый: па меры аддалення ад экватара паверхня «пашыраецца». Падобна таму, як калі б мы расцягнулі мяч на пусты цыліндр: зверху і знізу цыліндра мяч быў бы расцягнуты найбольш.
Згадваеце Грэнландыю на мапе? Вось яна знаходзіцца ў паўночных шыротах і таму вельмі расцягнутая. На мапах яна выглядае супастаўнай з Аўстраліяй і нават Афрыкай. Дык вось: па плошчы Грэнландыя прыкладна ў 3 з паловай разы меншая за Аўстралію і ў 14 разоў – за Афрыку.
Карацей, праз доўгі час мы ўжо забыліся пра тую першапачатковую зручнасць, але амаль усіх надалей задавальняла такая карціна свету.
А што ўласна зараз адбылося ў зялёных сценах ААН? Чаму «стрэліла» іншая ідэя?
Праекцыя Equal Earth прадугледжвае захаванне на мапе рэальных суадносінаў плошчаў кантынентаў. Гэта не навуковае адкрыццё – такія праекцыі даўно вядомыя.
Ініцыятарам пашырэння «Правільнай мапы» і надання ёй пэўнай перавагі над іншымі праекцыямі былі афрыканскія дзяржавы. На пасяджэнні рэзалюцыю прадстаўляў Тога, а ў самім дакуменце асобна згадваецца ініцыятыва Афрыканскага саюза Correcting the map of Africa on the globe.
У пошуку той самай палітычнай падаплёкі цікава адзначыць фактары, якія паставілі пад сумнеў традыцыйную і звыклую мадэль Меркатара. І гэта выключна пра каштоўнасныя катэгорыі.
У рэзалюцыі гаворыцца, што картаграфічныя выявы аказваюць доўгатэрміновы ўплыў на ўспрыманне і разуменне тэрытарыяльных рэалій у глабальным маштабе, картаграфічныя скажэнні памераў кантынентаў, успадкаваныя з мінулага, спрыялі іх няправільнаму ўспрыманню і, у прыватнасці, прывялі да сімвалічнага памяншэння значэння Афрыкі ў калектыўнай свядомасці і сістэмах ведаў.
Яшчэ адна фармулёўка: меркатараўскае скажэнне спрыяе заніжэнню ўяўленняў пра памеры Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Паўднёвай Азіі і замацаванню незбалансаванага ўяўлення пра свет.
І самае моцнае: выпраўленне картаграфічных скажэнняў памераў кантынентаў з'яўляецца актам аднаўлення кагнітыўнай справядлівасці і кампенсацыі нанесенай шкоды..., які спрыяе распаўсюджванню дакладных геаграфічных ведаў, гістарычнай праўды, адукацыі і ўзаемаразумення паміж народамі.
Спіс, насамрэч, вельмі доўгі.
З гэтага «гімна гуманізму і гістарычнай справядлівасці» вынікае, што па сутнасці перад намі акт (дзея) дэкаланізацыі геаграфічных уяўленняў. У першую чаргу гучыць тэма Афрыкі, а таксама Лацінскай Амерыкі. Пры гэтым само выпраўленне мапы названа «кагнітыўнай справядлівасцю» і «мемарыяльнай рэпарацыяй».
І што зрэшты прапануецца?
Згодна з рэзалюцыяй, дзяржавам, міжнародным арганізацыям і іншым адпаведным структурам прапануецца ўкараняць, распаўсюджваць і выкарыстоўваць правільную праекцыю. А глабальным тэхналагічным платформам прапануецца ўступіць у канструктыўны дыялог» з дзяржавамі і рэгіянальнымі арганізацыямі дзеля больш дакладнага картаграфічнага адлюстравання, у тым ліку з выкарыстаннем Equal Earth.
Спіс прапаноў не меншы, чым пералік аргументаў. Але ўсе яны маюць рэкамендацыйны характар. Таму пытанне, наколькі гэта ўвогуле працоўны праект і наколькі шырока ён распаўсюдзіцца. Тым больш ЗША прагаласавалі супраць.
Не менш цікавым ад рэзалюцыі выявілася тое, як праходзіла само пасяджэнне. І прыхільнікі, і скептыкі падкрэслівалі: рэзалюцыя «не тычыцца дэлімітацыі, размежавання, статусу або прызнання межаў» і не павінна інтэрпрэтавацца як выяўленне якой-небудзь палітычнай, прававой або тэрытарыяльнай пазіцыі.
Мэта, паводле ініцыятараў, выключна картаграфічная, навуковая і адукацыйная – змяніць уяўленне пра адносныя памеры кантынентаў. Гэта патрабавалі ўносіць у пратакол і на гэтых умовах і прагаласавалі.
Але з мапамі так не бывае – гэта заўжды геаграфія і крыху тэалогіі, палітыкі, экспансіі і г.д. Інтэрпрэтацыі мапы і ўзаемныя пікіроўкі на пасяджэнні дэлегатаў гэта толькі пацвердзілі.
ЗША выказаліся першымі – рэзка і досыць коратка. Маўляў, замест таго, каб засяродзіцца на рэальных праблемах, гэты орган абмяркоўвае праекты карт XVI стагоддзя і іх ролю ў прасоўванні рэпарацый і кагнітыўнай справядлівасці.
Гучыць добра, але, вядома, якая геаграфічная рэчаіснасць зараз у ЗША: яна ўваходзіць ва ўсё большыя спрэчкі з «картаграфічным кансэнсусам» астатняга свету, ды і каланіяльнае мінулае ў Штатаў таксама не простае. Яшчэ кагнітыўная справядлівасць, куды не йшло, а вось мемарыяльныя рэпарацыі – першы крок да матэрыяльных.
Як вынік – менавіта ЗША выказаліся супраць. Прычым гэта была адзіная краіна, якая не падтрымала рэзалюцыю.
Другімі выступалі ўкраінцы. На мапе Equal Earth Крым паказаны нейтральным шэрым колерам, і прадстаўнік Украіны заявіў, што гэта стварае праблему: выпраўляючы наступствы каланіялізму ў Афрыцы, мы адначасова можам зафіксаваць на мапе Крым не як украінскую тэрыторыю. Тон быў пратэсны, але, цікава,Украіна не прагаласавала супраць, а толькі ўстрымалася.

Вялікабрытанія, у сваю чаргу, таксама ўказала на праблему. Яе прадстаўнік заявіў, што не лічыць картаграфічныя праекцыі самі па сабе гістарычнай несправядлівасцю, якая патрабуе выпраўлення праз ААН.
А далей – максімальна канкрэтна: «Крым – гэта Украіна. Расія ўварвалася ў Крым, спроба яго анексіі з'яўляецца незаконнай, і Вялікая Брытанія не прызнае прэтэнзіі Расіі ні на Крым, ні на любую іншую ўкраінскую тэрыторыю. Пры гэтым Лондан асобна падкрэсліў: сама рэзалюцыя не вызначае пытанні суверэнітэту, статусу тэрыторый або міжнародна прызнаных межаў».
Што кепска адным, то добра іншым. Расійская прадстаўніца не змагла стрымаць радасці за афрыканскія краіны. І не важна, што самой РФ на такой мапе будзе менш – візуальна ледзь не ўдвая, – і яна стане значна больш «паўночнай» (а сам свет хіба больш паўднёвым і гарачым).
Тут да месца працытаваць расійскаю дэлегатку. Цвёрда і без падказак было сказана, што Расія «паслядоўна выступае за пераадоленне спадчыны каланіялізму і падтрымлівае барацьбу з практыкай неакаланіялізму». Мяркуючы па сітуацыі, падрыхтоўка да гэтага ідзе актыўна. І аддаць належнае – расіяне любяць размах і ніколі не шукаюць лёгкіх шляхоў. Таму можна толькі пажадаць нашай суседцы з далёкай поўначы ўдачы.

Беларусь рэзалюцыю таксама падтрымала. На «Правільнай мапе» контур Беларусі выглядае крыху інакш, чым мы прызвычаіліся, – злёгку выцягнуты, але, як і раней, пазнавальны.
Контур дзяржавы заўжды застаецца адным з нефармальных, але даволі ўстойлівых сімвалаў краіны. Цікавы эфект: большасць дзяржаў па адным толькі абрысе, напэўна, могуць пазнаць перадусім іх уласныя грамадзяне. Вядома, калі гэта не Італія або, напрыклад, Чылі.
Контур Беларусі даволі папулярны ды запатрабаваны і на эміграцыі, і ўнутры краіны – у біжутэрыі, сувенірах і самых розных іншых рэчах. Гэты контур заняў месца серпа і молата на савецкім гербе БССР і зараз «красуецца» на гербе Рэспублікі Беларусь, а таксама на грошах і іншых атрыбутах улады.
Нават у архітэктуры ёсць такі прыклад – праект новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, калі на яго паглядзець зверху, будзе мець контуры Беларусі. Парадны ўваход у музей – «з боку Украіны». Пакуль аб гэтым сімвалізме рана казаць, хутчэй такое размяшчэнне будынка больш натуральнае.
Тым не менш, калі «Правільная мапа» сапраўды ўвойдзе ва ўжытак, спатрэбіцца нямала часу, каб гэты крыху зменены сімвал увайшоў у жыццё. Калі, вядома, мы будзем паспяваць за зменлівым светам. Бо і паўночная арыентацыя мапаў, чаго добрага, таксама можа быць інтэрпрэтаваная як спадчына еўрапейскай навуковай традыцыі і, у пэўнай меры, каланізацыі.


Але гэта ўсё спробы пажартаваць з геапалітычных праблем, ад якіх жывым людзям ужо проста невыносна. Таму для справядлівасці адзначым, што ўсё ж такі гэтае рашэнне хутчэй з той самай палічкі, што і аб «неразлучнасці» крышачак з пластыкавымі бутэлькамі.
Верагодна, ніхто – і ў першую чаргу глабальныя тэхналагічныя платформы – нават не зверне на гэта ўвагі, у лепшым выпадку зробяць лакальныя налады. Спецыяльна створаная старонка для Правільнай мапы, а таксама шэрагу іншых мап, якія адрозніваюцца ўсемагчымымі спосабамі ад звыклых, нагрэе кішэню не на адзін мільён.
Мапа, вядома, закранула палітычныя межы і выклікала ўзаемныя абвінавачванні, але і без яе нагод болей чым дастаткова. Тым не менш здаецца, што СМІ, пішучы пра гэтую «Правільную мапу», адчулі нешта недасказанае, але так і не знайшлі. Хоць гэта ўніверсальны кейс, вельмі характэрны для мапаў увогуле.
Мапам уласціва «перацяканне» зместу ў сэнсы, незалежна ад гістарычнай сітуацыі і эпохі.
На мапах Сярэднявечча мы бачым рэчаіснасць такой, якой яна і была – поўнай цудаў і таямніц, – і, вядома, у межах геаграфічных канонаў Святога Пісання, з цэнтрам у Іерусаліме і з Хрыстом, якія гатовы ўсё дараваць гэтаму свету.
У Новы час ствараем Атлас Пталамея пад патранатам Папскага прастола – каб нарэшце разабрацца з усімі гэтымі «разумнікамі-астраномамі» і неяк прывесці яго ў згоду са Святым Пісаннем. Але заадно зафіксуем падзел калоній паміж Гішпаніяй і Партугаліяй.
У часы канкурэнцыі нацыянальных наратываў мапы застаюцца геаграфічнымі, але мы бясконца спрачаемся, праз чыю абсерваторыю – а значыць, праз якую краіну – правесці нулявы мерыдыян.
Так і зараз. З аднаго боку, у рэзалюцыі некалькі разоў падкрэсліваецца, што яна не мае ніякага ўплыву на пытанні суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, дзяржаўных межаў і г.д. А з іншага – мы прызнаём, што папярэднія мапы былі несправядлівымі і патрабуюць перагляду. З аднаго боку, «не тычыцца межаў», з іншага – «нейтральны шэры».
І вось гэта, здаецца, і ёсць тое няўлоўнае і недасказанае ў гісторыі з Correct the Map.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное