«Нямецкае грамадства можа вучыцца на беларускім досведзе»
У Гановеры прайшла сустрэча, якую арганізавалі нямецкі прафсаюз IG BCE і Асацыяцыя Salidarnast e.V. (заснавана прафсаюзнымі лідарамі і актывістамі з Беларусі, якія вымушана пакінулі краіну – С.). Яна была прысвечана палітычным рэпрэсіям у Беларусі, зняволеным прафсаюзным актывістам і ролі міжнароднай салідарнасці.

У каментарыi «Cалiдарнасцi» намеснiк старшынi Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевiч адзначыў, што на сустрэчы галоўным спiкерам быў старшыня БКДП, член Адмiнiстратыўнага савету Мiжнароднай арганiзацыi працы Аляксандр Ярашук, якi год таму быў вызвалены з турмы.
– Аднак у першую чаргу мы гаварылi пра тое, што сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца больш за 800 палітычных зняволеных, i 20 з іх – нашы калегi, прафсаюзныя лідары і актывісты. I, зразумела, мы прадпрымаем усе магчымыя намаганнi, каб яны як мага хутчэй выйшлi на свабоду.
У свой час нямецкі прафсаюз IG BCE шмат працаваў не толькi з незалежнымi прафсаюзамi Беларусi, але i з Федэрацыяй прафсаюзаў. Канешне, тады, калi шчэ была надзея, что ФПБ будзе займацца рэальнай прафсаюзнай працай, а не стане часткай дзяржаўнай машыны, поўнасцю ёй падкантрольнай. Тады нямецкi вопыт у абароне правоў працоўных быў выкарыстаны ў беларускiм заканадаўстве. На жаль, зараз усё гэта кардынальна парушана.
Выступаючы на сустрэчы, Аляксандр Ярашук падкрэсліў значэнне міжнароднай прафсаюзнай салідарнасці і заклікаў: «Сілы дабра павінны аб’яднацца гэтак жа, як аб’ядноўваюцца сілы зла. І тады мы абавязкова пераможам». Лідар БКДП перакананы, што у свеце сацыяльнай несправядлівасці незалежныя прафсаюзы неабходныя як інструмент абароны правоў і інтарэсаў работнікаў.
Намесніца старшыні IG BCE Біргіт Бірманн запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Асобна яна адзначыла працу беларускіх прафсаюзных актывістаў па захаванні незалежнага прафсаюзнага руху і падкрэсліла важнасць падтрымкі беларускіх калег з боку нямецкіх прафсаюзаў.
Таксама адбылася дыскусія з удзелам міжнароднага сакратара IG BCE Ханэса Кюна, старшынi DGB (буйнейшае аб’яднанне нямецкiх прафсаюзаў – С.) у Ніжняй Саксоніі і Саксоніі-Ангальт Эрнэста Хардэра і Аляксандра Ярашука. Старшыня БКДП распавёў пра ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных у Беларусі: адміністрацыя месцаў пазбаўлення волі ставіцца да людзей, асуджаных за цяжкія крымінальныя злачынствы, лепш, чым да палітычных зняволеных.
Эрнэста Хардэр падкрэсліў, што БКДП і Salidarnast працягваюць рабіць усё магчымае дзеля вызвалення палітычных зняволеных. Асобна ён звярнуў увагу на маштаб дзейнасці беларускіх прафсаюзных актывістаў: нягледзячы на невялікі памер арганізацыі, яна вядзе міжнародную працу і прадстаўляе праблемы беларускага незалежнага прафсаюзнага руху на міжнародных пляцоўках.
Хардэр адзначыў, што гісторыя не паўтараецца літаральна, і сённяшнюю Германію нельга параўноўваць з Веймарскай Германіяй 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Аднак, паводле яго словаў, нямецкае грамадства можа вучыцца на беларускім досведзе. Ён падкрэсліў, што свабода патрабуе пастаяннай працы, а прафсаюзы і грамадзянская супольнасць павінны выкарыстоўваць усе даступныя інструменты для яе абароны — ад грамадскай мабілізацыі да міжнародных механізмаў, у тым ліку на ўзроўні ААН.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное